"Сельскай ранiцы няма. Такi дзень"

26.11.2016

"Сельская газета"

Праграма "Сельская раніца" Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё добра знаёма слухачам. Цяжка знайсці вяскоўца, дзень якога не пачынаўся б з прыемных галасоў вядучых Святланы Башылавай і Наталлі Сцёпачкінай. Роўна ў 6.10 кожны дзень слухачы знаёміліся з навінамі аграпрамысловага комплексу, каментарыямі спецыялістаў-аграрыяў, замалёўкамі пра вяскоўцаў. Аднак з першага верасня праграма больш чым з паўвекавой гісторыяй з хваль радыё знікла... Куды, а галоўнае, чаму? З такім пытаннем у рэдакцыю "СГ" звярнуўся чытач з Навагрудка Ілля Антончык. Вось вытрымка з яго ліста: "У краіне больш за два мільёны вяскоўцаў. А праграма, якая распавядала пра працаўнікоў палёў і ферм, знікла. Няўжо зараз не трэба пра іх расказваць? Гэту перадачу трэба не толькі захаваць, але і павялічыць час яе гучання". Каб разабрацца, чаму знікла "Сельская раніца" і якія праграмы падобнай тэматыкі запоўнілі эфір канала, "ТэлеРадыёТыдзень" накіраваўся на Чырвоную, 4.

Выпускі пачыналіся ў камандзіроўках

Гісторыя праграмы вядзе свой адлік ад 1964 года. Менавіта тады ў эфіры сталі з’яўляцца каментарыі вядучых па пытаннях аграрнай сферы. А прыблізна з 1972 па 1990 год працаваў у "Сельскай раніцы" і цяперашні супрацоўнік "СГ" Уладзімір Субат. Уладзімір Паўлавіч памятае, як ствараліся выпускі, каб з самага ранку трапіць "на стол" вяскоўцу:

- Нараджалася "Раніца" менавіта ў камандзіроўках. Дзе, як не там, можна было знайсці каларытных герояў, пачуць смачнае гучанне беларускай мовы. Памятаю, калі перайшоў на тэлебачанне, і праз дзесяць гадоў людзі пазнавалі мой голас менавіта як вядучага "Сельскай раніцы". Вось гэта сапраўдны кошт праграмы. А рабіла яе цэлая брыгада моцных журналістаў - Таццяна Харавец, Лідзія Рыбалкіна (яе нават параўноўвалі з савецкім дыктарам Вольгай Высоцкай), Алена Аўрынская, Анатоль Чачотка. У кожнага вядучага была свая тэма. Панядзелак, напрыклад, быў прысвечаны будаўніцтву, аўторак - механізацыі, серада - навуцы, чацвер - меліярацыі (мая тэма), пятніца - жывёлагадоўлі.

На ўсё жыццё запомніў журналіст і свой першы рэпартаж. Было гэта ў Драгічынскім раёне. У рэдакцыю трэба было прывезці рэпартаж пра ўборку збожжа. Уладзімір Паўлавіч накіраваўся ў тады яшчэ саўгас "Драгічынскі". Для інтэрв’ю карэспандэнту далі вопытнага агранома, з якім і пайшоў на поле. "Уключаю мікрафон і цікаўлюся, якая ўраджайнасць культуры. Аграном расказвае, што добра ўрадзіла жыта. Толькі падчас мантажу, ужо ў рэдакцыі, зразумеў, што казалі мы пра розныя культуры: я - пра пшаніцу, ён - пра жыта", - з усмешкай успамінае журналіст.

Аднойчы ў Жыткавіцкім раёне ў стозе сена карэспандэнт неяк забыў свой "Рэпарцёр". Рэпартаж з камандзіроўкі трэба было выдаваць ужо назаўтра. Што рабіць? У выніку магнітафон шукалі ледзь не ўсім калгасам, знайшлі і ўвечары аўтобусам перадалі ў Мінск.

- Так, смешных, цікавых гісторый хапала. Але, нягледзячы на гэта, да выпуску кожны журналіст падыходзіў сур’ёзна, - дадае Уладзімір Паўлавіч. - Тое, што праграма знікла, вядома, шкада. Цяпер у фокусе - жыццё ў межах кальцавой дарогі. А далей?.. Няма чалавека на экране, амаль прапаў ён і з радыё...

