Шчырасць, імпэт і касцюм ад Армані

30.11.2013
"Звязда", 30 лістапада 2013 г.

 
Усё гэта прадэманструе сёння беларускі ўдзельнік дзіцячага "Еўрабачання-2013".
Сёння ў Кіеве адбудзецца фінал 11-га міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013". Беларускі ўдзельнік Ілья Волкаў з балетам Maxі Brіz выйдзе на сцэну, каб выканаць сваю песню "Спявай са мной", пад нумарам 7. Усяго ж у конкурсе сёлета ўдзельнічаюць 12 краін: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Македонія, Малдова, Мальта, Нідэрланды, Расія, Сан-Марына, Украіна і Швецыя. Адкрые дзіцячае "Еўрабачанне" прадстаўнік Швецыі Эліяс Эльфаш Эльфстрэм, апошняй з удзельнікаў выступіць расіянка Даяна Кірылава.
Юных артыстаў падтрымаюць на сцэне спецыяльныя госці шоу - пераможца леташняга дзіцячага конкурсу Анастасія Петрык, трыумфатарка "Еўрабачання-2013" Эмілі ды Форэст з Даніі і пераможца "Еўрабачання-2004" Руслана, якая выступіць разам з дзіцячым хорам.
Традыцыйна дзіцячы конкурс, у адрозненне ад дарослага, мае характар не столькі спаборніцтва, колькі вялікага свята: удзельнікі знаёмяцца і сябруюць, абавязкова развучваюць агульную песню, разам выступаюць на вечарынках, ездзяць на экскурсіі і г.д. Хоць, безумоўна, падтрымліваючы іншых артыстаў, кожны не забываецца і сябе паказаць. Наш Ілья, напрыклад, парадаваў новых сяброў і гасцей форуму бліскучым выкананнем бальных танцаў. Але і пра галоўную сваю задачу юны артыст не забываецца і, паводле слоў кіраўніка беларускай дэлегацыі, прадзюсара тэлеканала "Беларусь 2" Людмілы Барадзіной, падыходзіць да яе вельмі адказна. На час конкурсу хлопчык адмовіўся ад ужывання шкодных для голасу газіроўкі, чыпсаў і нават свайго любімага шакаладу, шмат рэпеціруе і выконвае ўсе парады ўрача-фаніятара...
Вынік доўгай і напружанай працы беларускай каманды мы ўбачым ужо сёння ўвечары. Прамую трансляцыю з Кіева будуць весці тэлеканал "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Каментуе конкурс сёлета спецыяльны карэспандэнт аддзела замежнай інфармацыі агенцтва тэленавін Анатоль Ліпецкі, а балы, якія выставіць удзельнікам дзіцячага "Еўрабачання-2013" наша краіна, абвесціць сямікласніца са сталічнай гімназіі № 24 Аляксандра Ткач.

Верыць у сябе

- А вы на які вынік настроены? - спыталі мы ў людзей, якія сочаць за конкурсам і на ўласным вопыце ведаюць, як адбываецца дзіцячае "Еўрабачанне".
Валерый Шмат, кіраўнік арт-групы "Беларусы":
- Чакаем толькі самага лепшага! На конкурс мы заўсёды едзем падрыхтаванымі. Аднак важную ролю адыгрывае ўдача і фізічны стан. Ад нейкіх нечаканасцяў з тым жа здароўем, як, напрыклад, паказвае мінулы год, ніхто не застрахаваны. Калі казаць пра Ілью, то я ўпэўнены: усё атрымаецца - для добрага выніку быў закладзены надзейны падмурак. Галоўнае, каб Бог даў здароўе і эмацыянальны настрой. Я не сумняваюся ў добрым выніку. Будзем спадзявацца: усё складзецца спрыяльна. Маё пажаданне нашаму канкурсанту - паказаць усё, што ўмее і ведае.

Вольга Сацюк, спявачка, тэлевядучая, першая ўдзельніца дзіцячага "Еўрабачання":
- Гэты конкурс - свайго роду латарэя. Калі паглядзіш фінал, то ўжо можна рабіць прагнозы. Таму я не люблю нешта загадзя казаць, бо конкурс непрадказальны. Прыемна адзначаць, што вось ужо дзесяць гадоў Беларусь знаходзіцца сярод краін-лідараў на дзіцячым "Еўрабачанні". І нашы таленты годна яе прадстаўляюць. Ілья летась ужо выступаў на гэтым конкурсе, таму ведае, што такое "Еўрабачанне". Ён добра танцуе, спявае. Цікавая ў яго і вакальная падача песні. Усё гарманічна спалучаецца ў выступленні. Тое, што наша выступленне пройдзе пад нумарам сем, таксама добра: гэта пачатак "залатой" сярэдзіны. Але тут той выпадак, калі лічба нічога не вырашае, бо выканаўца сам па сабе годны. Не варта забываць, што ўсе рыхтуюцца і вераць у сваіх удзельнікаў. Таму жадаю Ільі, калі ён будзе на сцэне, перадаць усе свае пачуцці, добры настрой і эмоцыі, каб незалежна ад мовы яны былі зразумелыя ўсім. Нават калі будзе прысутнічаць хваляванне, галоўнае, каб ён паверыў у сябе і сваю каманду. Няхай фартуна будзе на нашым баку.

Алена ДРАПКО, Вікторыя ЦЕЛЯШУК.