Сапраўдная фея

20.10.2010
"Звязда", 20 кастрычніка 2010 г.


Алена Бікрэнева - фея з "Калыханкі" - на самой справе вядзе зямны вобраз жыцця. Любіць мяса з бульбай, як сапраўдны беларус, жыве ў кватэры на пятым паверсе і заўсёды з задавальненнем сустракае гасцей. Яна, сучасная фея, з гарбатай і цукеркамі сустрэла і карэспандэнта "ЧЗ", які завітаў да Алены ў вельмі асаблівы для яе дзень - якраз на 4 гадавіну вяселля. Таму мы шмат размаўлялі пра мужа і дачушку, пра дзяцінства і зусім не казачныя будні тэлевядучай. Што падараваў муж, я не стала дапытвацца, але на працягу гутаркі Алене даставілі падарунак ад любімай сястры - духі, пра якія марыла наша гераіня. Такой радасці і шчырай усмешкі не бачыла даўно, асабліва на вуснах дарослых людзей. Адным словам, Алена - фея зусім не казачная, а сапраўдная, з жыцця.

- Як будзеце адзначаць свята?
- Я, напэўна, спяку шарлотку, бо ўсе інгрэдыенты ёсць, а яшчэ ўпрыгожу кватэру паветранымі шарыкамі. На святочным стале ў якасці дэкору будуць свечкі, таму што 4 гады - гэта "воскавае вяселле". Да нас прыйдуць самыя дарагія людзі - гэта мая сястра з мужам і дзеткамі і нашы бацькі.

- Фея звычайна сама спраўляецца з хатнімі справамі ці ёсць памочнікі?
- Сама, вядома. У мяне такі працоўны графік, што многа часу праводжу дома з дачкой. Безумоўна, калі мама працуе ўвесь дзень, ёй неабходныя памочнікі. Мне іншы раз дапамагаюць бабулі.

- Значыць, зусім не казачныя заняткі - гатаванне ежы, уборка, прасаванне - не палохаюць вас?
- Што вы? Вядома ж, не палохаюць. Я, наадварот, вельмі люблю кулінарыць.

- Ці ёсць каронная страва?
- Мае каронныя стравы - гэта тыя, якія любіць мая сям'я: мой муж Дзіма, дачушка Дзіяна і я. Я люблю галубцы, а Дзіма - дранікі. Таму я раблю і тое, і другое.

- А паваранай кнігай карыстаецеся?
- Кніга такая ёсць, аднак, калі ў мяне заканчваецца фантазія, заходжу ў інтэрнэт і там вышукваю розныя рэцэпты. Мой сакрэт у тым, што ніколі строга не прытрымліваюся рэцэптуры. Калі сказана дабавіць запраўку, назву якой вы нават не чулі, усё і без яе атрымаецца смачна. Увогуле, люблю эксперыментаваць. Помню, калі яшчэ вучылася ва ўніверсітэце, мой бацька гаварыў, што замуж мяне не аддасць, бо такая гаспадыня патрэбна самому. Я проста з любога набору прадуктаў зраблю "цукерачку". Мы неяк з вёскі прывезлі многа кабачкоў, і ў мяне з'явіліся кабачкі фаршыраваныя, вараныя, запечаныя з сырам, тушаныя, салодкія, піца, а таксама амлет з кабачкоў.
Я люблю бульбу, як сапраўдны беларус. Таму ў нас на абедзенным стале часта з'яўляюцца піражкі з бульбы, дранікі з мясам, бабка. Я сама рыхтую заправы. Сушаны часнок, пятрушка, кропчык, чорны ці чырвоны перчык, базілік - усё гэта перамалоць і атрымліваецца цудоўная запраўка.

- Бульба, піражкі, а выглядаеце так, нібы дыеты - ваш вобраз жыцця. Ці прыходзіцца абмяжоўваць сябе, каб заставацца стройнай?
- Такая фігура ў мяне ад прыроды. Салодкае не вельмі люблю, але ад булачак з разынкамі ці смятанніка ніколі не адмоўлюся. Не люблю марожанае, ем яго вельмі рэдка.

- Высокая і стройная - адным словам, мадэль. Дарэчы, некалькі гадоў назад вы сталі першай віцэ-міс конкурсу прыгажосці "Журавінка-2001". Чаму не працягвалі карэ'еру мадэлі?
- У той час я была студэнткай Універсітэта культуры і мастацтваў. І адзін малады чалавек, таксама студэнт, проста хадзіў за мной па пятах і прапаноўваў паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. У рэшце рэшт я згадзілася, прайшла некалькі адборачных тураў і заняла другое месца. Пасля таго, як стала віцэ-міс, вучылася ў школе Варламава і магла працягваць кар'еру мадэлі. Аднак выбрала тэатр і кіно, а не подыум. І зараз не шкадую.

