Радыё для мазгоў

04.03.2006
"Звязда", 4 сакавіка 2006 г.


Гэта праграма - аднагодка суверэннай Беларусi. Менавiта з яе на Беларускiм радыё пачалiся "жывыя" эфiры. I менавiта пад яе пазыўныя а сёмай гадзiне ранiцы многiя з нас i сёння прачынаюцца, збiраюцца ў школу, у iнстытут, на працу... 4 сакавiка "Радыёфакту" споўнiцца 15 гадоў. А напярэдаднi гэтай даты мы сустрэлiся са стваральнiкамi эфiру - тымi, хто дзень за днём забяспечвае нас самымi свежымi навiнамi.

Радыё, як напаўжартаўлiва сцвярджае намеснiк галоўнага дырэктара - дырэктар iнфармацыйнага i грамадска-палiтычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, мае вялiкую перавагу перад тэлевiзарам - яго глядзець не трэба. "Пакруцiў гучнасць - i слухай сабе. Я, напрыклад, слухаю практычна ўвесь час i паўсюдна - у дарозе, дома, на працы. Таксама, ведаю, у нас многа слухачоў сярод вадзiцеляў i пасажыраў аўтобусаў i маршрутак. Аднойчы я бачыў такую засяроджаную бабулю, якая, стоячы ля кабiны вадзiцеля, з вялiкай увагай услухоўвалася ў прагноз надвор’я...".

Увогуле "Радыёфакт" разлiчаны на тры "хвалi" слухачоў: тыя, хто збiраецца на работу i ўключае радыё ў 7.00-7.20, 7.20-7.40, 7.40-8.00. Зыходзячы з гэтага пабудавана i праграма: у тры этапы iдуць навiны, прагноз надвор’я, тэматычныя iнфармацыйныя блокi. Са з’яўленнем ранiшняга iнфармацыйнага канала аўдыторыя павялiчылася яшчэ за кошт тых, хто ўстае а 5-й гадзiне ранiцы. ...Колькасць журналiстаў, якiя працуюць над праграмай, павялiчылася - адпаведна вырасла i якасць. Да 6 гадзiн ранiцы выходзiць, можна сказаць, "аблегчаны" варыянт праграмы, дзе акрамя музыкi таксама ёсць многа рэпартажаў, актуальных каментарыяў, навiны дзелавога жыцця, народны каляндар, выхад на прамую сувязь з дзяжурным сiноптыкам (вельмi запатрабаваная ў дачны сезон iнфармацыя). Беларускае радыё перайшло на кругласутачны рэжым работы, i трэба iмкнуцца зацiкавiць аўдыторыю. Таксама "Радыёфакт" на працягу сутак захоўваецца на сайце ў Iнтэрнэце.

- Звычайна бывае, што адразу пасля праграмы пачынаюцца званкi ад людзей, якiя зацiкавiлiся iнфармацыяй, але нешта не дачулi. Каб не паўтараць 10-15 разоў адно i тое ж, мы даём спасылку на сайт, - тлумачыць Антон Васюкевiч. - На сёння, напэўна, аўдыторыя "Радыёфакта" самая вялiкая з усiх электронных СМI ў краiне. Па-першае, радыё ёсць практычна ў кожным доме. Па-другое - самы рэйтынгавы час. Па-трэцяе - канцэнтраваная iнфармацыя ў максiмальна кароткi час, лiтаральна 15 хвiлiн. Акрамя таго, абавязкова ёсць нейкая iнтрыга - мы кожны блок анансiруем i трымаем "гарачую" навiну да канца.

Нiякага асаблiвага сакрэту ў аператыўнасцi i "ўсеабдымнасцi" праграмы няма: карэспандэнты "Радыёфакта" працуюць ва ўсiх абласцях Беларусi i буйнейшых райцэнтрах, а таксама за мяжой - у Польшчы, Прыбалтыцы, Расii, Украiне. З расiйскiмi станцыямi наладжана супрацоўнiцтва, iдзе абмен iнфармацыяй.

