"Сэлфі" з каларытам

06.11.2015

"Звязда"

Міжнароднае радыё "Беларусь" чакае вашы фотаздымкі.

У першы дзень зімы міжнароднае радыё "Беларусь" запусціць конкурс фотапартрэтаў ("Сэлфі") пад дэвізам "Прывітанне, Беларусь!". Яго асноўная мэта - папулярызаваць веды пра нашу краіну, а таксама прыцягнуць увагу замежных слухачоў да праграм радыё. Удзел у конкурсе могуць прыняць усе ахвотныя без абмежавання ўзросту і грамадзянства.

Удзельнікам конкурсу неабходна прадставіць на конкурс "сэлфі", якія сімвалізуюць веды пра Радзіму, любоў і цікавасць да нашай краіны, а таксама веданне праграм радыё "Беларусь". Сюжэт фатаграфіі павінен адлюстроўваць спецыфіку або каларыт месца, дзе рабілася здымка. Абавязковая ўмова - наяўнасць надпісу "Прывітанне, Беларусь!" на любой мове ў адвольнай форме.

Прыём работ на конкурс будзе ажыццяўляцца са снежня 2015 па люты 2016 года. У сакавіку журы, у склад якога ўвойдуць члены мастацкага савета радыё "Беларусь", а таксама прадстаўнікі творчых саюзаў Беларусі, падвядзе вынікі. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў красавіку наступнага года.

"Галоўнае, каб удзельнікі конкурсу праявілі цікавасць да нашай краіны, сталі нашымі пастаяннымі слухачамі і сябрамі. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і падарункамі з сімволікай радыё "Беларусь", а іх фотаработы мы размесцім на нашым сайце. Акрамя гэтага, аповед пра пераможцаў конкурсу і інтэрв’ю з імі прагучаць у нашым радыёэфіры", - адзначыў галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч.

Падрабязнасці конкурсу "Сэлфі" шукайце на афіцыйных сайтах медыяхолдынга Белтэлерадыёкампаніі і радыё "Беларусь", а таксама на старонцы радыёстанцыі ў сацыяльнай сетцы Facebook.