Сакрэтныя матэрыялы "Добрай ранiцы"

12.04.2007
"Звязда", 12 красавіка 2007 г.


Карэспандэнт "Звязды" стала тэлевядучай. На паўгадзiны
"Добрай ранiцы, Беларусь!" - пад гэтае прывiтанне-заклiк з тэлеэкранаў вось ужо дзесяць гадоў прачынаюцца мiльёны беларусаў. Пазiтыў, iнфармацыйная насычанасць, ненавязлiвасць, лёгкасць атмасферы - гэта i ёсць рэцэпт папулярнасцi. Нездарма ўвесь час свайго iснавання праграма лiчыцца адной з лепшых у ранiшнiм эфiры Беларусi.
"Мы неяк падлiчылi: за 10 гадоў праз эфiрную "кузню" прайшлi роўна 40 вядучых, iмёны якiх i сёння ўсiм знаёмыя - Кiрыл Слука, Сяргей Кухто, Яўген Юранаў, Надзея Герасiмчык, Ларыса Грыбалёва i iншыя "зоркi", - расказаў намеснiк дырэктара Першага канала Аляксандр Капёнкiн. Зараз на прамых эфiрах праграмы працуюць тры пары вядучых: Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў, Вольга Шлягер i Аляксандр Аўчыннiкаў, Вольга Водчыц i Дзмiтрый Карась. Акрамя таго, вiдэаагляды вядуць Валянцiна Мiшанева i Кацярына Купчанка. Усяго ж у студыi падчас кожнай праграмы працуе каля 20 чалавек, прычым для большасцi з iх падняцца а 5-й гадзiне ранiцы, каб на пачатку 8-й падарыць гледачам зарад бадзёрасцi i добрага настрою - справа звыклая i звычайная. "Падняцца не праблема, - жартуе легендарны аператар Вiктар Мiлько-Чарнаморац. - Затое ў дзевяць вечара ўжо валiшся з ног. Калi чалавек нават па жыццi сава, тэлебачанне з лёгкасцю ператварае ў жаўрука".

Шанц на сурвэтцы

Насамрэч юбiлей "Добрай ранiцы, Беларусь!" адзначыла яшчэ ў студзенi, але святочныя сюрпрызы будуць на працягу ўсяго года. Адным з падарункаў для праграмы стала новае афармленне, якое дадало дынамiчнасцi i фарбаў тэлевiзiйнай ранiцы - зразумела ж, добрай. У якасцi другога, напрыклад, задумана сабраць усiх вядучых - былых i цяперашнiх - у адной студыi. Кожнаму з iх ёсць што сказаць, галоўнае, каб часу хапiла.
Вiзiт у студыю "Добрай ранiцы, Беларусь!" журналiстаў рэспублiканскiх СМI - так, звычайная рабочая нагода, магчымасць "падгледзець" прамы эфiр. Пачаставалi чаем i печывам, запiсалi некалькi пажаданняў тэлевiзiйнiкам ад калег-газетчыкаў. Дзiўна было хiба толькi тое, што нас адразу папрасiлi далёка не разыходзiцца, а гледачам паабяцалi "перамену роляў".
- Будзеце рабiць выпуск праграмы, - патлумачыла выканаўчы прадзюсар Наталля Марынава. - Нехта стане рэжысёрам, нехта - аператарам, камусьцi дастанецца роля вядучага.
Наш лёс вырашылi... звычайныя сурвэткi, на кожнай з якiх стаяла лiчба - ад 1 да 13. У залежнасцi ад нумара, якi дастаўся, мы атрымлiвалi часовую "пасаду" i iшлi на iнструктаж да спецыялiстаў. Паралельна каманда тлумачыла, чым займаецца той цi iншы прафесiянал: адзiн пiша тэксты для праграмы, другi нясе адказнасць за тытры, трэцi пераключае вiдэасюжэты, чацвёрты сочыць за гукам, пяты кантралюе работу "тэлесуфлёра", шосты вядзе хранаметраж... I кожны - на сваiм месцы, i разам з тым у звязцы з iншымi, iнакш немагчыма падрыхтаваць якасны эфiр або справiцца з пазаштатнай сiтуацыяй.
Мне выпала - нiколi б не падумала! - роля вядучай. У кампанiю трапiлi таксама Iлья Свiрын з "Культуры" i Марына Кузьмiч з "Народнай газеты". Пакуль грымёр наводзiла прыгажосць, а асiстэнты мацавалi мiкрафоны, мы няўцямна пераглядвалiся: што гаварыць? Вось так, без рэпетыцыi, i адразу на камеру?
- Вушы! У вядучых няма вушэй! - раздаўся голас аднекуль зверху. Мы нервова схапiлiся за вушы - як быццам на месцы. Аказалася, трэба яшчэ прычапiць мiкраскапiчныя навушнiчкi.