- А кім марылі стаць у дзяцінстве?
- Не паверыце, але першыя малюнкі былі звязаныя з космасам. Мара была паляцець да зорак. З другога боку, мне заўсёды падабаліся спевы і танцы. Адным словам, я была натурай творчай на сто адсоткаў. Напрыклад, хачу дапамагчы маме прыбраць кватэру, але проста выканаць заданне сумна. Таму прыдумвала казку, нібы я папялушка і мне трэба справіцца з работай, каб потым паехаць на баль. Я жыла ў прыдуманым, казачным свеце. Таму, магчыма, і нарадзілася жаданне стаць актрысай. Я наведвала тэатральную студыю, сем гадоў займалася эстраднымі танцамі. Дарэчы, мяне бралі ва ўсе гурткі. Я займалася мастацкай гімнастыкай, але траўма перашкодзіла працягваць гэтую справу, займалася і сінхронным плаваннем.

- Калі вы ўдзельнічалі ў праекце "Цудоўная 7", уся краіна пераканалася, што здарма вы кінулі гэты від спорту. Хутка ўспомнілі дзіцячае хобі?
- У дзяцінстве мае заняткі сінхронным плаваннем скончыліся тым, што я навучылася плаваць на дошчачцы і на спіне. Мне здавалася, што так не ўтаплюся. Аднак бацькі не маглі вадзіць мяне ў басейн, таму вырабляць нешта неверагоднае рукамі і нагамі я так і не навучылася. Калі прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым праекце, я адразу папярэдзіла арганізатараў, што плаваю толькі па-сабачы і даваць нырца баюся ўвогуле. Прыходзілася сябе пераадольваць вельмі моцна. Калі мы з маім трэнерам Янай перамаглі, для маіх блізкіх гэта быў шок, таму што ўсе ведалі, як мне было цяжка.

- Вы ўвогуле любіце экстрэмальныя віды спорту?
- Ну, калі ў вас муж гэтым захапляецца, прыходзіцца адпавядаць. Мой Дзіма паставіў мяне на сноўборд. Па яго ініцыятыве я займалася тэнісам, віндсёрфінгам. Зараз катаюся на сноўбордзе, не прыгаю, але катаюся добра.

- Як яшчэ ўсёй сям'ёй бавіце час?
- Наша двухгадовая дачушка нядаўна заявіла, што таксама не супраць з татам паехаць пакатацца на сноўбордзе. (Смяецца). Зараз мы ўсёй сям'ёй любім выязджаць на прыроду. Раней з мужам многа вандравалі, аб'ездзілі на машыне ўсю Еўропу - Італію, Германію, Аўстрыю, Францыю. Нават прапанова стаць яго жонкай прагучала ў дарозе. Мы ехалі ў Італію, але - употай ад мяне - завіталі ў Парыж. І там, у городзе кахання і рамантыкі, ноччу, пад французскую музыку, мы заручыліся. (Расплываецца ва ўсмешцы.)

- Вам вясельны настрой дапамог кастынг на тэлебачанні прайсці?
- Шчыра кажучы, ніколі не думала пра тэлебачанне, бо мне здавалася, што без знаёмстваў туды не трапіць. А тут мне пазванілі і (па парадзе майго выкладчыка) прапанавалі прайсці кастынг на ролю Феі. Я, не спадзеючыся на добры вынік, прыйшла. Ведаеце, у мяне тады ўсе думкі былі пра вяселле. Я лунала ў ружовых марах. Ужо потым будучыя калегі прызналіся, што мае вочы іскрыліся ад шчасця. І, уявіце, у дзень майго вяселля мне патэлефанавалі і сказалі, што прайшла. Было прыемна ўдвайне.

- Ваша дачка глядзіць "Калыханку"?
- Глядзіць, але не ўспрымае мяне, як Фею. Яна настойліва патрабуе ўключыць маму.

- А вы ў дзяцінстве глядзелі "Калыханку"?
- Абавязкова. Раней мультфільмы вельмі дазіравана паказвалі. Мой бацька падкрэсліваў у праграме тэлеперадач час, калі будуць мульцікі. Гэта зараз можна купіць дыск і паказваць дзецям мультфільмы хоць увесь дзень. А раней чакалі "Калыханку", не прапускалі ні адной перадачы.

Вольга КОРШУН.