Самы час пажадаць удачы

19.05.2015

"Звязда"

Ужо сёння для беларусаў вызначыцца галоўнае пытанне 60-га міжнароднага песеннага шоу: ці атрымаецца ў прадстаўнікоў нашай краіны замацаваць тэндэнцыю апошніх гадоў і вывесці Беларусь у фінал "Еўрабачання"?

Вакальна-скрыпічны дуэт Uzarі&Maіmuna дэманструе баявы настрой і добрую музычна-спартыўную форму: так, на прэс-канферэнцыі наша скрыпачка ўразіла ўсіх выкананнем вядомай інтэрмедыі "Палёт чмяля" Рымскага-Корсакава менш як за 60 секундаў - і пераўзышла цяперашні рэкорд з Кнігі рэкордаў Гінеса! Безумоўна, нашы канкурсанты настроены на тое, каб паказаць максімальна добры вынік. Але ён ужо залежыць не столькі ад артыстаў, колькі ад таго, наколькі яны ўразяць і спадабаюцца журы і тэлегледачам з двух дзясяткаў краін, якія транслююць шоу і галасуюць у ім.

Нагадаем, беларускі дуэт выйдзе на сцэну Wіener Stadthalle сёння ў другой палове канцэрта - пад нумарам 11, пасля спявачкі з Венгрыі Boggіe і перад канкурсанткай з Расіі Палінай Гагарынай. Нашым артыстам трэба будзе сапраўды выкласціся напоўніцу, каб вылучыцца на фоне канкурэнтаў і добра запомніцца гледачам. Прычым гэта тычыцца не толькі музычнага складніка: у першым паўфінале абсалютная большасць удзельнікаў чамусьці выбралі сцэнічныя ўборы ў чорна-белай гаме. (Журналісты нават жартуюць, што Маймуна і Паліна Гагарына замаўлялі свае белыя доўгія сукенкі ў аднаго і таго ж дызайнера.) Букмекеры ацэньваюць шанцы прадстаўнікоў Беларусі вельмі няблага - што ж, паверым у іх прагнозы і пажадаем Юзары і Маймуне сабраць як мага больш высокіх ацэнак. А наколькі спраўдзяцца чаканні, убачым ужо зусім хутка: трансляцыю першага паўфіналу "Еўрабачання-2015" тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт конкурсу www.eurovіsіon.tv і сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by пачнуць а 22 гадзіне па Мінску.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.