Радыё "Беларусь" праводзіць конкурс эсэ

15.04.2016

"Звязда"

Міжнароднае радыё "Беларусь" Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускай суполкай дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі і Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ 15 красавіка пачынае конкурс творчых работ (эсэ) на тэму "Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і індустрыяльны парк "Вялікі камень" маімі вачыма".

Як адзначыў дырэктар радыёстанцыі Навум Гальпяровіч, мэтай конкурсу з'яўляецца прасоўванне ў сусветнай медыяпрасторы беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства, а таксама інфармаванне беларускай і сусветнай грамадскасці аб міжнародным праекце "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" і індустрыяльным парку "Вялікі камень".

У конкурсе могуць прыняць удзел як беларусы, так і замежныя грамадзяне без абмежавання ўзросту і сацыяльнага статусу. Свае творчыя работы можна дасылаць на беларускай, рускай і кітайскай мовах на спецыяльны электронны адрас sіlkwayessay@gmaіl.com да 31 снежня гэтага года. А журы, у склад якога ўвойдуць аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне беларуска-кітайскіх адносін, супрацоўнікі радыё "Беларусь" і іншыя, будзе іх ацэньваць. Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс вы зможаце знайсці на афіцыйным сайце радыё "Беларусь" www.radіobelarus.tvr.by, там жа будзе магчымасць азнаёміцца з дасланымі на конкурс эсэ. А ў радыёэфіры будуць гучаць інтэрв'ю з удзельнікамі конкурсу.

Канчатковыя вынікі будуць падведзены ў пачатку 2017 года. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання даведаемся імёны пераможцаў, а дваццаць найлепшых эсэ апублікуюць у спецыяльным выданні. Выказвайце свае думкі і погляды і перамагайце!

Алена ДРАПКО.