Шоу пачынаецца!

13.05.2013
"Звязда", 13 мая 2013 г.


Сёння ўвечары адбудзецца першы паўфінал 58-га міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне". Прадстаўніца Беларусі Алена Ланская з песняй "Sоlауоh" выйдзе на сцэну "Мальмё-Арэны" пад нумарам 11, які сама спявачка лічыць для сябе шчаслівым.
Дарэчы, якраз 11 мая ў Мальмё прайшла беларуская вечарынка, дзе былі прэзентаваны ажно 6 рэміксаў конкурснай песні Алены, а таксама гучалі песні беларускіх удзельнікаў "Еўрабачання" мінулых гадоў. Планавалася, што ганаровым госцем вечарынкі стане нарвежац беларускага паходжання, пераможца "Еўрабачання-2009" Аляксандр Рыбак, але з-за хваробы артыст вымушаны быў прапусціць гэтую падзею. Тым не менш, цёплыя пажаданні і словы падтрымкі спявачцы ён перадаў.
Артыстка і яе каманда колькасцю амаль у 30 чалавек лічаць, што падрыхтаваліся да гэтага выступлення настолькі добра, наколькі ўвогуле былі здольныя. "Калі першай рэпетыцыяй мы былі задаволены працэнтаў на 70 (у нас узніклі пытанні па гуку і здымках нумара), то пад канец другой рэпетыцыі нумар выглядаў амаль на ўсе 100, - расказаў прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў. - Спадзяюся, што 14 мая хваляванне не падвядзе і атрымаецца як мінімум не горш".
Нагадаем, у адным паўфінале з беларускай удзельніцай спаборнічаць за пуцёўкі ў фінал будуць прадстаўнікі Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Ірландыі, Кіпра, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чарнагорыі і Эстоніі. Трансліруюць першы паўфінал і галасуюць у ім, акрамя пералічаных, удзельнікі "вялікай пяцёркі" арганізатараў Вялікабрытанія і Італія і пераможца мінулага года Швецыя. Гледачам і суддзям менавіта з гэтых краін канкурсантам трэба спадабацца настолькі, каб трапіць у выніку ў першую шчаслівую дзясятку фіналістаў.

Чым уразім

На сцэну Алена Ланская выйдзе з вялізнага бліскучага дыскабола - гэты шар якраз і сімвалізуе фантастычную планету Sоlауоh, аб якой ідзе гаворка ў песні. Блакітныя вочы і светлыя валасы спявачкі выгадна падкрэсліць падабраная грэчаскім стылістам сукенка металічна-блакітных колераў. Паводле афіцыйнай версіі, сукенка ўпрыгожана 70 тысячамі(!) крысталаў Свароўскі. Але, як жартуе беларуская каманда, падлічыць усе крысталы да апошняга пакуль што ні ў каго з іх не атрымалася, таму застаецца верыць на слова.
Дадатковых фарбаў і эфектнасці нумару павінны дадаць святлодыёдныя бубны, у якія б'юць танцоры, і адмыслова падабраная піратэхніка: салюты ды феерверк. Паводле водгукаў замежных журналістаў і фанатаў конкурсу, якія сочаць за "Еўрабачаннем" у Швецыі, з такой пастаноўкай Беларусь сёлета ўпэўнена выйдзе ў фінал.

Што пакажуць канкурэнты

Сапернікі беларускай артысткі таксама не спяць у шапку, нароўні з бясконцымі вакальнымі практыкаваннямі рыхтуючы ўсялякія запамінальныя "фішкі" для сваіх нумароў.
Напрыклад, для нумара ўкраінкі Златы Агневіч пастаноўшчыкі выпісалі з ЗША самага высокага чалавека гэтай краіны, народжанага ўкраінца Ігара Ваўкавінскага. Яго рост, зафіксаваны ў Кнізе рэкордаў Гінэса - 234 см, у той час як рост самой артысткі ўсяго 165 см. Кантраст, пагадзіцеся, уражвае. Дарэчы, Іну (гэта сапраўднае імя спявачкі) у кулуарах конкурсу называюць самай прыгожай удзельніцай "Еўрабачання-2013", што, безумоўна, крыўдна для астатніх артыстак, затое дадае ўпэўненасці ёй самой.

Прадстаўніца Расіі, пераможца тэлешоу "Голас" Дзіна Гарыпава бярэ прыклад з папярэдніх пераможцаў "Еўрабачання". Яе нумар збудаваны на тым, што ўсё сапраўды эфектнае - проста. Таму, акрамя самой Дзіны і бэк-вакалістаў, на сцэне будзе толькі мноства круглых ліхтароў; асноўная ж стаўка зроблена на кранальны і моцны вакал дзяўчыны. Дарэчы, у папярэднім галасаванні прэс-цэнтра расіянцы прагназуюць 2-е месца ў гэтым паўфінале.

Гурт з Харватыі ў складзе 6 суровых мужчын выйдзе на сцэну ў рыцарскіх касцюмах і амаль не будзе рухацца падчас песні, робячы стаўку на акапэльнае выкананне.

Фаварыткай сёлетняга "Еўрабачання" па-ранейшаму застаецца канкурсантка з Даніі Эмелі дэ Форэст. У яе песню прыгожа ўплецены этнічныя матывы, а эфектнасці выступленню дадаюць два барабаншчыкі, якія маршыруюць, і піратэхнічныя "фішкі".

Задача перад беларускай артысткай стаіць няпростая яшчэ і таму, што з 16 удзельнікаў першага паўфіналу 11 - дзяўчаты (сольныя выканаўцы або калектывы). Вочы разбягаюцца сярод такога кветніку. Таму шчыра пажадаем Алене Ланской парадаваць, нарэшце, суайчыннікаў выхадам Беларусі ў фінал "Еўрабачання". Нагадаем, прамая трансляцыя першага паўфіналу конкурсу на каналах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пачнецца сёння а 22 гадзіне.

Вікторыя ЗАХАРАВА.