- Як часта абнаўляецца сам "Радыёфакт", нараджаюцца новыя рубрыкi?
- Тут мы нiколi не абмяжоўваемся новым сезонам. Калi ёсць неабходнасць, рубрыка з’яўляецца iмгненна. Напрыклад, выйшла Дырэктыва Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь №1, i практычна на наступны дзень у праграме з’явiлася тэматычная рубрыка. Або, скажам, пачалася ў краiне падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу - у "Радыёфакце" адразу ж адпаведная рубрыка "Выбiраем Беларусь!". Радыёслухачы таксама выказваюць свае iдэi i пажаданнi. Iмкнёмся ўлiчваць усё. Напрыклад, прагноз надвор’я на два днi робiм па просьбах слухачоў, у фiксаваны час - адразу ж пасля першага блока навiн, палiтычныя каментарыi, спецыяльныя рэпартажы, агляд прэсы, спорт - таксама выходзяць па адпаведнаму графiку.

- Вы таксама пачыналi кар’еру з "Радыёфакта". Не шкадуеце, што аператыўную работу давялося памяняць на адмiнiстрацыйную?
- А я нiкуды не сыходзiў! (Усмiхаецца.) Час ад часу вяду праграму, але звычайна спецыяльныя тэматычныя выпускi. Творчая работа спрыяе адмiнiстрацыйнай i наадварот. Дый усе тыя, хто працаваў раней над "Радыёфактам", нiкуды не сыходзяць - яны заўжды побач з маладымi супрацоўнiкамi, дапамагаюць, падказваюць.

Нiводная справа не iснуе сама па сабе, яна - толькi прадукт творчасцi людзей. Канешне, прадставiць усiх, хто працаваў i працуе над "Радыёфактам", на газетнай старонцы немагчыма. Дзеля нагляднасцi мы вырашылi задаць практычна аднолькавыя пытаннi прадстаўнiкам розных пакаленняў. Алена Швайко - адна з тых журналiстаў, хто пачынаў "Радыёфакт" i Максiм Угляніца - цяперашнi вядучы, якога мы, дарэчы, "злавiлi" якраз пасля эфiру.

А.Ш.: "Радыёфакт" тады i "Радыёфакт" зараз - дзве зусiм розныя праграмы. Мы пачыналi працаваць упершыню ў гiсторыi радыё ў прамым эфiры. Нас было 9 чалавек, падзеленых на 3 брыгады - Аляксандр Шаўко, Валерый Радуцкi, Iна Ясiнская, Iван Гладкi, Юрый Шамшур, Алег Мiхалевiч, Аляксандр Цiтавец... Зараз сiтуацыя спакойная, стабiльная, таму працаваць i прасцей, i складаней, але галоўнае - цiкава! Пераемнасць пакаленняў, камандны дух у нас свята захоўваюцца, а iнакш немагчыма.

- Для многiх суграмадзян, у тым лiку для мяне, радыё спрацоўвае як найлепшы будзiльнiк. А вы цi лёгка прачынаецеся зранку?
М.У.: Зараз я прачынаюся ўжо раней, чым радыё пачынае выконваць ролю будзiльнiка - а палове чацвёртай. Выкарыстоўваю найноўшыя тэхналогii - будзiльнiк у мабiльным тэлефоне. Праўда, сёння ён мяне ледзь не падвёў, а выручыў, як заўсёды, звычайны будзiльнiк. Асаблiвых сакрэтаў няма - проста рэгулярна паўтараеш сабе, што трэба захоўваць бадзёрасць i перадаваць яе слухачам.
А.Ш.: Я сава, i рана ўстаць заўжды было праблемай - калi вяртаешся з работы а 12-й гадзiне ночы, проста не ўяўляеш сабе, як гэта падняцца на досвiтку. Але нас падштурхоўвала вось што: каманда "Радыёфакта" напалову мужчынская. I калi знаходзiшся сярод мужчын, якiя ўмеюць падтрымаць, сказаць камплiмент, мiжволi падбiраешся, забываешся на ўсе праблемы i працуеш. Гэта найлепшы стымул.

