Сезон абмену візітамі

15.04.2006
"Культура", 15 красавіка 2006 г.


Калі само "Еўрабачанне" можна параўнаць са спрынтэрскім забегам - балазе, фармат конкурсу выдаткоўвае на кожнага з удзельнікаў усяго толькі тры хвіліны, за, якія трэба паспець зачараваць усю Еўропу, - яго падрыхтоўку варта прыпадобніць да марафона. Зважаючы хаця б на тыя дзесяткі тысяч кіламетраў, якія "накручваюць" канкурсанты падчас сваіх прома-тураў. Сезон абмену візітамі распачаўся 8 красавіка і на Беларусі. Свайго кшталту "першай ластаўкай" стаў імпазантны армянскі спявак Андрэ, а літаральна праз пару дзён да нас завітаў і яго калега з далёкай Мальты Фабрыцыё Фарынэла.

Нумар адзін у звязку з Андрэ, дарэчы, паўтарыўся ажно ў трэці раз - не ведаю, на шчасце, ці не (а калі так, дык каму?). Варта згадаць, што Арменія сёлета ўдзельнічае ў конкурсе ўпершыню. Ды і падчас лёсавання ёй выпала адказнасць адкрываць паўфінальнае шоу. Адказнасць - але, разам з тым, і ўдача. Бо сэрцы гледачоў Андрэ заспее яшчэ не стомленымі ад перанасычэння ўражаннямі. I таму ён мае добры шанец запомніцца.
Сам Андрэ да гэткага павароту фартуны ставіцца спакойна. "Мяркую, нумарацыя не маесасаблівага значэння, - адзначыў ён падчас сваёй прэс-канферэнцыі ў сценах Белдзяржтэлерадыёкампаніі. – Галоўнае - выкласціся па поўнай праграме".
Што да запамінальнасці... Песня "Without Your Love" цалкам валодае гэткай здольнасцю. Нягледзячы на тое, што армяне на конкурсе навічкі, актуальны трэнд "Еўрабачання" яны паспелі не толькі ўхапіць, але і крытычна засвоіць. Іх нумар - тыповы "касмапалітычны" поп-шлягер з выразным нацыянальным каларытам, адчувальным і ў мелодыцы і ў аранжыроўцы. Недарэмна ж пры запісе песні было выкарыстана ажно сем аўтэнтычных армянскіх інструментаў.
У нашых краях Андрэ быў не ўпершыню - сёй-той памятае гэтага хлопца па пяцігадовай даўніны "Залатым шлягеры", у конкурсе якога ён заняў ганаровае трэцяе месца - нягледзячы на тое, што паспеў прыхварэць па дарозе і быў змушаны выйсці на сцэну з тэмпературай пад сорак.
Абазнаным у "еўрапраблематыцы" журналістам цікава было даведацца пра тое, як Арменія выбірала свайго эмісара. Адкрытага конкурсу сярод выканаўцаў там не абвяшчалася - на гэта папросту не хапіла часу. Затое быў не абы-які конкурс песні, удзел у якім узялі не толькі ўласныя музычныя сілы, але і грамадзяне Швецыі і Кіпра. I вядомаму армянскаму кампазітару Армену Мартырасяну давялося вытрымаць не абы-якую канкурэнцыю.
На пытанне спеваку, ці расцэньвае ён удзел у "Еўрабачанні" як свайго кшталту вяху ў творчай кар'еры, Андрэ адказаў, што хаця выйсці на сцэну гэтага фэсту ён марыў здавён, усё ж не хацеў бы спыняцца на дасягнутым - якім бы ні быў вынік конкурсу.
Урэшце, поспехам для дэбютанта будзе нават праход у фінал. А вось Мальту - краіну, якая стабільна займае ў фінальным табелі аб рангах высокія пазіцыі, - такі вынік зусім не задавальняе. Ды і Фабрыцыё на конкурсе не навічок - пяць гадоў таму ён заняў там дзевятае месца, а цяпер спадзяецца значна перавысіць мінулы вынік. У яго суайчынніцы К'яры летась гэта атрымалася - яна заняла другое месца з другой спробы.
"Еўратрадыцыі" на Мальце і праўда своеасаблівыя. Гэтаксама, як і каларытная папярэдніца, Фабрыцыё прыклаў да сачынення конкурснай песні свае ўласныя руку і сэрца: ён прадставіць "сучасную запамінальную гісторыю кахання ў хуткім тэмпе", якая грунтуецца на асабістых перажываннях спевака.
...Па словах прадзюсера Грамадскай тэлекампаніі Арменіі Грача Ішышана, удзел у "Еўрабачанні" карысны і прыемны ўжо хаця б таму, што конкурс - у тым ліку і промападрыхтоўка да яго, паглыбляе стасункі паміж рознымі народамі, даючы цудоўную магчымасцо ездзіць у госці і самому праяўляць сваю гасціннасць.
Беларусам давядзецца спазнаць абедзве гэтыя радасці. Неўзабаве нас чакаюць сустрэчы з музыкантамі з Прыбалтыкі, Польшчы, Швейцарыі і Нідэрландаў. А Паліна Смолава ўжо паспела пабываць у Кіеве, чакаюць яе і іншыя нашы суседзі. У планах і зваротныя візіты - у Арменію ды на Мальту, дзе 23 красавіка адбудуцца адмысловыя прома-дні "Еўрабачання". Усяго ж за два перадконкурсныя месяцы Паліна мае наведаць блізу 15 краін.

І.С.