"Салодкі піражок" ад Тэа

14.01.2014
"Рэспублiка", 14 студзеня 2014 г.


Ці здзівяць беларусы Еўропу англійскім "Чызкейкам"? 
За Беларусь на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2014" спяе Юрый Вашчук, які выступае пад псеўданімам Тэа. Сярод чатырнаццаці даволі моцных канкурэнтаў поспех і перамогу яму прынесла песня "Чызкейк" (англ. "сheesecake" - літаральна "тварожны ці сырны пірог"), музыку і словы да якой Тэа напісаў сам.
Кампазіцыя лёгкая, танцавальная, з гумарам. Выкананне шчырае і эмацыянальнае. Сюжэт немудрагелісты: хлопец абураецца паводзінамі сваёй дзяўчыны, якая называе яго чызкейкам - салодкім піражком.
Па словах артыста, канчатковы варыянт конкурснай песні склаўся ўсяго за два дні да заканчэння прыёму заявак на нацыянальны адборачны тур і на поспех "Чызкейка" ён не надта разлічваў. Тым не менш перамог, прычым у сітуацыі вельмі неардынарнай, якая за ўсю гісторыю нацыянальных адбораў склалася ў фінале ўпершыню.
Па выніках галасавання журы і тэлегледачоў аднолькавую з Юрыем Вашчуком колькасць балаў (20) набраў тандэм "Макс Лорэнс & Дзідзюля", і цікава, што з дакладнасцю наадварот. У Тэа - 8 балаў ад гледачоў і 12 - ад журы. У Лорэнса з Дзідзюлям - 12 - ад гледачоў і 8 - ад журы. Каб вызначыць пераможцу, зрабілі ў адпаведнасці з правіламі "Еўрабачання" ў падобным выпадку: члены журы галасавалі паўторна. Усе восем экспертаў былі аднадушныя і падтрымалі Тэа. Праўда, з таго моманту да гэтага часу ў Інтэрнэце кіпяць пачуцці, з'явілася нават петыцыя з патрабаваннем адмяніць вынікі, маўляў, меркаванне тэлегледачоў праігнаравалі.
Юрыю Вашчуку - 30 гадоў, у яго прафесійная музычная адукацыя (эстраднае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў). З 2000 года працуе артыстам-вакалістам у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, так што спяваць дакладна ўмее, у маэстра не пафілоніш, чысты вакал і жывы гук - яго непахісныя патрабаванні.
Са многімі беларускімі спевакамі Юрый Вашчук супрацоўнічае як аўтар і аранжыроўшчык. У сааўтарстве працаваў над музыкай да фільмаў "Маёр Ветраў" і "У чэрвені 41-га". Па выніках Нацыянальнай музычнай прэміі мінулага года сумесна з Леанідам Шырыным перамог у намінацыі "Лепшы аўтар музыкі" (за кампазіцыю"Беларусь вялікая", якая суправаджала ўрачысты салют у час гала-канцэрта да Дня незалежнасці). У 2012-м стаў лаўрэатам Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі "Лепшы аранжыроўшчык".
Будзем спадзявацца, што музычнай Еўропе прыйдзецца даспадобы "Чызкейк" ад Тэа. Хоць, пагадзіцеся, спалучэнне "чызкейк ад Беларусі" гучыць дзіўнавата.
Дарэчы, нацыянальнага каларыту або чагосьці, што хоць аддалена пра яго нагадвала б, вызначаючы прыналежнасць артыстаў і песень да краіны Беларусь, ні ў адным з нумароў фіналістаў прыкметна не было. Што ўжо казаць пра родную мову ці хаця б пару яе слоў. А не выключана, што пачуць цікава было б Еўропе. Не фармат? Не зразумее? Але ж "Буранаўскіх бабулек" і на ўдмурцкім зразумела і прыняла.
У нас жа ледзь не ўсе конкурсныя кампазіцыі фіналістаў гучалі на англійскай. Зразумела - прыцэл на еўрапейскую публіку. Але вось парадокс. Выбіраюць песню для Еўропы тэлегледачы беларускія, большасць з якіх, адважуся выказаць здагадку, наўрад ці так дасканала валодаюць замежнай мовай, каб зразумець, пра што спяваюць. Сітуацыя падобная: "не чытаў, але асуджаю", дакладней, не разумею пра што, але галасую. За тэлекарцінку? За прычоску? За "фішку"? Ці добрая песня ўжо не прадугледжвае ўдалага спалучэння музыкі са словам?
І калі ўжо палезла ў бочку за дзёгцем... Гэтакі любімы і паважаны жывы гук (кажу без сарказму), з якім праходзілі выступленні фіналістаў, у тэлевізары глухі і невыразны. Больш-менш ніштавата гучалі ўсяго пара-тройка конкурсных нумароў. Не таму, што дрэнна спявалі, - каго-каго, але салістку оперы ў няўменні спяваць ніяк не западозрыш. Але для недасведчанага ў тонкасцях гукарэжысуры тэлегледача, чыё вуха даўно прывучана да "фанеры" тэлевізійных канцэртаў, выснова пасля фіналу несуцяшальная - ну і артысты, голасу не чуваць, а туды ж, на "Еўрабачанне". Крыўдна.
Еўрапейскі песенны конкурс пройдзе ў маі ў Капенгагене. Удзельнічаць у ім будуць не менш за трыццаць шэсць краін.

Ірына СВІРКО, "Р".