Пётр - Першы!

21.01.2009
"Звязда", 21 студзеня 2009 г.


У барацьбе шоу, таленту і фантазii перамог вакал
У ноч з 19 на 20 студзеня, нарэшце, скончылiся шаманскiя скокi вакол нацыянальнага беларускага адбору на "Еўрабачанне" - у вынiку глядацкага галасавання з пяцi фiналiстаў быў абраны адзiн пераможца.
Вонкавы бок, у сэнсе, уласна конкурсныя выступленнi i канцэрт з удзелам гасцей "ЕўраФэсту" - Анi Лорак, Дзмiтрыя Калдуна, Руслана Аляхно, Ксенii Сiтнiк i Аляксея Жыгалковiча - кожны ахвотны мог убачыць у прамой трансляцыi па тэлебачаннi. Мы ж прапануем паглядзець на тое, як гэта было, знутры - з закулiснай часткi Палацу Спорту.

Паўгадзiны да пачатку. Варажба на...

У апошнiя днi перад фiналам праект "ЕўраФэст" перажыў яшчэ адзiн скандал: па iнтэрнэце пайшла гуляць выява "дыплома пераможцы", у якiм было пазначана iмя Пятра Елфiмава. Заўсёднiкi форумаў успрынялi гэта адназначна: усё вырашана, нас зноў падманулi, замест галасавання будзе суцэльны фарс. Таму не дзiўна, што журналiсты хорам распытвалi ў мастацкага кiраўнiка праекта Аляксандра Цiхановiча - што гэта было, уцечка iнфармацыi або правакацыя, фотамантаж i нiякiх цудаў? "Гэта чыясьцi буйная фантазiя спрацавала раней часу, - заўсмiхаўся Аляксандр Рыгоравiч. - Сапраўдныя дыпломы выглядаюць iнакш". У якасцi доказу тыя самыя дыпломы нават былi прадэманстраваныя - як i трэба, дзесяць штук (два камплекты - "удзельнiку" i "пераможцу"), прычым сапраўды iншыя па колеры i афармленнi (белы, а не сiнi фон, iншы шрыфт i г.д.).
Але спробы загадзя прадказаць вынiкi ўсё адно працягвалiся. Адны казалi: арыентавацца трэба на харэографа Сяргея Епiхава, ён заўжды ўдзельнiчае ў нумарах пераможцаў (прыгадаем, раней мы бачылi Сяргея на адборы ў нумарах Палiны Смолавай i Дзмiтрыя Калдуна). Сяргей, якi бесклапотна найграваў на фагоце песеньку "У траве сядзеў конiк", гэтым разам забяспечваў сцэнаграфiю нумара "Litеsоund" i Дакоты.
Другiя прыгадвалi - на тэлефонах некалькiх членаў прафесiйнага журы давялося пачуць мелодыю гурта "Litеsоund" - вiдаць, iм i ехаць у Маскву.
Трэцiя аўтарытэтна сцвярджалi: Гюнеш, толькi Гюнеш! Маўляў, менавiта дзеля таго, каб паехаць ад Беларусi, спявачка адклiкала сваю заяўку ад Азербайджана.
...I толькi самi фiналiсты, вiдавочна нервуючыся, рыхтавалiся да выхаду на сцэну ў паслядоўнасцi, якую вызначыла жараб'ёўка: Gunеsh, Пётр Елфiмаў, гурт "Litеsоund" i Дакота, Даменiка, гурт "Вецер у галаве". Апошнiя зрабiлi сюрпрыз - лiтаральна за некалькi дзён вырашылi ўсё ж памяняць фiнальную песню на беларускамоўную "Шпацыруем" (яе аўтарам, дарэчы, выступiў лiдар гурта "Далi" Вiктар Рудэнка, якi сёлета падаў заяўку на конкурсны адбор на "Еўрабачанне" ў Польшчы).

