Рыхтуйце сваю заяўку на ўдзел у радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі"

03.09.2015

"Звязда"

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачаў прыём заявак на ўдзел у V рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі", які праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва. Гэтым разам творчае спаборніцтва прымеркавана да Года моладзі і 90-годдзя Беларускага радыё.

Сёлета конкурс будзе праводзіцца з верасня па снежань па трох намінацыях: "Эстрадны вакал", "Інструментальная музыка, салісты" і "Спадчына" (творчы пошук у галіне фальклору і этнічнай музыкі).

У творчым спаборніцтве могуць прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікі музычных і эстрадных студый, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Узрост удзельнікаў вызначаецца на момант правядзення конкурснага праслухоўвання (на 1 лістапада 2015 г.).

Радыёконкурс, як і раней, будзе складацца з трох тураў:

І тур - папярэдні адбор і праслухоўванне заяўленых матэрыялаў (з 1 верасня да 1 лістапада 2015 г.).

ІІ тур - адбор запісаў канкурсантаў, якія прайшлі І тур, праслухоўванне іх у жывым выкананні прафесійным журы (пройдзе ў лістападзе 2015 года).

ІІІ тур - фінал радыёконкурсу, аб’яўленне і ўзнагароджанне пераможцаў (адбудзецца ў снежні 2015 г.).

Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве неабходна прадставіць два рознахарактарныя творы ва ўласным выкананні на аўдыяносьбітах альбо ў электронным выглядзе (запісы павінны быць зведзены ў студыйных умовах), заяўку на ўдзел у радыёконкурсе, суправаджальны ліст (рэзюмэ), фотаздымак у лічбавым фармаце (для размяшчэння на інтэрнэт-старонцы праекта) і копію дакумента, які пацвярджае ўзрост.

Заяўкі і запісы прымаюцца на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4. Альбо на электронны адрас tаlеntbеlаrus@gmаіl.соm.

Тэлефон для даведак: 8 (017) 284-32-05.

Падрабязную інфармацыю, палажэнне конкурсу, заяўка на ўдзел і навіны спаборніцтва, вынікі тураў будуць размешчаны на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё www.rаdіо1.bу.

Як адзначаюць арганізатары, па выніках 2014 года за паспяховае выступленне на ІV рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі" дваццаць два лаўрэаты адзначаны стыпендыямі і прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.