Руслан Туркоў: "Урокі мінулага не ўсім на карысць"

03.04.2015 "Звязда"

Тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прадставяць маштабныя праекты і інтэрв’ю сведкаў тых падзей. З 3 красавіка ў спецпраекце "Нашы" ветэраны падзеляцца гісторыямі пра сваю вайну, з 6 красавіка ў рамках "Панарамы" пачне выходзіць рубрыка "Лісты Перамогі", дзе гледачы змогуць першымі даведаецца пра змест пісьмаў, знойдзеных у архівах Нацыянальнай бібліятэкі. А з 4 мая тэлеканал распачне паказ 4-серыйнага дакументальнага фільма "За секунду да подзвігу". Мы сустрэліся з яго вядучым, аўтарам сцэнарыя Русланам Турковым, каб пагаварыць пра гістарычную праўду, незасвоеныя ўрокі і сапраўдных герояў.

Перадаць гістарычную праўду

- Ваш новы праект павінен з’явіцца на экранах у маі. На якой стадыі цяпер праца над ім?- Матэрыял часткова ўжо зняты. У найбліжэйшы час плануецца камандзіроўка па знакавых мясцінах Беларусі; вядзём перамовы з музеямі, шукаем сведкаў тых падзей. У нашых пошуках нам будуць дапамагаць гісторыкі. Практыка паказвае, што часта на месцы падзей адкрываюцца раней не вядомыя факты… У праекце мы падрабязна раскажам пра подзвігі ў часы Вялікай Айчыннай вайны і пра людзей, якія іх здзейснілі. Працуем разам з беларускай кампаніяй "Варгеймінг". Наогул такога роду супрацоўніцтва - першы вопыт для Белтэлерадыёкампаніі. Аднаўленне пры дапамозе камп’ютарнай графікі баёў - гэта такі своеасаблівы падарунак ад Агенцтва тэлевізійных навін для ветэранаў і ўсіх нашых гледачоў. А вядучы будзе знаходзіцца ў цэнтры "бою"…

Ваенная тэматыка для мяне не ў навінку. Я заўсёды гэтым цікавіўся. Ёсць яшчэ і пачуццё абавязку - перадаць гістарычную праўду новым пакаленням. Таму што глядзіш часам на сучасную моладзь, у прыватнасці на еўрапейскую, і разумееш, што ўсё пераварочваецца з ног на галаву. Таму хочацца данесці ўсю праўду ад ветэранаў.

- Што чакае тэлегледачоў у выніку?
- Мы раскажам пра восем подзвігаў у чатырох серыях дакументальнага цыкла. Фільмы па 15 хвілін. Як я ўжо казаў, будзе камп’ютарная графіка, сведчанні сучаснікаў і аповед вядучага. Эксперты ў нас з Германіі, Расіі і Беларусі. У гэтым праекце мы расказваем пра подзвігі танкістаў і лётчыкаў, няхай даруе мне пяхота.

- Ці складана было адабраць менавіта восем подзвігаў?
- Подзвігаў насамрэч было шмат, таму мы адштурхоўваліся ад тых, якія здзяйсняліся першымі. Кожны подзвіг - гэта збег абставін, нюансы і настрой чалавека. Савецкі народ, выхаваны на фільмах тых часоў, дзе "шашка ёсць - і ўсіх прагонім", не разумеў да канца, як супрацьстаяць невядомай сіле. І здзяйсняць подзвігі ў пачатку вайны, я лічу, было само па сабе подзвігам. Ісці на таран, кідацца на амбразуру, на танк - людзі гатовы былі змагацца да канца. Уражвае гісторыя лётчыка Мамкіна, які падчас вайны вывозіў на самалёце нашых дзяцей і параненых з партызанскіх раёнаў. Калі яго самалёт збілі, то чалавек, практычна абгарэўшы да касцей, пасадзіў самалёт і выратаваў сваіх пасажыраў. А праз некалькі дзён памёр… Ці бітва пад Сянно, пра якую маўчалі, бо тады мы прайгралі. Уяўляеце, пачатак вайны, бензінавыя танкі… Годна супрацьстаяць ворагу мы не маглі, але ж на некалькі кіламетраў удалося адкінуць фронт. Там ёсць памятны знак, але сама бітва не разрэкламавана так, як, напрыклад, Курская… Пра ўсё мы раскажам падрабязна.

