Рызыка і загартоўка Дзмітрыя Лукшы

08.08.2014
"Звязда", 8 жніўня 2014 г.

 
Тэлевядучы ведае, як не пераблытаць "смажаны" факт з эксклюзівам.
Можна марыць быць хірургам, а потым жыццё складзецца так, што тваім скальпелем стане... слова. Так і адбылося ў выпадку Дзмітрыя Лукшы, які не першы год вядзе праграму "Зона Х" на "Беларусь 1" і з'яўляецца карэспандэнтам аддзела крымінальных навін. У тэме гэты хлопец вось ужо шосты год, але кажа, што стомленасці ад працоўных будняў не адчувае. Нават у адпачынак не збіраецца. Як ствараецца самая аўтарытэтная праграма крымінальнай хронікі на беларускім тэлебачанні, ці можа праца быць галоўным шчасцем і ці здольны выпадак сапсаваць жыццё, даведаліся ад яго самога.

- Нядаўна ты адзначыў 25-годдзе. Як адсвяткаваў дзень народзінаў?
- Да ўсіх свят я стаўлюся добра, але калі раней дзень нараджэння хацелася святкаваць, закаціўшы банкет на ўвесь свет, то з гадамі (можа, гэта выкліча ўсмешку) хочацца адзначаць яго больш спакойна, у коле блізкіх людзей. 25 гадоў, як мне некаторыя казалі, першы такі асэнсаваны юбілей, таму яго адзначаў шумна, аднак у кампаніі сям'і, сяброў і калег. Задаволены, бо было вельмі весела. Прыемна, што, як казаў кот Бегемот у Булгакава, ніхто не захварэў і не адмовіўся раздзяліць са мной такое свята.
Увогуле, думаю, што наступіў пэўны этап у жыцці, дзе мае значэнне не толькі праца, а і роздумы пра свой далейшы рух. Дарэчы, я выйграў спрэчку ў сваёй аднакласніцы, якой аднойчы сказаў, што ў 25 буду працаваць на тэлебачанні і стану вядучым праграмы. Вользе Бразінскай прывітанне!

- У працяг тэмы запытаю, як ты ставішся да падарункаў і якія найбольш парадавалі сёлета?
- З дзяцінства больш люблю атрымліваць падарункі, бо калі даводзіцца шукаць іх самому, то часам губляюся. Але дарыць іх мне таксама прыемна. Шчыра, вельмі люблю сюрпрызы. Калі ў мяне запытваюць, які хачу падарунак, то кажу: як ведаў бы, то сам бы сабе купіў. У гэты раз дарылі рознае. Напрыклад, добрыя напоі, бо многія мае сябры ведаюць, што збіраю калекцыю ў хатні бар. Сям'я спраўдзіла маю мару апошніх двух гадоў - у падарунак ад іх атрымаў швейцарскі гадзіннік. А ў цэлым выбіралі падарункі зыходзячы са сваіх ведаў пра мяне і мае захапленні.

- Ці бываюць знакі ўвагі ад аўдыторыі, улічваючы, што ты працуеш на тэлебачанні ў праграме "Зона Х"?
- Бывае, але ружанец, дзякаваць Богу, не прысылалі. На той жа дзень нараджэння атрымаў з дзясятак віншаванняў ад абсалютна незнаёмых людзей. А калегі віншавалі ў эфіры і ў канцы сказалі фразу, якой я звычайна заканчваю праграму: "Галоўнае, Дзіма, беражы сябе!"

- "Зона Х" - праграма спецыфічнай тэматыкі. Ці ёсць побач з удзячнасцю месца пагрозам?
- Усялякае бывала, аднак не скажу, што такое часта здараецца. Калі і паступае пэўны негатыў, то імкнуся не ўспрымаць яго сур'ёзна. Памятаю, аднойчы рабіў матэрыял пра секты - потым жанчына чакала мяне пасля эфіру ў фае. А так звычайна пагрозы чуеш, сустракаючы недзе нецвярозую моладзь, і пачынаюцца "панты". Нехта спатыкаецца, парушае закон, і тады замест таго, каб вінаваціць сябе, вінаватых пачынаюць шукаць сярод іншых. У тым ліку і сярод журналістаў, якія расказалі пра іх. Мне здаецца, такая тактыка не дае плёну, лепш бы іх родныя пайшлі і паставілі свечку ў царкве. А замест гэтага яны пішуць, тэлефануюць нам, пачынаюць пагражаць. Я не хачу нікога абвінавачваць ні ў чым, але лічу, што так нельга. Бо перш за ўсё чыніцца грэх, які на вас і вашых блізкіх людзях.

- Як праходзіць падрыхтоўка штодзённых выпускаў і выніковай праграмы?
- Яна праходзіць, можна сказаць, у рэжыме нон-стоп. За паўдня мы павінны сабраць максімальна інфармацыю, што, на шчасце, бывае цяжка зрабіць. А бывае, калі выпуск амаль сабраны, раптам здараецца пажар альбо аварыя ці нешта яшчэ. Пачынаеш усё перарабляць, мяняеш вёрстку сцэнарыя цалкам. Але ў нас усё трымаецца на ўзаемавыручцы калег. Інакш проста немагчыма ў нашай працы. Заўсёды трэба быць гатовымі да таго, што чакаць можна любых падзей. І неабходна граматна пра іх расказаць, таму што людзі хочуць бачыць апошнія навіны крымінальнай тэматыкі за дзень. Не раскажам пра нешта важнае - нас могуць проста не зразумець, і можна страціць аўтарытэт праграмы. А ён набываўся гадамі працы прафесіяналаў. Стараемся трымаць планку. Выніковая праграма змяшчае ў сабе самыя гучныя навіны за тыдзень. Часам нешта цікавае нават не заяўляем у штодзённым выпуску, каб прыберагчы да выніковага: карупцыйныя справы альбо проста нам тэлефануюць гледачы з "гарачымі" фактамі... Ёсць яшчэ і раніцай выпускі, дзе найбольш стараемся вытрымліваць мяжу паміж інфармацыяй і крыміналам. Хочацца ж не азмрочваць нікому пачатак дня.

- Ты не толькі вядучы, але і робіш сюжэты як карэспандэнт. Можаш параўнаць і сказаць, дзе табе больш падабаецца працаваць?
- За кадрам працаваць мне вельмі цікава. Разам з тым тут важна, каб вока "не замылілася" і праца не зводзілася да працэсу "дзеля галачкі". Трэба імкнуцца даведацца нейкія цікавыя падрабязнасці, кантэкст падзеі. Напрыклад, было, што сабака скочыў з задняга сядзення на вадзіцеля, і ўсё - аварыя. Альбо людзі ехалі з пахавання і па дарозе таксама траплялі ў аварыю і гінулі - такі вось лёс.
Праца вядучага мае свае цікавыя моманты, але, па сутнасці, ты стаіш у кадры і па-добраму зайздросціш сваім калегам "у полі". Калі ты будзеш рэпарцёрам, то не згубішся, як журналіст. Тандэм у адным чалавеку вядучага і рэпарцёра ў нас практыкуецца на многіх праграмах. І гэта вельмі класна для чалавека, які мае сваю тэму.

- Ці можна гаварыць аб прафесійным выгаранні?
- Я не магу сказаць, што стаміўся ад гэтай тэмы, хоць працую ў ёй ужо шэсць гадоў. І кожны раз пры падрыхтоўцы матэрыялу прысутнічае здаровы цынізм. Але разам з тым кожную сітуацыю прапускаеш праз сябе. Ты размаўляеш з роднымі і блізкімі загінулых, асуджаных, і такія моманты цябе загартоўваюць, даюць шанц вытрымаць чужое гора і рухацца далей у працы. Важную ролю адыгрывае акружэнне, у якім ты працуеш. Мне пашчасціла, бо я ў камандзе прафесіяналаў і добрых таварышаў.

