Руслан Асланаў: "Заплакаў, даведаўшыся пра перамогу"

10.09.2015

"Звязда"

Сёлета на Міжнародным дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2015" нашу краіну будзе прадстаўляць Руслан Асланаў. Хлопчык займаецца вакалам з дзяцінства і сёння ўжо мае шэраг дасягненняў. Напрыклад, на ўкраінскім шоу талентаў "Голас. Дзеці" стаў суперфіналістам, а ў мінулым годзе заняў трэцяе месца на дзіцячай "Новай хвалі". Мы сустрэліся з канкурсантам і яго маці. І ён расказаў, якой музыкай захапляецца, ці дапамагае яму артыстызм у вучобе і ў каго вучыцца быць сапраўдным мужчынам.

Нацыянальны адбор на конкурс "Еўрабачанне" ён пакарыў з другой спробы (папярэдняя была два гады таму). Выканаўшы песню "Чараўніцтва", юны артыст заваяваў сэрцы і журы, і тэлегледачоў і, атрымаўшы найвышэйшыя балы, перамог.

- Руслан, раскажы, як з’явілася песня і ці прысвечана яна камусьці канкрэтна?

- Мая кампазіцыя - гэта аповед пра чароўную сілу кахання. У мяне ёсць чалавек, якому я яе прысвячаю, але раскрываць сакрэтаў не стану. Стваралася песня ў суаўтарстве: я пісаў тэкст сумесна з Віталем Кураўскім, а музыку - Руслан Квінт.

- Што адчуваў, даведаўшыся пра перамогу?

- Я ішоў да гэтага два апошнія гады. Мы ўсе вельмі ўзрадаваліся, бо трапіць на такі конкурс - мара, можна сказаць, не толькі мая, але і маіх блізкіх. Калі пачуў вынік і зразумеў, што перамог, то эмоцыі былі проста неверагодныя. Я нават упершыню заплакаў.

- Ты памятаеш сваё хваляванне на першым сур’ёзным выступленні?

- Яно было вельмі вясёлым, мы выступалі з дзіцячым ансамблем "Буслік". Тады мне давялося спяваць пад фанаграму, чым страшэнна быў незадаволены. А першы сольны конкурс мой быў у Балгарыі - "Славянскі вянец". Увогуле з кожным праектам, конкурсам, канцэртам я назапашваю новы вопыт, як павінен паводзіць сябе артыст на сцэне. І з кожным годам усё больш камфортна там пачуваюся.

- З якім настроем збіраешся зноў вярнуцца ў Балгарыю?

- Тады я перамог на конкурсе. Цяпер жа буду змагацца за званне самага лепшага ўжо на больш сур’ёзным узроўні. Трэба зрабіць усё, каб на наступны год "Еўрабачанне" прыехала ў Беларусь. Праўда, пра зборы пакуль не думаем. Вырашаем арганізацыйныя пытанні. Цяпер цалкам пераключыўся на вучэбны працэс.

Вучыцца Руслан шмат, ён амаль што выдатнік у гімназіі, паралельна займаецца ў музычнай школе па класе саксафона і паспявае пры гэтым дэманстраваць свае здольнасці на розных вакальных спаборніцтвах. І часта пра нешта марыць (можа, уяўляе запаветны дзень, калі атрымае Grammy ці збярэ стадыён на сваім канцэрце?), што заўважаюць нават настаўнікі.

- Складана пераключацца, сумяшчаць вучобу ў школе і артыстычныя будні?

- Тут шмат што залежыць ад паразумення з настаўнікамі. Сёлета да мяне ставіліся лаяльна. Але я заўсёды імкнуся да добрых вынікаў, як у вучобе, так і ў музыцы. І сёння ўпершыню адчуў, што мне хочацца ісці ў школу. У мінулым годзе давялося шмат прапусціць, бо мы практычна жылі ў Кіеве, калі ішоў "Голас". А наперадзе - падрыхтоўка да "Еўрабачання". Чакаю ад сябе і на конкурсе, і ў вучобе добрых поспехаў.