Памерці, але не здацца

- Якая каманда працуе над праектам?
- Стварэнне любога праекта - праца калектыўная. На новым праекце ў нас задзейнічаны рэжысёр Андрэй Туркоў, галоўны прадзюсар Марат Маркаў, тры аператары - Мікалай Рузавін, Юрый Сахадзэ, Дзяніс Сакалоўскі. Вялікую ўвагу надаю рэжысёрскай рабоце. Яшчэ, на маю думку, 60 працэнтаў поспеху - гэта добрае агучванне. Я заўсёды жорстка стаўлюся да сябе, і такая ж мая пазіцыя ў дачыненні да людзей, з якімі працую. У гэтым праекце ўсё самае важнае мы імкнёмся змясціць у даволі кароткі час. І хочацца, каб у гледача пасля прагляду фільмаў узнікала пачуццё гонару за людзей, якія здзейснілі подзвігі, каб аўдыторыя змагла іх зразумець і адчуць.

- Сутыкаючыся так блізка з падзеямі ваенных часоў, пра што вы думаеце?
- Думаю перш за ўсё, як бы я сам рэагаваў, што б выбраў у пэўных абставінах… У той час людзі верылі ў перамогу, хоць у многіх была крыўда за раскулачванне. У прынцыпе, Гітлер, мабыць, і разлічваў, што народ павернецца да яго пасля ўсіх жудасных падзей 30-х гадоў. Але ён недаацэньваў славянскі характар, калі людзі гатовы ахвяраваць усім і памерці, але не здацца.

- Назіраючы за падзеямі ў суседняй краіне, з болем думаеш, быццам ніякага ўроку з той вайны яны не вынеслі…
- Не хацелася б, каб ваенныя дзеянні працягваліся, аднак урокі мінулага не ўсім на карысць. Каб жудасныя падзеі не паўтараліся, патрэбны і мы, журналісты. Трэба нагадваць пра той час і яго наступствы. Варта не забываць, што за свае памылкі давядзецца аднойчы расплачвацца.

Фіксаваць жыццё з розных ракурсаў

- Калі гаварыць пра вашы дакументальныя фільмы, то якія прынцыпы для вас найбольш важныя ў працы?
- У першую чаргу, безумоўна, даставернасць інфармацыі. А яшчэ - глядзець на любую сітуацыю з пазіцыі двух бакоў. Калі ў нас былі здымкі ў Валгаградзе, то адзін ветэран расказаў, што падчас бітвы за Сталінград людзі галадалі і, калі самалёты скідвалі ежу і яна аказвалася на мяжы двух франтоў, то бой спыняўся: спачатку нашы бралі прадукты, а потым адпаўзалі і давалі магчымасць зрабіць тое ж нямецкім салдатам… І, заўважце, яны былі салдатамі, ваявалі!.. Я сустракаўся з кавалерам ордэна Славы трох ступеняў Віктарам Веташкіным, і ён расказваў, як у Берліне неяк зайшоў у адзін дом, каб папрасіць рыдлёўку для пахавання свайго таварыша, а гаспадыня адразу паказала яму загад Жукава, паводле якога забаранялася чапаць мірнае насельніцтва. Ён падумаў: вось бы Гітлер так зрабіў… Важна глядзець на падзеі з розных ракурсаў.

- Ці складана псіхалагічна працаваць над праектамі ваеннай тэматыкі?
- Без эмацыянальных выдаткаў не абысціся. Пачынаючы з напісання сцэнарыя - калі ты хочаш, каб ён атрымаўся добрым, то разумееш, што неабходна энергетыка таго часу. Таму, працуючы над важнымі праектамі, еду на некалькі дзён да бацькоў, каб пабыць у цішыні і засяродзіцца на працы. Дзякаваць Богу, жонка мая таксама журналіст, таму добра мяне разумее. А потым, калі напісаны сцэнарый, сабраны добры матэрыял і ўсё з’яўляецца ў эфіры, еду на рыбалку аднаўляць сілы.

- На што вы гатовы дзеля добрага матэрыялу?
- Сказаць, быццам дзеля добрага матэрыялу я гатовы на ўсё - будзе надта гучна. Але я магу рызыкаваць сабой і не шкадаваць уласнага здароўя. Бывае, не спіш начамі, калі працуеш над нейкім цікавым праектам. Часта ідэі з’яўляюцца ў сне. Тады галоўнае - паспець зафіксаваць убачанае. А калі потым увасабляеш гэта на экране, то з’яўляюцца неверагодныя адчуванні…

Я рэдка гляджу дакументальныя фільмы, бо не хочацца паўтарацца ў сваіх уласных праектах. Куды цікавей да нейкіх высноў і прафесійных адкрыццяў дайсці самастойна. Да гэтага і імкнуся.

Алена ДРАПКО.