Калега Уладзіміра Субата па "Раніцы" Анатоль Чачотка прысвяціў праграме амаль сорак гадоў жыцця. Стыхіяй гэтага журналіста была навука. Новыя сарты бульбы - Анатоль Ільіч ужо ведае, самая сучасная тэхніка - карэспандэнт тут як тут:

- Вельмі часта ў студыю да мяне прыходзілі знакамітыя навукоўцы, эксперты аграрнай галіны. А аднойчы запрасіў на гутарку акадэміка Мухіна, знакамітага селекцыянера. Пасля гэтай передачы, якую, дарэчы, рабіў і для Масквы, быў адзначаны ўзнагародай "Выдатнік тэлебачання і радыё".

...Але ад дня ўчарашняга пяройдзем да дня сённяшняга. Чым была выклікана неабходнасць змяніць сетку вяшчання?

Вёска - не толькі эканоміка

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, найперш накіроўваемся да галоўнага дырэктара Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё Антона Васюкевіча.

Антон Барысавіч пацвердзіў: сапраўды, з верасня традыцыйна абнаўляецца сетка вяшчання. Сезон 2016-2017 года быў распрацаваны з улікам даных сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў і арыентаваны на розныя сацыяльныя і дэмаграфічныя групы. Зыходзячы з гэтага, прыярытэтныя праекты вяшчальнай палітыкі канала - інфармацыйныя, аналітычныя і сацыяльныя. Перыядычнасць, хранаметраж і месца радыёперадач у сетцы абумоўлены арыентацыяй на мэтавыя аўдыторыі.

- Сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання асвятляем пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, спецыялісты ведамства ўдзельнічаюць у нашых праграмах і выступаюць па тэмах эканомікі, новых тэхналогій галіны, перадавога вопыту гаспадарак. Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы слухачы мелі ўяўленне, як у краіне развіваецца АПК, ствараецца харчовая бяспека, - расказаў аб накірунках і фармаце канала Антон Барысавіч. - Гэту тэму не абмяжоўваем дзейнасцю Мінсельгасхарчу. Актыўна ўдзельнічаюць у асвятленні пытанняў вясковага жыцця спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будаўнікі і гэтак далей. Канал комплексна асвятляе жыццё вясковых жыхароў. Бо вёска - не толькі эканоміка, але і культура, будаўніцтва, медыцына.

Хто ж героі, суразмоўцы перадач? Антон Барысавіч канстатуе: вядома ж, вясковыя жыхары. На радыё сельскай тэматыкай займаецца вялікая колькасць людзей. І камандзіроўкі ў супрацоўнікаў распісаны практычна ва ўсе рэгіёны краіны. Адтуль гучаць і жывыя рэпартажы. Асабліва інфармацыйныя праграмы "актыўныя" падчас пасяўной і ўборачнай кампаній.

У кожнай праграме - чалавек працы

Нельга сказаць, што сельскагаспадарчая тэматыка абмяжоўвалася толькі праграмай "Сельская раніца". Гэта тэма пастаянна гучыць і ў іншых праграмах: "Навіны", "Радыёфакт", "Пастфактум", "Актуальны мікрафон", "Такі дзень", "Дзелавы радыёпартал", "Каментарый дня". Упэўнілася ў гэтым, калі пабывала на эфірах некаторых з іх.

Надзвычай шырока, напрыклад, падводзіліся нядаўна вынікі жніва, герояў яго запрашалі на розныя праграмы. Вось і ў перадачы "Галерэя. Партрэты сучаснікаў" сабраны дзясяткі радыёпартрэтаў кіраўнікоў гаспадарак, якія маюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды.

