"Сэрца "Еўрабачання" належыць Алене Ланской

11.12.2012
"Звязда", 11 снежня 2012 г.


Спявачка выйграла беларускі нацыянальны адбор з адрывам больш як у 2 разы.
Сёлета фінал беларускага адбору на "Еўрабачанне" нагадваў не столькі музычнае мерапрыемства, колькі зборнік казак народаў свету. Бо практычна ўсе ўдзельнікі, бы па змове, прымерылі на сябе эфектныя вобразы і стварылі адпаведны антураж. Так, была ў гэтых гісторыях свая прынцэса і свая чараўніца, некалькі высакародных рыцараў і адзін Кашчэй, свой беларускі эльф і нават свой Рэмба... Карацей, для тых, хто прапусціў тэлетрансляцыю - сціслы пераказ падзей.

Музыкай навеяла

Пазітыўны настрой канцэрту старанна надаваў баяніст Віталь Варанко, які разам з камандай незадоўга да эфіру "размінаўся" на ўваходзе ў студыю варыяцыямі на тэму "Цыганачкі".
- Відаць, што хваляваўся, крыху перастараўся, а так нядрэнна, - ацаніў выступленне свайго падапечнага Уладзімір Кубышкін.
- Затое задаў добры настрой, - падбадзёрыла спявачка Аня Шаркунова.
Ледзьве не з першых акордаў выступлення Макса Лорэнса публіка ў студыі схамянулася: "Гэта што, "Чыстыя пруды" на новы лад?".
Выхад Алены Ланской не пакінуў абыякавым нікога. Убачыць дзяўчыну "тыповай славянскай знешнасці" ў вобразе жанчыны-вамп з эксцэнтрычнымі мача - шоу-балетам Trеnd Dеluхе - відаць, ніхто не чакаў. "А песня слабая, - перагаворваліся ў задніх радах, - так і чуецца "Shаdу Lаdу" Лорак".
Гурт Яnkеу, як і дэбютант сёлетняга адбору Аляксей Грос, нібы спаборнічалі з Максам Лорэнсам у кастынгу на лепшага высакароднага пакутніка з самай кранальнай і прыгожай баладай. Мяркуючы па суме ацэнак журы і гледачоў, лепш за ўсіх гэта атрымалася ў кандыдата ў майстры спорту па вольнай барацьбе Гроса.
"Мы едзем у Мальмё!" - не хавала радасці як ад прыхільнікаў, так і ад зайздроснікаў Алена Ланская.
Самыя малавядомыя, не "зорныя", і ад таго непрадказальныя ўдзельнікі фіналу - гурт Bеаvеr Bаnd - не падманулі чаканняў прыхільнікаў, разбавіўшы агульны пафас мерапрыемства сваім шматнацыянальным "бабровым танцам".
Выступленне Дарыі, на якую спачатку мала хто ставіў, публіку прыемна ўразіла. Вытрыманая да дробязяў атмасфера казіно-бэнда і вобраз прынцэсы бурлеска нават прымусілі забыцца, што Дарыя - маладая мама, і ўзгадаць, што гэта моцная і перспектыўная спявачка.
Калі вам цікава, як мог бы выглядаць дарослы Пітэр Пэн - вельмі раім пераглядзець у інтэрнэце конкурсны нумар Uzаrі і зазірнуць у вочы спевака. Нават уражаныя паказаным міні-мюзіклам групы падтрымкі іншых удзельнікаў доўга апладзіравалі артысту.
Не падвёў прыхільнікаў і рок-праект Nutеkі - як паабяцалі, хлопцы вывелі на сцэну высачэзную пачвару - ці то Кашчэя, ці каменнага троля, які да таго ж "адпусціў палятаць" над сцэнай гітарыста.
А Стас Сацура, які закрываў фінал, пацвердзіў, што для яго не прайшлі дарэмна здымкі ў серыяле пра спецназ - увесь нумар быў брутальным і падкрэслена агрэсіўным. "Ну, чым не Рэмба?" - закочвалі вочы маладзенькія дзяўчаты.