10 хвiлiн да пачатку. Спадзяваннi на лепшае

Пётр Елфiмаў: "Гэта песня - пра маё жыццё"

- Многiя адзначаюць, што ў фiнал прайшлi выступленнi моцныя, цiкавыя, але не iдэальныя. Калi сёння атрымаецца перамагчы, што вы будзеце гатовы памяняць - у сваiм вобразе, у песнi, у нумары?
- Асабiста мне песня падабаецца. Мяняць яе я не хацеў бы, бо на мой погляд - ды i не толькi на мой, так мяркуюць многiя прафесiяналы - кампазiтары, музыканты, хто чуў конкурсную кампазiцыю, - яна вельмi прыстойная. Магчыма, варта будзе пераглядзець аранжыроўку, дапрацаваць, штосьцi дадаць, штосьцi прыбраць - кожны твор патрабуе ўдасканалення. Але мяняць песню на iншую не хочацца, бо гэта песня аўтабiяграфiчная, яна - пра маё жыццё, пра мой унутраны свет, гэта шчыры расповед пра тое, што я адчуваю.

- Ведаю, што вы адсочваеце конкурс "Еўрабачанне". Хто з ранейшых удзельнiкаў па духу быў вам найбольш блiзкi?
- Сапраўды, я гляджу конкурс - проста з цiкавасцi, якiя галасы ёсць у свеце. Хоць гэта не конкурс вакалу, але ўзровень вакальнага, выканальнiцкага майстэрства з кожным годам расце. Адзiнае, вельмi шкада, што многiх моцных, годных выканаўцаў публiка не заўважае i яны не займаюць высокiя месцы. Памятаю, напрыклад, рокавы нумар iсландца Эйрыкура Харыксана з магутным голасам. У 2005 годзе, здаецца, на конкурсе ў Кiеве быў цудоўны фiн - "фiрмач", прафесiянал; але ён нават не здолеў выйсцi з паўфiналу...

Гурт "Litеsоund": "Нас можна заносiць у кнiгу рэкордаў "Еўрафэсту"

- У параўнаннi з паўфiналам вiдаць, што вашы сцэнiчныя касцюмы "пастарэлi" на цэлае стагоддзе. Што яшчэ памянялася ў нумары?
Валодзя: У песнi з'явiлiся некаторыя цiкавыя моманты - скажам, эфект "стужку заела". Таксама з паўфiналу мы цалкам перапiсалi песню на лепшых студыях у Беларусi, а зводзiлi за мяжой - на Маршалавых выспах, так што цяпер кампазiцыя гучыць значна лепш, усе вельмi задаволеныя.

- Але "Еўрабачанне" - гэта не толькi песня, яшчэ i шоу. Вы гатовыя яго зрабiць - паставiць харэаграфiчны нумар цi яшчэ што?
Валодзя: Натуральна. У паўфiнале ў нас увогуле не было шоу, цяпер па iнiцыятыве Сяргея Епiхава зроблены цэласны нумар, якi, мне здаецца, будзе выглядаць эфектна.
Дзiма: Калi пашанцуе перамагчы, будзем раiцца з прафесiяналамi, што лепш дадаць у пастаноўку.

- Для многiх было даволi нечаканым аб'яднанне ў дуэт з Дакотай...
Валодзя: Параўноўваючы першую версiю песнi i тую, якая атрымалася з удзелам Рыты, можна сказаць, што песня стала больш цiкавай i яркай, гэта безумоўна. Тым больш, кампазiцыя з самага пачатку задумвалася як дуэтная, прыпеў складаецца з пытанняў i адказаў, што абыгрываецца ў выкананнi.
Дзiма: У Рыты ёсць сваё фiрмовае гучанне i падача - еўрапейская. Гэта тое, чаго, мне здаецца, не хапае ў Беларусi i нават у Расii. Таму дуэт з жаночым голасам атрымаўся больш разнастайным, мне падабаецца, як ён гучыць.

- Каго з ранейшых удзельнiкаў "Еўрабачання" вы запомнiлi?
Валодзя: Летась мне вельмi спадабаўся нумар з Данii, пастаноўка ў стылi "хлопец з працоўных кварталаў". Вельмi эфектны нумар быў таксама ў Анi Лорак. Што да Бiлана, тут увогуле цiкавая гiсторыя. Яго песня называлася "Bеliеvе mе". А песня, з якой мы летась удзельнiчалi ў "ЕўраФэсце" -"Dо уоu bеliеvе". Атрымлiваецца, тэму мы ўгадалi... Нас увогуле ўжо можна заносiць у кнiгу рэкордаў адбору як самых настойлiвых удзельнiкаў - больш нiхто чатыры гады запар не спрабаваў прабiцца!

