Прэмiю "Вялiкае сэрца" атрымаюць 12 лаўрэатаў

17.01.2009
"Звязда", 17 студзеня 2009 г.


Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампанii, вызначаны лаўрэаты тэлевiзiйнай прэмii "Вялiкае сэрца" - праекта, якi ўхваляе чалавекалюбства i высакародныя ўчынкi сучасных герояў. Каб гэтыя людзi, у чыiх сэрцах знайшлося месца для подзвiгу, не засталiся незаўважанымi, i была заснаваная прэмiя, урачыстая цырымонiя ўзнагароджання якой адбудзецца ў малой зале Палаца Рэспублiкi i будзе паказаная ў эфiры тэлеканала "ЛАД" напрыканцы студзеня.
Тэлевiзiйная прэмiя "Вялiкае сэрца", паводле задумкi заснавальнiкаў, прысуджаецца за самаахвярныя ўчынкi на карысць iншых людзей, за рашучыя дзеяннi, звязаныя з рызыкай для жыцця i здароўя, якiя выходзяць за межы або не з'яўляюцца прафесiйным цi службовым абавязкам, а таксама за выключныя выпадкi актаў мiласэрнасцi.
...На адрас тэлеканала "ЛАД" прыйшло больш за паўсотню гiсторый такiх герояў з розных куткоў Беларусi. Савет прэмii вызначыў сярод iх 12 лаўрэатаў, iмёны якiх будуць названыя на ўрачыстай цырымонii. Прычым, улiчваючы спецыфiку акцыi, тэлевiзiйнiкi абяцаюць адысцi ад звыклага фармату канцэрта i наладзiць нешта асаблiвае для ўсiх гасцей - людзей з вялiкiмi сэрцамi i добрымi душамi.