Пасля балю

Лічбы галасавання, якое пачалося адразу пасля выступлення апошняга фіналіста, на саміх фіналістаў уздзейнічалі па-рознаму. Нехта сачыў за экранам, не адводзячы вачэй, пакуль групы падтрымкі, забыўшыся на распараджэнне рэжысёра трансляцыі выключыць мабільнікі, адпраўлялі sms-кі. Нехта адразу збег у грымёрку перавесці дух. Некаторыя стаялі далёка ад экрана з такім выглядам, быццам іх ніякі вынік не турбуе.
- Засмуціўся? Я? - шчыра здзівіўся Юзары, калі з сімпатыямі гледачоў усё было зразумела і ўсе чакалі рашэння журы. - Ніколькі. У мяне вось ёсць таблічка ўдзельніка, натуральнае дрэва, мне падабаецца. Праўда, колькі ўжо гэтых дошчачак было - усе потым кудысьці знікаюць, відаць, мой дамавік забірае.
Са сваіх канкурэнтаў, прызнаўся спявак, ён мала каго чуў - з-за бясконцых рэпетыцый на гэта не было часу: "Падабаецца песня Гроса, вельмі годна, на мой погляд, выступілі Nutеkі. За сябе магу сказаць толькі, што для маёй песні "Sесrеt" з адбору жыццё толькі пачалося".
"Не ведаю, як там каго ацанілі, - аджартаваўся адзін з вакалістаў гурта Nutеkі, - мне значна цікавей, калі ўжо нашай камандзе нарэшце аддадуць пашпарты і выпусцяць адсюль...". 

- Алена, - пацікавіліся мы ў спявачкі, якая відавочна лідзіравала з вялізным адрывам у глядацкім галасаванні, - адчуваеце пэўную помсту за мінулы год?
- Я ў прынцыпе не злапамятны і не помслівы чалавек, таму адчуваю толькі вялізную радасць ад таго, што нам удалося зрабіць выдатную песню і выдатны нумар, якія спадабаліся гледачам. Тым больш што ўсе фіналісты сёлета вельмі моцныя.

Чакаць развязкі давялося нядоўга - праз тры выступленні пачэсных гасцей галасы гледачоў трансфармаваліся ў балы: 12 - Алена Ланская, 10 - Nutеkі, 8 - Стас Сацура, 7 - Аляксей Грос, 6 - Макс Лорэнс, 5 - Віталь Варанко, 4 - Uzаrі, 3 - Bеаvеr Bаnd, 2 - Яnkеу, 1 - Дарыя. Да гэтых лічбаў далучыліся балы журы: 12 - зноў жа Алена Ланская, 10 - Дарыя, 8 - Яnkеу, 7 - Nutеkі, 6 - Сацура, 5 - Макс Лорэнс, 4 - Аляксей Грос, 3 - Uzаrі, 2 - Віталь Варанко, 1 - Bеаvеr Bаnd. Пераможцай нацыянальнага адбору, такім чынам, стала Алена Ланская (як з'едліва ўзгадалі некаторыя крытыкі, другі раз запар), а яе дублёрамі на выпадак форс-мажору, у які, зрэшты, амаль ніхто не верыць - гурт Nutеkі.

"Еўрабачанне" - гэта мая тэма"

Спявачка Гюнеш сёлета ўдзел у адборы не прымала, затое выступіла на фінальным канцэрце ў якасці пачэснага госця.
- Не падавала заяўку сёлета не таму што перагарэла, а таму што адчула, як вырасла за час удзелу ў "ЕўраФэсце", і ўжо не ўспрымала сябе ў якасці канкурсанткі. Але "Еўрабачанне", як я кажу - гэта мая тэма. І я з задавальненнем пагадзілася выступіць у фінале і выканала песню "па заяўках".

- Хто з канкурсантаў вас прыемна ўразіў?
- Я сама здзіўлена, але ўсе спадабаліся - вельмі моцная дзясятка. Малайцы. А лепшая песня для "Еўрабачання", на мой погляд, у Аляксея Гроса са "Спамаш". Калі б я выбірала, узяла б менавіта гэту песню, толькі крыху памяняла яму стыль і антураж, а ўсё астатняе зробіць харызма гэтага артыста. 

