Праз увесь інтэрнэт на "Сталічнай" хвалі

24.05.2013
"Звязда", 24 мая 2013 г.

 
Часам па-за ўвагай рэдактараў навін застаецца інфармацыя пра цікавыя факты і падзеі, што адбываюцца ў свеце; пра людзей і недарэчныя сітуацыі, у якія яны трапляюць; пра дасягненні і даследаванні вучоных. Калі ёсць жаданне даведацца, напрыклад, што беларусы вырабілі разумны бінт, які спрыяе загойванню ран і апёкаў; амерыканскія інжынеры стварылі палімерную "скуру", здольную аднаўляць пасля парэзаў свае механічныя і электрычныя ўласцівасці; вучоныя распрацавалі празрысты замяняльнік глебы, які дапаможа ў вывучэнні асаблівасцяў фарміравання каранёў раслін; грэйпфрут у спалучэнні з пэўнымі лекамі ўяўляе смяротную пагрозу для здароўя пацыентаў; пад 20-метровым пластом лёду знойдзены жывыя арганізмы, якія жывуць і выдатна сябе адчуваюць у вельмі салёнай вадзе, без святла і кіслароду, пры тэмпературы мінус 13 градусаў па Цэльсію, - слухайце кожную суботу і нядзелю рубрыку Алы Івановай "Інтэрнэт-хвілінка".
У Кітаі старажытная мудрасць гаворыць: "Для жанчыны ёсць толькі адна найважнейшая справа ў жыцці, якой яна павінна вучыцца з дзяцінства, - убіраць у сябе, назапашваць і захоўваць энергію. Гэта яе прызначэнне...".
Быць прывабнай, упэўненай у сабе, каханай - ці не пра гэта марыць кожная жанчына? Як знайсці ўніверсальныя, даступныя, простыя спосабы папоўніць запас сваёй энергіі, як расслабіцца за 15 хвілін, прыгатаваць у хатніх умовах якасны непаўторны водар, які немагчыма сустрэць у іншых? Мноства карысных парад на розныя выпадкі жыцця па панядзелках, серадах і пятніцах у рубрыцы Нэлі Шэўчык "Між намі, жанчынамі".