Майстар-клас i першы блiн

- Не трэба так палохацца, - супакоiла нас Святлана Бароўская. Ёй лёгка гаварыць - яна профi, уладальнiца "Тэлевяршынi" як лепшая вядучая iнфармацыйна-забаўляльнай праграмы. - Галоўнае - расслабiцца. Лепш за ўсё ўявiць кагосьцi канкрэтнага - маму, дзiця, сябра - да каго i трэба звяртацца. I прывітальнае "Добрай ранiцы!" адрасаваць яму — тады выходзiць шчыра, i гэтая шчырасць пера-даецца ўсiм гледачам.
- Не хвалюйцеся, нiчога страшнага, - заўважыў, падыходзячы блiжэй, вядучы Аляксандр Паўлаў. - Галоўнае - сабрацца.
- Як - сабрацца? А Святлана сказала, разняволiцца... - зусiм згубiлiся мы.
- Разняволiцца ў сэнсе настрою, а сабрацца, каб вымавiць без памылак першыя словы: "Прывiтанне! Гэта праграма "Добрай ранiцы, Беларусь!" на Першым тэлеканале i спадарожнiкавым канале "Беларусь-ТБ". Далей ужо можна не так строга, даваць нешта ад сябе, толькi прытрымлiвацца сцэнарыя.
Голас зверху - з апаратнай - адлiчваў апошнiя секунды да "эфiру". Тры, два... Аператары - сапраўдны i новаспечаны - замахалi рукамi, маўляў, трэба ўжо гаварыць. Я падумала, што ранiца сёння, нягледзячы на снег, усё-ткi добрая, усмiхнулася ў камеру (цi ў тую, куды трэба было?) i, стараючыся не запiнацца, выдала на адным дыханнi вывучаны тэкст. Партнёр падхапiў. Хутка аркушы з тэкстам ужо не здавалiся адзiнай выратавальнай саломiнкай, i мы ўпрыгожылi яго "адсябяцiнай". Адну падводку нават забылiся прачытаць, за што атрымалi ад "выпускаючага рэдактара" абяцанне пазбавiць прэмii. У перапынках наш "рэдактар" строга наказваў: "Больш аптымiзму! Трэба, каб гледачы ўбачылi вас i павесялелi, а не заснулi! Менш глядзiце ў тэкст, размаўляйце на камеру!". "Аператары" забаранялi нам вельмi ўжо актыўна круцiцца на крэслах. Сапраўдныя вядучыя, седзячы збоку, па-за зонай бачання камер, зацiкаўлена глядзелi на "ролевыя гульнi" дарослых людзей. А мы... Нават пашкадавалi, што "эфiр" так хутка скончыўся.
- Ну, як глядзелася - не вельмi страшна? - звярнулiся мы па сваю порцыю крытыкi.
- Цудоўна атрымалася! - запэўнiла вядучая Вольга Шлягер. - Мы ўжо меркавалi тут, што канкурэнты прыйшлi. Толькi вось рэдактар вам трапiўся вельмi строгi - наш звычайна падбадзёрвае, што мы самыя лепшыя, што ўсё будзе выдатна.
- А на "эксперымент наадварот", адчуць сябе супрацоўнiкамi друкаваных выданняў, пагадзiлiся б?
- Гэта было б цiкава, новы вопыт, чаму не, - задумаўся Аляксандр Паўлаў.
З альтэрнатыўнага "выпуску" праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" тэлевiзiйнiкi паабяцалi захоўваць "кампрамат" для гiсторыi. З аднаго боку, не такi страшны эфiр, як яго малююць, дый не такi просты, як падаецца на першы погляд. Скажам, вядучы - гэта далёка не толькi "галава, якая гаворыць" - яму трэба завязаць дыялог з любым госцем у студыi, быць гатовым да нечаканасцяў (Святлана Бароўская расказала, што аднойчы знiк сцэнарый, i даводзiлася "выкручвацца", выдумляючы нейкiя рэпрызы ў фармаце праграмы), а таксама ўмець распараджацца часам - або цягнуць яго, колькi трэба, або наадварот, iмгненна "падразаць" прамову, каб яна пры тым не згубiла сэнсу. I яшчэ - шчыра ўсмiхацца, каб прапанова "Заставайцеся з намi" знаходзiла паўсюдны водгук. Затое прамы эфiр шчодра адорвае сваiх верных вядучых драйвам i пазiтыўнай энергетыкай. Яны таму ўсе так добра i выглядаюць - бо ранiца ў iх добрая... А ў вас?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.