Румыны спяюць "усiм светам"

05.04.2007
"Звязда", 5 красавіка 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
Назву праекта, якi прадставiць сёлета на еўрасцэне Румынiю, прыкладна так i можна перакласцi - "Увесь свет". Адно слова ўзялi з iтальянскай мовы, адно з iспанскай. Атрымалася "Todomondo". Гэта шасцёра абаяльных мужчын, якiя аб’ядналiся ў 2007 годзе ў адзiн творчы рух адмыслова для ўдзелу ў конкурсе.
Мультылiнгвiстычная песня "Liubi, liubi, I love you" прыйшла ў галаву кампазiтару - Багдану Таскау, вядомаму таксама як Мiстар М. Спачатку кампазiцыя была разлiчана на двух чалавек, але потым склад выканаўцаў пашырыўся. У вынiку Багдан выконвае куплет на iспанскай мове, аўтары слоў Камара Гедзi i Улад Крэцу спяваюць па-французску i па-англiйску адпаведна, ураджэнец Украiны Валерыу Раеляну спявае куплет на рускай мове, Чыра дэ Лука - на iтальянскай, Андрэй Стэфанэску - на румынскай. "Калi аднаму цяжка пазнаёмiцца з дзяўчынай, то ўшасцёх яе лягчэй пераканаць", - жартуюць на гэты конт артысты. Удзельнiкi праекта нават далi адзiн аднаму жартаўлiвыя мянушкi - у залежнасцi ад таго, хто на якой мове спявае. Адметна, што практычна ўсе выканаўцы паасобку - сталыя i прафесiйныя музыканты. Скажам, Камара i Андрэй стварылi дуэт "Alb Negru" i паспелi запiсаць альбом, iтальянец Чыра дэ Лука сольна выпусцiў ажно тры пласцiнкi, Улад Крэцу - удзельнiк адразу двух гуртоў, Богдан Таскау - кампазiтар, менеджар i прадзюсар.
Што да песнi - з самой назвы вынiкае, што спяваюць пра каханне. "Мы хацелi даказаць, што для кахання не iснуе межаў - нi моўных, нi рэлiгiйных (частка з нас праваслаўныя, частка - католiкi), нi расавых - нiякiх!" - так прадстаўляюць сваю пазiтыўную кампазiцыю выканаўцы. Iх, дарэчы, па стылю ўжо многiя параўноўваюць з беларускiм гуртом "The Project" - а самiм артыстам падабаецца музычны накiрунак Украiны ў асобе Веркi Сярдзючкi. Што да Калдуна, то з iм румынскiя прадстаўнiкi пазнаёмiлiся падчас выступлення на Кiпры i апiсалi свае ўражаннi ад песнi коратка: "Калi Калдуну ёсць што сказаць гледачам, калi ён у сабе ўпэўнены - чакаем яго ў фiнале!".
У Беларусi ж артыстаў уразiлi... прыгожыя дзяўчаты (у тым лiку журналiсткi), дарогi (у адрозненне ад Бухарэста, шырокiя i вольныя ад "пробак") i ўтульны стары горад. Менавiта ў такiм парадку.
- Праект створаны спецыяльна для "Еўрабачання". Атрымлiваецца, пасля конкурсу ён перастане iснаваць? - спыталiся мы.
- Нi ў якiм выпадку! - паабяцаў рускамоўны ўдзельнiк гурта i прафесiйны перакладчык Валерыу Раеляну. - Нам падабаецца iграць разам, мы рэпецiруем кожную вольную хвiлiнку, плануем запiсаць альбом, у якi трапяць песнi на розных мовах. Ёсць нават некалькi прапаноў ад замежных гуказапiсных кампанiй, якiя зацiкавiлiся нашай музыкай.
У далейшых планах "Todomondo" - вiзiты ў Турцыю, Грэцыю i Мальту. А нам з вамi, шаноўныя тэлегледачы, на працягу красавiка абяцаецца знаёмства - жыўцом або хоць бы ў клiпах - з усiмi без выключэння ўдзельнiкамi сёлетняга "Еўрабачання".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.