Скарбы Беларусі - пад адной вокладкай

01.02.2008
"Звязда", 1 февраля 2008 г.


Учора ў Нацыянальным мастацкiм музеi адбылася прэзентацыя альбома журналiстаў Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Аляксеева i Алега Лукашэвiча "Спадчына Беларусi. Скарбы". Акрамя таго, у сценах музея для наведвальнiкаў разгорнута экспазiцыя - фатаздымкi з прадстаўленага альбома.
Альбом стаў лагiчным працягам мастацкага праекта "Спадчына Беларусi", якi пачаўся яшчэ ў 2004 годзе. Яго падтрымку забяспечвалi сумесна Белтэлерадыёкампанiя, а таксама мiнiстэрствы культуры i iнфармацыi. Тады было надрукавана 8 перавыданняў першага фотаальбома, агульным накладам у 26 500 асобнiкаў - гэта рэкорд у беларускiм кнiгавыдавецтве. Упершыню за 14 гадоў на рэспублiканскiм конкурсе "Мастацтва кнiгi" вышэйшую ўзнагароду - Дыплом Францыска Скарыны - атрымаў менавiта мастацкi альбом "Спадчына Беларусi. Скарбы". У студзенi 2005 года аўтары альбома былi ўдастоены прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнкi "За духоўнае адраджэнне".
...Праца над цяперашнiм выданнем у 320 старонак працягвалася амаль 4 гады. Журналiсты Аляксандр Аляксееў i Алег Лукашэвiч ўпершыню прадставiлi выявы амаль усiх найкаштоўнейшых вырабаў з золата i срэбра, якiя з'яўляюцца нацыянальнай спадчынай Беларусi i захоўваюцца на тэрыторыi нашай краiны - у музейных фондах, а таксама ў праваслаўных i каталiцкiх прыходах. Падобная фотапрэзентацыя твораў ювелiрнага мастацтва адбылася ў Беларусi ўпершыню. Дарэчы, сваё блаславенне на ажыццяўленне праекта "Спадчына Беларусi. Скарбы" аўтарам альбома далi Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi i Кардынал Казiмiр Свёнтак.

Вiкторыя ЗАХАРАВА.