Гюнеш, якой выпаў "цяжкi" конкурсны нумар адзiн, адседжвалася ў грымёрцы амаль да самага выхаду на сцэну, i нiякiх папярэднiх прагнозаў не рабiла. Затое iх далi сябры-музыканты - спявачка i вядоўца Нiна Багданава i прадзюсар Максiм Алейнiкаў з гуртом "Топлес", якiя мала таго што прыйшлi падтрымаць Гюнеш, дык яшчэ наладзiлi сваё альтэрнатыўнае ўзнагароджанне. "Якiмi б нi былi вынiкi адбору, для ўсiх свядомых людзей ты перамагла!" - з гэтымi словамi дзяўчаты з "Топлес" уручылi спявачцы вялiзны букет ружаў.

10 хвiлiн канцэрта. Знаёмыя ўсё асобы

Вiктар Рудэнка, хоць i забяспечыў гурт "Вецер у галаве" фiнальнай песняй, прыйшоў на канцэрт проста як глядач - пахварэць за ўсiх i паапладзiраваць наймацнейшаму.

- А чаму "Далi" сёлета не бачна было ў беларускiм адборы? Без вас стала сумна...
- Праўда? Вельмi прыемна чуць. (Смяецца). Па праўдзе, мы падалi заяўку на польскi адбор - ён цяпер толькi-толькi пачынаецца. "Далi" сёлета вырашылi, што польская няпэўнасць усё ж больш прыемная, чым беларуская ўпэўненасць у пытаннi, хто пераможа. Падрыхтавалi песню "Еvеrуdау", будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца.
А з пункту гледжання паэтычнай кар'еры цяпер я стаў Вiктарам Бардаком, аўтарам-скандалiстам - першы скандал закладзены якраз у песнi "Вецер у галаве". Але ён добры такi, пазiтыўны - беларускаму шоу-бiзнесу гэткага нязлоснага хулiганства, мне здаецца, заўжды не хапае.

Спявак Руслан Аляхно, якi выступаў у якасцi госця, прызнаўся, што цудоўна разумее хваляванне канкурсантаў, бо добра памятае сябе самога год таму:
- Ёсць пэўнае адчуванне дэжа вю, тым больш, атмасфера закулiсся навявае ўспамiны гадавой даўнiны. Але гэта настальгiя прыемная.

- На хвалi настальгii цi не з'яўляецца думка яшчэ раз паспрабаваць сiлы на "Еўрабачаннi"?
- А я паспрабую яшчэ раз! Хоць, зразумела, не сёлета. Але паспрабую - натуральна, ад роднай краiны, ад Беларусi. I не таму, што хочацца камусьцi штосьцi даказаць, аднак хочацца, маючы за плячыма вопыт удзелу, выкарыстаць яго i многае зрабiць па-iншаму.

- Хто б нi перамог, яму будзе вельмi цяжка... Што параiце пераможцу з пункту гледжання чалавека, якi ўжо мае загартоўку "Еўрабачаннем"?
- Найперш хацеў бы пажадаць удачы. Настроiцца на вялiкую работу i быць гатовым да ўсяго - не толькi да ўзлётаў, але i да падзенняў. Што нас не забiвае, тое робiць нас мацнейшымi. Творчаму чалавеку падобны вопыт у любым выпадку будзе карысны.

...У асяроддзi беларускiх прыхiльнiкаў "Еўрабачання" ходзiць жарт - вось падрастуць нашы дзецi-пераможцы дзiцячага "Еўрабачання" да вызначанай правiламi ўзроставай мяжы, i тая ж Ксюша Сiтнiк праз некалькi гадоў нарэшце выведзе Беларусь на высокае месца. Жарт жартам, але гэта сапраўды парадокс: дзецi ўжо двойчы, як быццам гуляючы, бралi вяршыню, якая так i не скараецца перад дарослымi выканаўцамi. "Вiдаць, гэта таму, што ад дарослых заўжды хочуць чагосьцi большага, чым проста песня, - разважае трыумфатар дзiцячага "Еўрабачання-2007" Аляксей Жыгалковiч. - У дзяцей галоўнае - добрая кампазiцыя, добры голас i добры нумар. А дарослым выканаўцам трэба напружыць усе сiлы i фантазiю, каб зрабiць нешта такое, што ўсiм спадабаецца або здзiвiць". Лёша, дарэчы, таксама не супраць праз некалькi гадоў падаць заяўку на дарослае "Еўрабачанне" - так што майце на ўвазе.

