Ролiкi i табурэт выклiкалi палемiку

01.12.2006
"Звязда", 1 снежня 2006 г.


Самым дапытлiвым i нецярплiвым аматарам тэлевiзiйнага праекта "Танцуюць усе", якiя жадаюць ведаць больш, чым астатнiя прыхiльнiкi шоу Дзмiтрыя Карася па тэлеканалу "ЛАД" (у эфiры толькi паказваецца адбор удзельнiкаў), паведамiм, што ўжо запiсана некалькi канцэртаў. Раскажам аб самым цiкавым, што адбывалася за кадрам.
Спачатку адкрыем карты: сярод шасцi фiналiстаў, якiя змагаюцца за галоўны прыз, брыльянт, i за ўдзел у майстар-класе харэографа расiйскага тэлепраекта "Фабрыка зорак" Ягора Дружынiна, - беларуская спявачка Аляксандра Гайдук, рэжысёр i вядучая дзiцячых свят Настасся Малекiна, навуковы супрацоўнiк Дзмiтрый Рудэнка, супрацоўнiк мiнскага метрапалiтэна Васiль Гайсенка, настаўнiца пачатковых класаў Наталля Макарэвiч (яна не мае дачынення да знакамiтага расiйскага спевака), студэнт Iгар Iваноў. Дарэчы, кожны з iх вырашыў паспрабаваць свае сiлы па розных прычынах. Напрыклад, Васiль жадаў трапiць на праект, каб... знайсцi жонку, бо ўпэўнены, што ў "блакiтным экране" жанiха абавязкова заўважыць яго Адзiная; Аляксандры захацелася не толькi палепшыць свае танцавальныя здольнасцi для больш яркага прадстаўлення песень на сцэне, але i здзейснiць жаданне мацi, якая марыла, каб дачка стала балерынай. Аднак на самай справе ёй i астатнiм удзельнiкам давялося вучыцца брэйк-дансу, народным, сучасным, бальным i ўсходнiм танцам.
Канцэрт запiсвалi ў сталiчным Палацы культуры прафсаюзаў, у прыгожай зале з калонамi. Самае неверагоднае, што сачылi за танцорамi i выстаўлялi iм балы за мастацтва Тэрпсiхоры... два журы - прафесiйнае i аматарскае, куды ўваходзiлi сябры i родныя фiналiстаў. Па задумцы аўтара тэлепраекта Дзмiтрыя Карася, другая брыгада арбiтраў, якая мае непасрэднае дачыненне да ўдзельнiкаў, запрошана спецыяльна, каб паказаць гледачам, наколькi непрадузятымi акажуцца мацi, сяброўкi i iншыя "свае людзi". Акрамя таго яны павiнны ўступаць у дыскусiю з прафесiяналамi, якiя таксама памыляюцца, бо чалавек - суб’ектыўны ад прыроды. Праўда, падставы для спрэчак былi не толькi памiж аматарамi i прафесiяналамi, адбывалiся i ўнутраныя канфлiкты памiж членамi адной брыгады. Напрыклад, сяброўка аднаго з фiналiстаў высока ацанiла кадрылю ад Аляксандры Гайдук, бо тая ў час танца звалiлася з табурэта, але цудоўна абыграла сваю памылку, быццам так i трэба (запiсвалася дзве версii выступлення, таму ў эфiры тэлевiзiйнiкi могуць i не паказаць гэты выпадак), а вось некаторыя аматары, наадварот, накiнулiся на спявачку: маўляў, яна танцавала не надта эмацыянальна, не заводзiла залу. У прынцыпе, цi лёгка знакамiтасцi быць у аднолькавых умовах са "звычайнымi смяротнымi", можаце даведацца самi.
Асаблiва адзначу судзейства самага строгага прафесiянала Iгара Краўчанкi, артыста Дзяржаўнага ансамбля танца краiны. Яшчэ на адборы на праект "ЛАДа" ён напужаў шэраг смельчакоў сваiмi катэгарычнымi заявамi ("Вы што, здзекуецеся? На нашым праекце вам не месца! Прынясiце пашпарт, а то па выгляду вам яшчэ з хвосцiкамi хадзiць!") i рознымi заданнямi - выканаць "бярозку", стойку на галаве i нават песню. Суб’ектыўнасць жа Iгара заключалася ў асаблiвых адносiнах да народнага танца: калi на канцэрце фiналiст выконваў, скажам, самбу, гэта не выклiкала ў Краўчанкi столькi ж эмоцый, як кадрыля.
За час запiсу праграмы ўдалося пагутарыць з некаторымi ўдзельнiкамi наконт умоў заняткаў i iх танцавальных вобразаў. Так, Наталлю Макарэвiч засмуцiла тое, што ёй, настаўнiцы пачатковых класаў прапануюць быць разбэшчанай, гарачай жанчынай, якая спакушае мужчын: "Што мне на гэта ў школе скажуць калегi, вучнi i iх бацькi?". Аляксандра Гайдук, як высветлiлася, прагуляла некалькi рэпетыцый з-за сваёй музычнай кар’еры.
Дарэчы, днямi быў запiсаны i другi канцэрт, у якiм разгарэлася палемiка. Па-першае, наконт выканання танца жывата... на ролiках, ды яшчэ мужчынам. За свайго падначаленага вельмi заступалася ўладальнiца Кубка свету па арабскiх танцах Ясмiн: "Гэта спалучэнне сучаснага i традыцыйнага, яго бачанне танца жывата". Аднак аматары пратэставалi: "Гэта нумар для паказальнай праграмы, а не для спаборнiцтваў! Як нам параўноўваць яго з iншымi?". Быў i яшчэ адзiн канфлiкт: жанчына выконвала мужчынскi танец са складанымi сучаснымi рухамi, i прафесiяналы абвiнавацiлi яе ў нежаноцкасцi i дрэнным падборы адзення. Аднак удзельнiца не разгубiлася: "Для мяне не мае сэнсу, якiя адзнакi вы ставiце, бо сёння на мяне прыйшла паглядзець i падтрымаць сама Алена Грышанава". Чаму "зорка" завiтала на запiс? Хутка пабачыце, а таксама даведаецеся, па якой прычыне Iгар Краўчанка сказаў Аляксандры Гайдук, што не бачыў танца...

Iрына ПРЫМАК.