Жыццё розных абласцей асвятляюць карэспандэнты ў праграме "Рэгіён". Тут сельская тэматыка заўсёды на першым плане. Працаўнікі вёскі, перадавікі сельгасвытворчасці, кіраўнікі гаспадарак - галоўныя героі і тэматычнай перадачы "Свая зямля", якая стала паўнапраўнай пераемніцай "Сельскай раніцы". Ужо некалькі гадоў вядзе яе Святлана Башылава. Святлана Канстанцінаўна, як ніхто іншы, знаёма з вясковым жыццём - сама родам з нясвіжскага Снова. Да таго ж доўга вяла "Сельскую раніцу":

- Тэматыка мне блізкая, таму стараюся падыходзіць да кожнага выпуску адказна. Калі гаворым пра "Сваю зямлю", то ў ёй больш сацыяльна-эканамічная накіраванасць: чым жыве вёска зараз, этапы рэфармавання. Праграма дае большае ўяўленне пра вясковае жыццё, глыбей аналізуе працэсы, што адбываюцца ў аграрнай сферы. Рэалізацыю дзяржпраграм паказваем праз чалавека, які жыве ў глыбінцы. І сама праграма ствараецца ў рэгіёнах. Паказваем не толькі перадавы вопыт краіны ў сельскагаспадарчай галіне, але і сельскі бізнес у тым ліку. Бо гэты накірунак зараз развіваецца. Нават складана ўявіць, што ў краіне налічваецца ўжо больш за дзевяць тысяч фермераў.

Святлана Канстанцінаўна дадала, што самае цікавае ў стварэнні праграмы, якая выходзіць кожную суботу ў 6.15, гэта, канешне, знаёмствы з людзьмі. Літаральна на гэтым тыдні вярнулася з камандзіроўкі з Лідскага раёна, куды накіравалася спецыяльна за новым героем "Сваёй зямлі". Цікавы прыклад - звычайны рабочы цеплавой сеткі Віктар Кодзік у адзін момант вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё і заняўся сельскім бізнесам - стаў вырошчваць вешанкі. Рэнтабельнасць яго вытворчасці зараз каля 30 працэнтаў. Такім паказчыкам могуць пазайздросціць нават моцныя прадпрыемствы.

- І такіх цікавых герояў можна знаходзіць бясконца, - лічыць Святлана Канстанцінаўна. - Дарэчы, такі станоўчы вопыт штурхае людзей змяняць і сваё жыццё. Памятаю, калі рыхтавала выпуск пра СВК "Агракамбінат Сноў", потым даведалася, што некаторыя слухачы пера- ехалі туды і ўладкаваліся на працу.

Асобная тэматыка на радыё - аграрная навука. Ёй рэгулярна прысвячаюцца выпускі навукова-папулярнай праграмы "Нязведаныя гарызонты". Аб сельскіх сем’ях і працоўных дынастыях распавядаецца ў перадачы "Для тых, хто дома". Як з пакалення ў пакаленне перадаюцца веды, захоўваюцца традыцыі, ведае вядучая Алена Дземідовіч:

- Галоўныя героі выпускаў - цікавыя сем’і, у тым ліку і з вёсак. Яны жывуць паўнацэнным жыццём, маюць свае інтарэсы і традыцыі. Чаму пра іх не расказаць на нашых хвалях? Частыя госці ў нас - пераможцы конкурсу "Уладар сяла". Сустрэчы з імі заўсёды цікавыя і інфарматыўныя.

А як жа з эканомікай сельскай гаспадаркі? Знаходзіць сваё адлюстраванне гэта тэма ў выпусках "Дзелавога радыёпартала" з Вольгай Сямашка. Праграма эканамічная, таму асвятляе экспарт і імпарт прадуктаў харчавання. А сетка рэгіянальных карэспандэнтаў рыхтуе выпускі пра перадавы вопыт галіны.

У вядучага праграмы "Актуальны мікрафон" Дзмітрыя Рубашнага цікаўлюся, ці актуальныя для яго "Мікрафона" праблемы вяскоўцаў?

- А як жа? Трэба разумець, што нашы слухачы ў тым ліку і жыхары невялікіх населеных пунктаў, таму тэмы павінны быць цікавымі і для іх. Як працуе гандаль, грамадскае харчаванне, як ідзе будаўніцтва ў вёсцы, ці даязджаюць аўталаўкі да кожнай вёскі? Такія злабадзённыя пытанні часта падымаем у нашых эфірах. Бо "Актуальны мікрафон" - праграма, якая распавядае пра самыя свежыя навіны дня. Краіна наша, як вядома, аграрная, таму шмат падзей адбываецца менавіта ў гэтым накірунку.

Татьяна БИЗЮК.