10 хвiлiн да канца. Страсцi па галасаваннi

Дзмiтрый Калдун, якi ўпершыню спрабаваў сябе адначасова ў ролi вядоўцы i выступоўцы, абвясцiў пра пачатак галасавання, i ў нас за кулiсамi ўсе таксама нервова схапiлiся за тэлефоны. Працягласць галасавання - 15 хвiлiн - чамусьцi нiхто ўголас не называў, цi то спадзеючыся, што за столькi гадоў гледачы самi павiнны памятаць правiлы, цi то пакiдаючы спадзяванне, што прыём галасоў будзе доўжыцца да апошняга ахвотнага. "А я ўвогуле не магу за сябе прагаласаваць! I знаёмыя таксама тэлефануюць, кажуць, што дазванiцца немагчыма!" - скардзiлася Гюнеш. "Проста тэлефонныя лiнii могуць прымаць не больш за 25-30 званкоў адначасова, таму магчымая перагрузка", - разважалi тэлевiзiйнiкi. Некаторыя нумары сапраўды былi, як Смольны - наглуха занятыя. Затое азартнае жаданне прабiцца i пачуць запаветнае "Дзякуй, ваш голас прыняты" раскрыла эмоцыi былых канкурэнтаў лепш, чым гэта маглi зрабiць усе папярэднiя ток-шоу, разам узятыя. "А-а, вось той чалавек, хто сказаў, што нашы касцюмы быццам бы ўзятыя з секс-шопа! - радасна заўважыла салiстка гурта "Вецер у галаве" Саша Захарык спявачцы Нiне Багданавай. - Нiчога дрэннага я пра вас не гаварыла, а тую фразу журналiсты проста вырвалi з кантэксту", - адпарыравала тая. Знайшоўшы крайнiх, дзяўчаты цалкам сабе мiрна працягвалi адсочваць прамежкавыя вынiкi галасавання: хто там лiдзiруе, каго вiншаваць, а каму "хук з правай" падарыць?

- Незалежна ад вынiкаў галасавання, мы сваiм выступленнем задаволеныя, - рэзюмавала Саша Захарык. - З самага пачатку вынiкi можна было прадказаць, бо падобная сiтуацыя, на жаль, адбываецца з года ў год. I цяпер пачуццё радасцi змяшанае з лёгкай крыўдай - нават не за сябе, за iншых выканаўцаў. Так што губляць нам не было чаго - маглi праспяваць цяжкi метал або джаз, галоўнае, што мы змаглi паказацца публiцы ў розных iпастасях. Ва ўсякiм выпадку, па той рэакцыi, якую ўбачылi ў зале, лiчым сваё выступленне паспяховым. (Да слова, новую песню гурта, адну з нямногiх, слухачы падхапiлi i падпявалi, нават разыходзячыся з канцэрту. - Аўт.)

- Некаторыя лiчаць, што вы аб'ядналiся ў гурт толькi дзеля конкурсу...
- Не, гэта дакладна не так, - рашуча пярэчыць другi салiст "Ветру ў галаве", Яўген Герасiмовiч. - Мы аб'ядналiся намнога раней. У найблiжэйшы час ёсць планы аб'яднацца з тымi фiналiстамi, хто не паедзе ў Маскву, i зрабiць якое-небудзь агульнае выступленне.

