Пуцёўка ў Сафію

22.05.2015

"Звязда"

Прыём заявак для дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" адкрыты.

Белтэлерадыёкампанія аб’явіла пра пачатак прыёму заявак на ўдзел у Нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015", які пройдзе ў Сафіі ў лістападзе. Адбор праводзіцца згодна з Палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і Правіламі конкурсу, устаноўленымі Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Арганізатарам Нацыянальнага адборачнага тура з’яўляецца Бэлтэлерадыёкампанія.

Для ўдзелу ў адборачным туры варта направіць цэннай бандэроллю заяўку на адрас: 220807, Мінск, вул. Макаёнка, 9 (з пазнакай "На дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2015"). Апошні дзень для адпраўкі заявак - 15 чэрвеня 2015 года. Па выніках адборачнага тура, што стануць вядомы не пазней за 1 ліпеня 2015 года, прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў, якія будуць змагацца за пуцёўку ў Сафію на фінале. Ён будзе праведзены не пазней за 15 верасня 2015 года ў форме гала-канцэрта. Пераможцу Нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць нашу краіну на дзіцячым "Еўрабачанні-2015", вызначаць па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

З палажэннем аб правядзенні Нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by у раздзеле "Праекты".

Алена ДРАПКО.