Рыхтуемся да конкурсу "Еўрабачанне-2005"

18.09.2004
“Культура”, 18 верасня 2004 г.


Прэс-канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рылаткі і генеральнага дырэктара дырэкцыі тэлевытворчасці Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Уладзіміра Ісата, прысвечаная падрыхтоўцы да тэлевізійнага конкурсу песні "Еўрабачанне-2005", прайшла ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Наша краіна ўжо пачала рыхтавацца да ўдзелу ў гэтым адказным песенным форуме, адзначыў Уладзімір Рылатка. У жніўні быў створаны арганізацыйны камітэт, які ўзначалілі намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дражын і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі. На першым пасяджэнні камітэта, якое прайшло 3 верасня, разгледжаны пытанні арганізацыйнага характару, прыняты працоўны план. Было зацверджана журы, якое ўзначаліў народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Фінберг. Зацверджана таксама палажэнне аб Нацыянальным конкурсе песні, які адначасова з'яўляецца і адборачным этапам міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні "Еўрабачанне-2005".

У.Рылатка падкрэсліў, што маючы адбыцца песенны форум - у першую чаргу, гэта конкурс песні. Перамогу атрымлівае песня, вядома, не без выканаўцы. Нацыянальны конкурс складаецца з трох тураў. У першым адбудзецца выбар прафесійным журы пятнаццаці песень і іх выканаўцаў для ўдзелу ў адборачным канцэрце. Другі этап - адборачны канцэрт, дзе будзе шляхам інтэрактыўнага глядацкага тэлегаласавання зроблены выбар трох песень і трох выканаўцаў для ўдзелу ў падрыхтоўцы да міжнароднага тэлевізійнага конкурсу. Трэці этап пройдзе з удзелам прафесійнага журы. Арганізацыйны камітэт прыме канчатковае рашэнне ў выбары пераможцы Нацыянальнага конкурсу і ўдзельніка тэлеконкурсу "Еўрабачанне-2005".

Паводле ўмоў конкурсу, на ім патрабуецца прадставіць новую песню, якая не павінна быць камерцыйна рэалізаваная да 1 кастрычніка 2004 года. Яна не можа да гэтага тэрміну з'яўляцца ў Інтэрнеце, быць запісана на кампакт-дыскі, яе нельга выконваць на адкрытых публічных канцэртах. Песня не павінна доўжыцца больш за тры хвіліны. Яна не павінна гучаць ні ў тэле-, ні ў радыёэфіры. Удзельнікі песні выконваць будуць "ужывую" ў суправаджэнні запісанай музыкі без вакалу любога выгляду або якіх-небудзь вакальных імітацый. Павінна будзе ісці фанаграма мінус адзін. Удзельнікам конкурсу можа быць любы выканаўца ва ўзросце, пачынаючы з шаснаццаці гадоў і далей.

Тэкст вершаў песні можа быць на беларускай або рускай мовах і на англійскай мове. Кампакт-дыск ці міні-дыск павінны быць зроблены ў сістэме мінус адзін. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй з паметкай "На конкурс "Еўрабачанне-2005" да 1 лістапада 2004 года. Правілы падачы будуць апублікаваныя ў газетах. Неабходную інфармацыю можна атрымліваць таксама на тэлебачанні і ў Міністэрстве культуры.

Да 10 лістапада прафесійнае журы разгледзіць усе матэрыялы, якія паступяць, і выбярэ пятнаццаць лепшых песень у выкананні ўдзельнікаў, каб потым яны прагучалі ў адборачным туры. Кожны ўдзельнік конкурсу да 22 лістапада падпіша спецыяльную дамову з Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй. I ў гэты ж перыяд пятнаццаць выканаўцаў разам з рэжысёрска-пастановачнай групай тэлерадыёкампаніі пачнуць рыхтавацца да адборачнага гала-канцэрта. У канцы лістапада Белтэлерадыёкампанія ажыццявіць тэлевізійны запіс канцэрта, і ён будзе паказаны ў першай дэкадзе снежня беларускай тэлеаўдыторыі. Удзельнікі конкурсу прадставяць свае нумары ў тым фармаце, які пакажуць на "Еўрабачанні-2005". Адбудзецца працэдура глядацкага галасавання.

На думку У.Рылаткі, разам з глядацкай ацэнкай павінна абавязкова прысутнічаць ацэнка прафесіяналаў: выбар лепшых патрабуе развітага густу і разумення сітуацыі, якасці музыкі. Пасля абрання трох выканаўцаў пачнецца новы этап. Іх падрыхтоўваюць да сур’ёзных прафесійных іспытаў. Да пачатку студзеня неабходна будзе выпусціць для кожнага з трох спевакоў высакаякасную фанаграму, бо патрабаванні да фанаграм, якія выкарыстоўваюць на Еўрабачанні, вельмі высокія. Звычайна іх рыхтуюць вядучыя гуказапісваючыя фірмы свету. Будуць таксама падрыхтаваны відэакліпы, якія потым пакажа тэлебачанне. За гэты месяц павінны быць падрыхтаваны канцэртныя нумары. На пачатку студзеня прафесійнае журы выбярэ таго аднаго, які будзе рыхтавацца да ўдзелу ў конкурсе песні "Еўрабачанне-2005". Будзе рыхтавацца таксама і дублёр.

Адказны момант - пастаноўка нумара, які павінен быць зроблены на вельмі высокім узроўні і адпавядаць стандартам. Будзе зроблены канчатковы запіс выступлення канкурсанта, і ён потым выправіцца ў падарожжа. Ён павінен праехаць некалькі, хаця б бліжэйшых, суседніх краін, і прадставіць там сваю песню, правесці прэс-канферэнцыі, даць інтэрв'ю дзеля таго, каб нашага выканаўцу ўбачыла максімальная колькасць гледачоў, якія потым будуць галасаваць за яго падчас правядзення конкурсу.

У лістападзе пройдуць Дні Украіны ў Беларусі, а ў наступным годзе адбудуцца Дні Беларусі на Украіне. Канцэртныя пляцоўкі, якія прадаставяць украінскія калегі, на думку У.Рылаткі, стануць у пэўным сэнсе стартавай пляцоўкай і для беларускага ўдзельніка конкурсу песні "Еўрабачанне-2005", які пройдзе ў маі ў Кіеве. Удзел ва ўсееўрапейскім песенным спаборніцтве дасць магчымасць папулярызаваць нашу маладую эстраду па-за межамі Беларусі. Падрыхтоўка да конкурсу песні "Еўрабачання" - вялікі стымул для творчай моладзі.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА.