Радыёконкурс разлiчаны на сапраўдных мужчын

05.03.2004
“Звязда”, 5 сакавіка 2004 г.


Вясна, кветкi, жанчына, каханне. Менавiта гэтыя словы, якiя можна аднесцi да аднаго асацыятыўнага раду, натхнiлi нашых калег - журналiстаў Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё на святочную акцыю “Кветкi - любiмай”. Вядома ж, яна пройдзе 8 Сакавiка, а вось паўдзельнiчаць у ёй змогуць толькi... мужчыны. Iм у гонар Жанчыны прыйдзецца паспрачацца ў дасцiпнасцi i пяшчотнасцi пачуццяў. Адрасаваць свае вiншаваннi можна i сваёй адзiнай, каханай, i ўсiм жанчынам Беларусi.
Аўтара самага арыгiнальнага вiншавання вызначыць аўтарытэтнае журы ў складзе знакамiтых жанчын Беларусi. Пераможцу чакае экзатычны букет, якi потым ён зможа ўручыць сваёй выбраннiцы. Натуральна, гэта будуць адметныя кветкi, таму што акцыя праводзiцца сумесна з Цэнтральным Батанiчным садам Нацыянальнай акадэмii навук.
Турнiр сапраўдных мужчын пачнецца зранку, у 11 гадзiн. Тэлефанаваць на прамы эфiр можна будзе на працягу ўсяго дня па шматканальным тэлефоне (8-017) 284-89-53. Вынiкi конкурсу будуць падведзены ў вячэрнiм святочным эфiры ў 19.30 “Кветкi - любiмай”. Мужчыны, далучайцеся да радыёконкурсу на лепшае вiншаванне жанчынам!

Ян САКАВIЦКI.