...На тэлеэкране зноў мiльгаюць папярэднiя вынiкi галасавання: Пётр Елфiмаў лiдзiруе, амаль на 4000 галасоў абыходзячы найблiжэйшую супернiцу - Гюнеш. На дзiва, спявачка, якая летась вельмi бурна рэагавала на пройгрыш, цяпер успрымае паражэнне спакойна:
- Больш засмуцiлiся вынiкамi мае сябры, якiя не змаглi датэлефанавацца, мне крыўдна, але не настолькi, каб мяне трэба было суцяшаць i супакойваць. Я не з тых артыстаў, якiя апускаюць рукi. Гэта толькi стымул - працаваць, працаваць яшчэ больш. Мне задавалi пытаннi, чаго не хапiла ў выступленнi.... Ды ўсяго хапiла! Мы з камандай рыхтавалi гэта выступленне паўгода. I ўсё адно гэта добры вопыт, за чатыры гады я набралася прафесiяналiзму. Магчыма, хопiць сiл i на наступны год - а можа, скажу "досыць", пакуль што не ведаю. Калi налета я буду патрэбная - няхай патэлефануюць i так i скажуць. А я гатовая быць прадстаўнiком нашай краiны.

- Вельмi многа чутак ходзiць наконт таго, быццам вы ўдзельнiчаеце ў нацыянальным адборы Азербайджана?
- Не. Там ужо даўно зроблены выбар, за Азербайджан будзе выступаць вельмi добрая таленавiтая спявачка, якая раней нiколi не выходзiла на сцэну "Еўрабачання". I я буду перажываць аднолькава за дзве краiны - i за Азербайджан, i за Беларусь. Таму хочацца пажадаць удачы Пецю Елфiмаву - няхай трымаецца, раiцца з прафесiяналамi наконт змены песнi, iмiджу, касцюма. Бо адным вакалам "Еўрабачанне" не возьмеш, трэба яшчэ ўмець здзiўляць...

10 хвiлiн пасля канцэрта. Пераможцаў не судзяць

Вынiкi фiналу "ЕўраФэсту" атрымалiся такiя: Пётр Елфiмаў - 11475 галасоў, Гюнеш - 7949, гурт "Litеsоund" i Дакота - 4385, гурт "Вецер у галаве" - 2804, Даменiка - 1225. Так што ў Маскву ў маi мы праводзiм менавiта Пятра. Iншая справа, што да гэтага моманту трэба яшчэ як след падрыхтавацца. Ва ўсякiм выпадку, сам Пётр з гэтым згодны:
- Як ацэньваю сваё фiнальнае выступленне? Калi па дзесяцiбальнай шкале - на "дзевятачку". Гэта тое, што датычыцца выканання. Над нумарам яшчэ трэба працаваць i працаваць, даводзiць да розуму. Пахаць трэба! Заўтра пачнём.
- Заўтра не атрымаецца - мы ж будзем святкаваць. Таму паслязаўтра, - удакладнiла Гюнеш. Iншыя фiналiсты параiлi дадаць у конкурсны нумар ад Беларусi, "крыху больш шоу". Ламаць галовы над яго пастаноўкай цяпер будзе цэлая каманда. Праўда, будзе яна беларускай цi iнтэрнацыянальнай, пакуль што невядома: Пётр кiвае на кiраўнiцтва "ЕўраФэсту" (маўляў, што падкажуць, да таго i прыслухаюся, "толькi ў чорны колер фарбаваць мяне не трэба - атрымаецца Дзiма Калдун, а хочацца ўсё ж, каб кожны артыст быў самiм сабой"), а Аляксандр Цiхановiч дыпламатычна заўважае, што будуць прынятыя да ўвагi ўсе пажаданнi i меркаваннi самога выканаўцы: "У нас ёсць некалькi варыянтаў складу каманды, магчыма, у яе ўвойдуць спецыялiсты з сусветна вядомымi iмёнамi. Галоўная ўмова - каб выканаўца адчуваў сябе як мага больш упэўнена i камфортна на "Еўрабачаннi", а нам было не сорамна за яго выступленне".
Што да мноства папярэднiх плётак i iнтрыг, якiя спадарожнiчалi ў гэтым годзе "ЕўраФэсту" - некаторыя непаразуменнi ва ўдзельнiкаў усё ж засталiся, i зубкi сёй-той паказваў, але, па вялiкiм рахунку, сякера вайны закапаная, бо пераможцаў не судзяць - iх застаецца або цiха iгнараваць, або гучна падтрымлiваць. Мяркуючы па вынiках галасавання, Пятру Елфiмаву выпала апошняе?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.