Ранiца з новым тварам

24.03.2009
"Звязда", 24 сакавіка 2009 г.


Дакладней, з двума. У праграму Першага канала "Добрай ранiцы, Беларусь!" вяртаецца тэлевядучая Вольга Шлягер, якой падабралi новага напарнiка.
Крыху больш за год таму, нагадаем, Вольга Шлягер часова пакiнула эфiр, бо рыхтавалася стаць мацi. Але ўсяго праз тры месяцы пасля нараджэння сына вярнулася да працы на тэлебачаннi - спачатку ў якасцi выканаўчага прадзюсара тэлеканала "ЛАД" i куратара праграмы "Беларуская часiнка", цяпер - зноў у якасцi тэлевядучай.
Каб падабраць пару для Вольгi, мастацкая рада Белтэлерадыёкампанii наладзiла адмысловы кастынг. У вынiку месца сувядучага дасталася дыджэю Глебу Давыдаву. "Я вельмi рада такому напарнiку, - сцвярджае Вольга, - ён яркi, усмешлiвы, але разам з тым мужны". Першы эфiр новаўтвораная пара праводзіць сёння, 24 сакавiка. Такiм чынам, цяпер у "Добрай ранiцы, Беларусь!" будуць чаргавацца чатыры пары вядучых: Вольга Шлягер i Глеб Давыдаў, Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў, Вольга Водчыц i Дзмiтрый Карась, Алена Мiхалоўская i Аляксандр Аўчыннiкаў. Праўда, у найблiжэйшы час апошнiх мы не ўбачым - вядучыя ўзялi адпачынак.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.