Дарэчы, лепшае з "еўрафэстаўскага" багажу самой спявачкі прыхільнікі неўзабаве змогуць зноў пачуць і ўбачыць. У студзені яна прэзентуе канцэртную праграму "Што ў гэтым сэрцы" - з песнямі, нумарамі і касцюмамі, якія мы бачылі за ўвесь час удзелу Гюнеш у беларускіх нацыянальных адборах. "А ў саму навагоднюю ноч, - адкрывае сакрэт спявачка, - у Баранавічах, у доме майго бацькі адбудуцца заручыны з маім жаніхом!".

Простая мова

- Назвалі маё імя, і я крыху разгубілася, - сарамліва прызнавалася журналістам самая маладая заслужаная артыстка Беларусі. - Але заўтра трэба прачнуцца і пачаць жыць наноў, бо "Еўрабачанне" - гэта вельмі сур'ёзны праект, да якога трэба адпаведна рыхтавацца. Пасля таго, як я апяклася летась, крыху памяняліся погляды на жыццё, таму задачы абавязкова перамагчы не ставіла. Хацелася паказаць, што я магу мяняцца - спяваць не толькі павольныя песні, насіць не толькі блакітныя доўгія сукенкі; што ў нашай краіне ёсць людзі, здольныя напісаць выдатныя песні - Леанід Шырын, Юрый Вашчук, Аляксей Шырын, дзякуй ім. У нас ёсць цудоўныя танцоры - Trеnd Dеluхе, таленавітыя дызайнеры - Ганна Драгацэнная і Алеся Стасевіч. Нарэшце, ёсць выдатныя аператары, якія добра знялі нумар - гэта вельмі важна.

- У многіх артыстаў ёсць свае прымхі і талісманы на ўдачу. Што вам дапамагае справіцца са сцэнічным хваляваннем?
- Напрыклад, я не фатаграфуюся і не даю каментары да выступлення - яшчэ няма пра што казаць, трэба спачатку зрабіць справу, а потым яе абмяркоўваць.

- Летась вы былі на конкурсе ў якасці балельшчыка і бачылі "Еўрабачанне" знутры. Якія моманты абавязкова ўлічыце ў сваёй падрыхтоўцы?
- Я зразумела, што варта раіцца з людзьмі, якія ўжо былі на "Еўрабачанні" - не толькі артысты, але і прадзюсары, якія даюць прафесійныя ацэнкі. Конкурс "Еўрабачанне" - вялікае выпрабаванне, як псіхалагічнае, так і фізічнае. І да гэтага трэба быць гатовым - займацца як вакалам, так і спортам, настройваць сябе на пазітыў, каб не сарвацца з-за пройгрышу. Яшчэ вельмі важна, каб гледачы падтрымлівалі свайго кандыдата - так робіцца паўсюдна.

Прадзюсар Дзмітрый Баранаў (нагадаем, менавіта ён быў прызнаны вінаватым у скандале з падтасоўкай вынікаў галасавання мінулага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" і звольнены з БТРК), які цяпер узначальвае прадзюсарскі цэнтр "Спамаш", не хаваў задавальнення ад выступленняў усіх сваіх падапечных. І пацвердзіў, што ў найбліжэйшы час будзе распрацаваная канцэпцыя падрыхтоўкі Алены Ланской да "Еўрабачання-2013". "Я не быў гатовы адназначна да перамогі, і ў мяне ў галаве няма канкрэтных планаў. Магу сказаць толькі, што стаўку трэба рабіць на усё, а не выключна на песню або толькі на конкурсны нумар", - разважаў Дзмітрый.

- Што з вопыту мінулых гадоў абавязкова выкарыстаеце?
- Напрыклад, раскрутку праз прома-туры - гэта, безумоўна, вельмі важна, раскрутку праз інтэрнэт, вопыт супрацоўніцтва з еўрапейскімі стылістамі, аранжыроўшчыкамі, аператарамі і г.д.

...А потым наступіў канец свету. Праўда, у лакальных маштабах. Тэхнікі, палічыўшы, што пасля заканчэння трансляцыі ўсе мусяць разысціся, на колькі імгненняў выключылі святло ў студыі. Тых жа, хто цярпліва перажыў гэту навалу, прыспешвалі мясцовыя ахоўнікі вахцёрскага выгляду: "Дарагія госці, праходзім-праходзім, пакіньце студыю, бачыце - людзям тут разабраць апаратуру трэба...". Застаецца суцяшацца тым, што на самім "Еўрабачанні" ўмовы для працы артыстаў і прэсы больш камфортныя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.