Родны эфір

19.01.2011
"Звязда", 19 студзеня 2011 г.

 
Мы ведаем, для чаго ён патрэбны, гэты ўсемагутны ў наш час тэлеэфір. Ведаем пра яго магчымасці ўплываць на свядомасць людзей, адкрываючы сваю краіну і яе асоб наноў з нечаканага боку з кожнай навіной і з кожным сюжэтам. Але мы заўважаем і яго заганы і з задавальненнем абмяркоўваем з блізкімі і сябрамі, як можна было б удасканаліць айчыннае тэлебачанне. Генадзь Давыдзька, які быў прызначаны новым старшынёй Белтэлерадыёкампаніі, цяпер будзе не толькі абмяркоўваць, але і ўплываць на якасць таго самага тэлеэфіру, пра што і як ён гаворыць. І на якой мове. Дзеля большага ўжывання беларускай мовы на нашым тэлебачанні Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, сустракаўся з Генадзем Давыдзькам.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:
- Я прапанаваў 9 пунктаў, якія можна было б рэалізаваць. Вядома, самым істотным крокам мог бы стаць перавод аднаго з айчынных тэлеканалаў цалкам на беларускую мову, як гэта ёсць у некаторых двухмоўных краінах, напрыклад, Казахстане ці Ірландыі. Аднак на гэта патрэбны час, заўважыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Таму пачынаць можна з лакальных крокаў.

- Як паставіліся да іншых вашых прапаноў?
- Лічу, што паставіліся добра, тым больш што мы даўно знаёмыя. Мне было прасцей з ім размаўляць. Дарэчы, папярэдняя сустрэча з Зімоўскім таксама дала пэўны плён. Мы пачалі з таго, што было зроблена тады, што было не зроблена. І я прапанаваў новаму старшыні пайсці далей. І для пачатку прапанаваў з 1 лютага ўсе навіны на Першым тэлеканале рабіць на дзвюх мовах, а не па-руску, як зараз гэта робяць. Ён паабяцаў.

- На дзвюх мовах - гэта як? Адна па-руску, другая па-беларуску?
- Не. Навіны на тэлебачанні ідуць праз гадзіну. Напрыклад, у 8 гадзін па-беларуску, у 9 тое ж самае гучыць па-руску. Я супраць трасянкі. Я за тое, каб навіны былі на адной мове. Ён пагадзіўся. Вось паглядзім, ці ажыццявіцца гэтая прапанова.

- Пра пашырэнне арыгінальных праграм на беларускай мове ішла гаворка?
- Я цэлы спіс занёс. Напрыклад, прапанаваў такую праграму, як "Беларускі тэатр на БТ", каб лепшыя пастаноўкі Купалаўскага і Коласаўскага тэатра паказвалі. А ён сказаў, што і сам гэта зробіць, ён жа вядомы акцёр. Мы вельмі былі задаволеныя, што нашы думкі супадаюць. Потым я прапанаваў зняць дакументальна-мастацкі фільм да юбілею кірыліцы і дзейнасці Кірылы і Мяфодзія, праз 2 гады будзем адзначаць 1150 гадоў. Калісьці мы сустракаліся з Зімоўскім, каб зняць фільм пра Грунвальд, і БТ падрыхтавала 5 серый фільма. Цяпер мы мяркуем, каб БТ паказала фільм пра Кірылу і Мяфодзія, пра алфавіт, тут жа са Скарынам можна звязаць. Можна некалькі серый прысвяціць гісторыі нашай кірыліцы, гэта ж унікальная рэч. Старшыня БТ таксама з гэтым пагадзіўся. Мог бы быць зроблены цыкл беларускамоўных перадач, напрыклад, "Шэдэўры беларускага дойлідства", "Нашы выбітныя землякі", "Беларусы ў свеце", праграма па гісторыі беларускай тапанімікі і гэтак далей.

- Калісьці ў нас на тэлебачанні ішлі фільмы па-беларуску...
- Было, французскія фільмы агучваліся па-беларуску. Гэта ўсё я яму сказаў. Пра тое, каб былі пераклады на беларускую мову замежных фільмаў, асабліва тых, якія на рускую мову не перакладаюць. Лічу, што сустрэча была плённай. А як будзе далей, паглядзім на вынікі.

- Вы час ад часу маеце стасункі з прадстаўнікамі ўлады. Ці ведзяце гаворку пра перспектывы ўжывання беларускай мовы?
- Літаральна на днях я сустракаўся і з новым прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, і з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімірам Макеем. Мы з імі размаўляем толькі па-беларуску. Вельмі важна, каб людзі не баяліся гаварыць, не чакаючы, пакуль ім начальства загадае. Тут такое правіла: каб кожны чалавек разумеў, што толькі тады ён будзе грамадзянінам, калі будзе паўсюдна гаварыць па-беларуску. Не трэба навязваць іншаму чалавеку беларускую мову, але і самому ніколі не трэба ад яе адмаўляцца. І будзе добра. Тым больш што я не сумняваюся: нейкія зрухі будуць. Нядаўна былі ўрачыстасці з нагоды ўручэння прэмій за духоўнае адраджэнне. На гэтым мерапрыемстве я быў, яно ў асноўным ішло па-беларуску. Вядоўцы былі беларускамоўныя, палова нумароў, а можа і больш, выконваліся па-беларуску. І прэміі давалі нашым фальклорным ансамблям, напрыклад, "Церніцы", якая па-беларуску спявае. Ёсць невялікія зрухі. Каб сказаць, што яны надта вялікія, то гэта не зусім так. Але я спадзяюся на новага міністра адукацыі.

- З ім сустрэчы ў вас не было?
- Пакуль не было. Але мы таксама з ім знаёмыя, я думаю, што сустрэча будзе. Ён быў калісьці рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта і пры ім, дарэчы, беларускай мовы было значна больш, чым цяпер. Ён быў дэпутатам, вопыт у яго някепскі. Таму я спадзяюся, што горш не будзе, а будзе лепш.

- Беларуская мова - наша мова будучыні?
- Я думаю, што беларуская мова - гэта мова наша сённяшняя. І ў будучыні павінна захавацца і развівацца. Бо калі мы ўсё пакінем на будучыню, то як жа яна ўзнікне без сённяшняга дня? Трэба сёння пра гэта думаць.

Ларыса ЦІМОШЫК.