- Што значыць для цябе тэлебачанне сёння?
- Можа, дзіўна прагучыць, але тэлебачанне - гэта маё жыццё, мая праца і маё ўсё. Нехта можа падумаць, што ў мяне нецікавае жыццё, калі ў ім шмат часу займае праца. Я ж лічу, каб добра рабіць сваю справу - трэба ёю жыць. І быць гатовым аддаваць ёй нават свой вольны час. Мае блізкія не заўсёды задаволены такім раскладам, а сястра наогул жартуе, што мне можна не думаць пра асабістае жыццё, бо я ўжо даўно і надзейна ажаніўся з працай. Але я шчаслівы і кожную раніцу з задавальненнем выходжу з дому і іду туды.

- У якім ключы хочаш развівацца далей?
- Хочацца свой праект. Не ведаю, у бліжэйшай будучыні ці ў перспектыве, але спадзяюся, ён будзе. Ёсць нават некаторыя ідэі. Што можа быць лепей, чым сваё дзецішча, зробленае табой ад "а" да "я". І хочацца нарэшце "Тэлевяршыню" атрымаць.

- Дарэчы, пра "Тэлевяршыню"... Летась ты стаў другім у намінацыі "Лепшы рэпарцёр". Скажы, як жа рабіць праграму "Зона Х" так, каб і гледачы цікавіліся, і прафесійная супольнасць адзначала?
- Пра поспех у гледачоў лепш спытаць у іх саміх. Я ж магу патлумачыць такую сітуацыю толькі тым, што, па-першае, у нас няма пагоні за сенсацыяй, чым грашаць многія калегі, асабліва ў Расіі, калі прафесійная этыка адкідваецца ўбок дзеля "прыгожых" кадраў. Мы стараемся не блытаць сенсацыю з эксклюзівам і не пераступаць цераз маральныя каштоўнасці дзеля сенсацыі. Перш чым цешыць сябе, што ўдалося раздабыць класныя кадры, варта думаць пра тое, што ты можаш зрабіць балюча іншым людзям. Па-другое, мы проста стараемся сумленна рабіць сваю працу. Мы журналісты крымінальнай праграмы, а не апошняя інстанцыя, якая выносіць прысуд.

- Напярэдадні новага сезона ці зменіцца нешта ў табе і ў праграме "Зона Х"?
- Я заняты ў адным праекце зусім іншай тэматыкі - з'явіцца праграма пра рыбалку з новым поглядам на гэты працэс. Таксама ў рамках праграмы рыхтуем некалькі фільмаў цікавых. Яшчэ буду рабіць вялікі фільм да Дня маці - такое прызнанне ў любові нашым матулям, што для мяне з'яўляецца добрай магчымасцю крыху пабыць у іншых эмоцыях.

- Тваё крэда "Не дазваляй выпадку сапсаваць табе жыццё" як дзейнічае?
- Раскажу сітуацыю, пасля якой гэтая фраза стала крэда майго жыцця. Мне было 19 гадоў тады. Верыў у дабро і быў у захапленні ад журналістыкі. Неяк мы зрабілі ў суаўтарстве адзін матэрыял. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але тыя, на каго ён быў нацэлены, успрынялі яго занадта востра. Пасля таго я адчуў, што пачалося на мяне сапраўднае цкаванне. Мне пагражалі. Не буду таіць, тады было складана. Зляцелі і разбіліся ружовыя акуляры, калі здавалася: вось зробіш некалькі сюжэтаў, і цябе ўжо будуць пазнаваць бабулі на вуліцы. Я зразумеў, як могуць ненавідзець. Але той выпадак мяне не зламаў, а наадварот загартаваў. А магло ж усё скласціся па-іншаму: апусціліся б рукі і, можа, наогул сышоў бы з прафесіі. І сёння, калі нешта здараецца ў тым ліку і па маёй віне, то стараюся зрабіць усё для выратавання сітуацыі.

Алена ДРАПКО.