Што такое пібімпап, або мастацтва кулінарыі як дыпламатыя

20.03.2013
"Рэспубліка", 16 марта 2013 г.

 
Прэм'еру новага арыгінальнага праекта рыхтуе тэлеканал "Беларусь 1". Нішто так не аб'ядноўвае людзей, як сумесная трапеза, упэўнены стваральнікі новага шоу і запрашаюць тэлегледачоў кожную нядзелю, пачынаючы з 24 сакавіка, у 11.25 разам з вядучым Максімам Таборавым здзейсніць займальнае кулінарнае падарожжа.
Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, новая праграма "Кулінарная дыпламатыя" ў адрозненне ад многіх так званых кулінарных шоу акцэнтуе ўвагу гледача не столькі на гатаванні канкрэтнай стравы, колькі на асобе запрошанага госця і асаблівасцях той краіны, якую ён прадстаўляе. Гэта абумоўлена статусам запрошаных гасцей, большасць з якіх з'яўляюцца членамі Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў.
- Для мяне прыемнай нечаканасцю стала тое, што жонкі дыпламатаў любяць і ўмеюць гатаваць. Я быў упэўнены, што яны жывуць нейкім асаблівым прывілейным жыццём і гатуюць для іх у пасольствах спецыяльна навучаныя кухары. Але аказалася, што гэта звычайныя жанчыны, якія з задавальненнем займаюцца кулінарыяй, валодаюць рэцэптамі і сакрэтамі гатавання нацыянальных страў сваёй краіны, ведаюць прыхільнасці сваіх мужоў і спрабуюць ім у гэтым дагадзіць, - распавядае прадзюсар праграмы Сяргей Кацьер. - Больш за тое, рэцэпты нашых гераінь мяне ўразілі сваёй вытанчанасцю, незвычайнасцю, нацыянальным каларытам.
Першы выпуск праграмы "Кулінарная дыпламатыя" пазнаёміць тэлегледачоў з Краінай ранішняй свежасці, жыхароў якой параўноўваюць з белымі лебедзямі, а ежу лічаць адной з самых карысных у свеце, - Паўднёвай Карэяй. Гідам у гэтым вандраванні і гаспадыняй на кухні праграмы стане жонка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Карэі. Яна навучыць тэлегледачоў гатаваць традыцыйную карэйскую страву пібімпап, якая не толькі адлюстроўвае карэйскі вобраз мыслення і культуру, але і з'яўляецца сімвалам гармоніі, непадзельнасці і адзінства гэтай краіны.
У бліжэйшых выпусках праграмы тэлегледачы даведаюцца аб тым, што падаюць да стала ў Іране - адной з самых старажытных дзяржаў на Зямлі, дзе антычнасць суседнічае з сучаснасцю, а таксама пазнаёмяцца з Арменіяй - краінай з багатай гісторыяй, чыя кухня з'яўляецца адной з найстарэйшых у Азіі і самай старажытнай у Закаўказзі.

Ірына СВІРКО, "Р".