- Жыць у рытме раз’ездаў, канцэртаў, рэпетыцый табе падабаецца?

- Я не магу проста сядзець на адным месцы і нічога не рабіць альбо займацца руціннай працай. Калі ёсць нейкі праект, то дома мяне ўжо не ўбачыш. Напрыклад, конкурс "Новая хваля" дае мне магчымасць знаёміцца з вядомымі музыкантамі. Летам я выступаў з гуртом "Піца". І мы з сям’ёй больш за тыдзень былі ў Ялце. Нават па бацьках не сумую, бо мама ці тата заўсёды побач са мной. Мне падабаецца бываць у розных краінах і заводзіць кантакты з новымі людзьмі. Ніякі артыст ад такога не адмовіцца.

…Мяне здзівіла, калі мама расказала, што Руслан на сцэне рухавы і артыстычны, у звычайным жыцці - вельмі сціплы і спакойны. Аднак хлопец заўважыў: "Апошнім часам хочацца пахуліганіць". І гэта пры тым, што рэдка калі можна было заўважыць яго ў бойках з аднагодкамі, хоць заўсёды заступаўся за дзяўчат, не разумеючы, як іх можна ўвогуле крыўдзіць. Яму 13 гадоў - якраз той узрост, калі так хочацца быць не падобным да іншых. Змяняюцца музычныя густы, з’яўляюцца новыя героі. Зараз ён любіць слухаць групу Rammsteіn і джаз, пры магчымасці гуляе з сябрамі ў футбол і "хварэе" за каманду "Баварыя". Але знаходзіць таксама час, каб дапамагчы бацькам па хатніх справах.

- Магу памыць машыну, у хаце папылясосіць. А бывае, што маці дапамагаю гатаваць нешта смачнае. Амлет, яечню, нават торт магу спячы.

- Калі ездзілі на "Голас", то ў эфіры аднаго ўкраінскага тэлеканала ён гатаваў бульбяную бабку, чым вельмі развесяліў усю здымачную групу. Мы нават на цягнік ледзь не спазніліся, - успамінае адну з "кулінарных" прыгод сына маці Ганна Валянцінаўна.

- Руслан, скажы, а ў чым бацька з’яўляецца для цябе прыкладам?

- Бацька для мяне - узор таго, якім павінен быць сапраўдны мужчына. Ён можа быць строгім, але насамрэч вельмі добры і з выдатным пачуццём гумару. А яшчэ мудры. Мяне ён выхоўвае на прыкладах са свайго жыцця. Так, ад яго я ведаю, што ў нейкай спрэчцы лепш тлумачыць сваю пазіцыю словамі, а не кулакамі. У чым часта дапамагае ўсходняя мудрасць.

- А сяброў у цябе шмат?

- Не вельмі, але ёсць сапраўдныя. Ведаеце, часам здаецца, быццам сябруеш з кімсьці, і ў вас усё добра. Потым здараецца нешта дрэннае, і ты разумееш, што твой сябар не ратуе цябе, а "дабівае". Аднак і я не ідэальны. Ёсць у мяне сябар, з якім мы знаёмыя даўно. Ён жыве ў Буда-Кашалёве і крыўдзіцца, калі паміж намі страчваецца сувязь. Але гэта той чалавек, які з самага пачатку бачыў мой рост у музыцы. І калі мне аднойчы спатрэбіцца яго дапамога, то я магу нават яму не гаварыць, ён ужо ўсё зробіць…

Слухаючы такія разважанні зусім юнага артыста, становіцца зразумела, што Руслан зможа дасягнуць многага. Ён шмат працуе. А побач заўсёды ёсць людзі, якія падтрымліваюць, вераць і кантралююць, каб галава ад поспеху не закружылася…

Алена ДРАПКО.