- А калi даводзiцца чытаць непрыемныя навiны - паведамленнi пра катастрофы, аварыi, няшчасныя выпадкi?..
М.У.: На шчасце, такiх здарэнняў у нашай краiне мала.
Але, безумоўна, чалавечыя беды не маюць нацыянальнасцяў i геаграфiчных межаў. У катастрофах гiнуць людзi. Натуральна, такiя паведамленнi адразу адбiваюцца на настроi. Але трэба абстрагавацца, бо навiны - гэта сфера абсалютна не эмацыянальная.
А.Ш.: Памятаю, я працавала ў эфiры, калi здарылася трагедыя на Нямiзе. Я проста не магла вымавiць слова. Папрасiла свайго калегу Уладзiмiра Баклейчава, каб той зачытаў паведамленне... (Дарэчы, як прыгадала Алена Мiкалаеўна, адзiны раз у гiсторыi "Радыёфакт" не выйшаў у эфiр - падчас ГКЧП. Гэта быў лепшы спосаб выказаць сваё стаўленне да падзей - прамаўчаць. - Аўт.)

- Распаўсюджана меркаванне, што вядучы - гэта звычайная "гаворачая галава"...
М.У.: На радыё, ва ўсякiм выпадку, мы пiшам сабе тэксты самi. I нават гатовыя аўтарскiя падводкi да сюжэтаў кожны апрацоўвае пад сябе, пад сваю манеру. Так што вядучаму трэба не толькi гаварыць, але i творча працаваць, а ўлiчваючы, што гэта прамы эфiр - яшчэ i не страчваць рэакцыю.
А.Ш.: Няпраўда! На радыё глупства прыгожай карцiнкай не схаваеш. У нас у эфiры - толькi слова, i яно павiнна быць разумным i жывым. Калi сустракаюцца дасведчаны суразмоўца i кампетэнтны журналiст, размова заўжды атрымлiваецца цiкавай.

- Цi ёсць у вас любiмая тэма?
М.У.: Калi я толькi прыйшоў, аддаваў перавагу культуры. Зараз мяне больш цiкавяць грамадска-палiтычныя працэсы ў краiне i свеце.
А.Ш.: Я працавала ў пары з Iнай Ясiнскай, i любiмай тэмай у нас было цiкавае iнтэрв’ю са знакавай асобай, альбо аператыўны каментарый да важнейшых для краiны падзей. У нас у гасцях былi вядомыя ў Беларусi i ледзь не па ўсiм свеце палiтычныя дзеячы i кожнае iнтэрв’ю мы абавязкова спрабавалi зрабiць самым лепшым i цiкавым.

- Вы можаце прыгадаць забаўныя выпадкi з эфiру?
А.Ш.: Былi, канешне, пiкантныя выпадкi, але пра iх мы гаварыць не будзем... Памятаю, запрасiла ў эфiр аднаго з высокiх чыноўнiкаў, разглядалi сур’ёзнае эканамiчнае пытанне, а потым ён адказваў на пытаннi слухачоў. Званкоў шквал. Напрыканцы праграмы цiкаўлюся: "Як вы лiчыце, у каго было самае цiкавае пытанне?". А ён адказаў: "Напэўна, у таго чалавека, якi не дазванiўся". Яшчэ аднойчы запрасiла супрацоўнiцу мытнага камiтэта, абмяркоўвалi новыя правiлы "растаможкi" аўтамабiляў, i яна прынесла стос папер. Раптам пасярэдзiне праграмы ўсе гэтыя паперы падаюць на падлогу. Яна палезла пад стол, шукае паперы. Я кажу, маўляў, давайце дапамагу, i - таксама пад стол. I ўсё ў прамым эфiры. А мiкрафоны высока, даводзiцца задзiраць галаву, каб нас было чуваць... Гэта трэба было бачыць! (Смяецца).

- Каб згатаваць смачную страву, трэба ўзяць таго i таго па рэцэпту i прыправiць на смак. А каб зрабiць "смачную" праграму, якiя iнгрэдыенты патрэбны?
М.У.: Па-першае, "пярчынка" - сюжэт цi навiна, вакол чаго можна пабудаваць усю праграму. Па-другое, неабходна працаваць камандай: калегi заўжды дапамогуць сабраць цiкавую iнфармацыю. Уплывае i ўласны настрой, i ўзаемадзеянне з гукарэжысёрам, i кантакт з гасцямi ў студыi. "Рэцэптуру" скласцi, паверце, няпроста.
А.Ш.: Для добрага эфiру патрэбная добрая фактура. I добры суразмоўца - "гвозд" праграмы, - прычым гэта павiнна быць цiкавая асоба. А ўвогуле ўсё залежыць ад самога аўтара.

P.S. З днём нараджэння, калегi!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.