Праз церні да тэлезорак

01.07.2016 "Звязда"

Лёгка глядзець тэлевізійныя шоу з удзелам дзяцей, куды цяжэй - самому вырашаць, хто з іх больш ці менш таленавіты. Так здарылася, што мяне запрасілі быць у журы конкурсу-кастынгу “Юная тэлезорка”, які праводзіўся ў рамках рэалізацыі праекта “Дзіцячая гадзіна на Беларусь 4”.

Першыя ўрокі тэлемайстэрства

Да справы прафесіяналы ТРК “Гомель” падышлі грунтоўна. З лютага па раёнах спецыялісты ўпраўлення адукацыі праводзілі адборы школьнікаў для ўдзелу ў паўфінале. Месяц таму вызначылі 23 самых-самых тэлегенічных, артыстычных, пластычных, харызматычных, абаяльных...
На працягу апошніх тыдняў з імі працавалі непасрэдна на тэлебачанні. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі карэспандэнтаў і дыктараў. Пры дапамозе прафесіяналаў рэгіянальнага тэлебачання яны ўдзельнічалі ў стварэнні тэлесюжэтаў, праводзілі апытанні на вуліцах горада, агучвалі тэкст за кадрам... Такім чынам набывалі невядомы да гэтага часу вопыт тэлемайстэрства. Ну, а дарослыя сачылі, наколькі арганічна атрымліваецца ў кожнага ствараць “стравы” на тэлекухні.
Журналіст Аляксандр Гамоля расказвае, што яго асабіста здзівіла, наколькі падрыхтаванымі аказаліся ўдзельнікі, якія прыехалі ў Гомель з глыбінкі:
- Нам яны сябе дэманстравалі ў самых розных жанрах: былі і танцоры, і музыканты, і спевакі. Але ж для нас самае галоўнае - як яны ўмеюць размаўляць. Чалавек, які становіцца ў кадр, павінен адчуваць камеру і гледача, мець сваю харызму. Шчыра здзівіла, што тыя, хто прыехаў з глыбінкі, маюць чыстае маўленне і добрую дыкцыю. Нам было цікава адзначыць жывое мысленне: калі дзіця непасрэдна рэагуе і можа адразу ж нестандартна сфармуляваць свае думкі.
Самі дзеці вельмі адказна паставіліся да здымак. Сваёй нястомнай энергіяй многія “заводзілі” не толькі аператараў і рэжысёраў, але і прахожых на вуліцах, да якіх “прыставалі” з мікрафонам і няпростымі пытаннямі. Напрыклад, пра адносіны да дэнамінацыі. Ступар у дарослых праходзіў, яны пачыналі ўсміхацца і потым і сур'ёзна адказваць на пытанні журналістаў метровага росту. Рост праз год-два павялічыцца, вопыт і стасункі застануцца і яшчэ абавязкова спатрэбяцца, лічыць Дар'я Петракова са Светлагорска:
- Мы не чакалі, што наша светлагорская каманда ў поўным складзе выйдзе ў паўфінал. Вельмі здзівіліся. Маёй асабістай радасці не было мяжы. Калі я апынулася ў ролі тэлевядучай, зразумела, што гэта нашмат больш складана, чым здаецца. Спачатку не ведала, як паводзіць сябе ў кадры, куды глядзець, дзе камера, дзе суфлёр. Вельмі хвалявалася. Столькі эмоцый, словамі не перадаць!
Як трапіць “у дзясятку”
Настойлівасці ў гэтых дзяцей больш чым дастаткова. Асобныя прайшлі ўжо праз розныя конкурсы і маюць пэўны вопыт. Для кагосьці ён спатрэбіўся, камусьці стаў перашкодай, бо патрабаванні ўсюды розныя і трапіць “у дзясятку” было вельмі складана. Цяжка спадабацца ўсім членам журы адразу. Кожны меў свой, часам вельмі суб'ектыўны погляд. Ва ўсіх “суддзяў” прыхільнасці былі сапраўды розныя, але ж некаторыя юныя асобы сабралі большасць галасоў. Таму ўрэшце справу вырашалі балы, пастаўленыя на працягу конкурснай праграмы. Хтосьці выбар рабіў на ўзроўні інтуіцыі, хтосьці, як дырэктар Дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3” Віктар Маючы, сыходзячы з вялікага вопыту ў правядзенні падобных мерапрыемстваў:
- Я не люблю слова “тэлезорка”. На мой погляд, гэта яшчэ адна магчымасць творчай рэалізацыі. І зусім неабавязкова, што фіналісты ўрэшце стануць тэлезоркамі. Гадоў 15 таму існаваў рэспубліканскі конкурс “Сузор'е надзей”, які таксама праводзіўся пры дапамозе сістэмы адукацыі. Прыемна, што адраджаецца колішняя традыцыя. Сёння гомельскае абласное ўпраўленне адукацыі мае магчымасць арганізаваць такі конкурс, а абласны рэгіянальны тэлеканал - зрабіць яго тэлевізійную версію. Ёсць паступальны рух наперад і юныя зоркі маюць шанц заваяваць сваіх гледачоў.
Дзесяцігадовы Уладзіслаў Крупа прыехаў на конкурс з Петрыкава. Блакітнавокі хлопчык зусім не верыў, што будзе заўважаны. Нават у сваёй візітоўцы напісаў: “У цябе няма шанцаў - гучна заявілі абставіны. Ты няўдачнік - сказалі сябры”. Але дадаў: “У цябе ўсё атрымаецца - ціха сказаў Бог”. У яго сапраўды атрымалася. Прыз глядзельнай залы - безумоўная ўзнагарода.
Прыгожай і артыстычнай Сюзане Чваньковай з Пакалюбіч Гомельскага раёна дастаўся спецпрыз ад партнёра конкурсу - Гомельскай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі. Спецыяльныя прызы арганізатараў конкурсу паехалі ў невялічкі Ельск: Аліна Чарняк і Віктар Дашкевіч пакарылі ўменнем працаваць у пары. Спецпрыз журы конкурсу дастаўся 12-гадоваму Максіму Тафеенку. Ён змог заваяваць прыхільнасць строгіх суддзяў сваёй пластычнасцю, шчырасцю, непасрэднасцю і схільнасцю да імправізацыі. Прызнаюся, што юны мазыранін і мяне асабіста скарыў сваёй абаяльнасцю:
- Самае цікавае было, калі я супакойваў бабулю, якая патэлефанавала мне ў студыю. Шкада, што сюжэт вельмі абрэзалі.
Журналіст Святлана Князева, якая непасрэдна працавала са школьнікамі, сведчыць, што людзі на вуліцы вельмі эмацыянальна рэагавалі, калі да іх падбягалі і задавалі пытанні дзеці.
У малодшай групе міс і містарам тэлеканала “Беларусь-4. Гомель” пасля доўгага абмеркавання названы Вераніка Сцяпанава са Светлагорска і Дзмітрый Капуза з Рэчыцы. Гэтым дзецям мне асабіста давялося ўручаць галоўныя прызы. Эмацыянальны Дзіма не вытрымаў, пры ўзнагароджванні ў яго на вачах навярнуліся слёзы... Яго бацька Аляксандр у рэчыцкай музычнай школе вучыць дзяцей іграць на балалайцы і гітары. Таму артыстычнасць можна лічыць сямейнай традыцыяй. Тата кажа, што спадзяваўся і чакаў убачыць сына сярод пераможцаў. Для самога Дзімы тэлеконкурс - важнае выпрабаванне:
- Самае складанае было, калі сядзіш, глядзіш на манітор тэлесуфлёра, а тэкст занадта хутка прабег, і ты не паспеў яго прачытаць. Можна лёгка запнуцца.
Адзінаццацігадовая Вераніка Сцяпанава не спадзявалася на перамогу. Яна загадзя лічыла самым важным вопыт, які набываецца ў такіх конкурсах:
- Я разумела, што трэба заўсёды ўсміхацца, не баяцца і даваць поўныя адказы на пытанні журы. Я паспрабавала сябе ў ролі карэспандэнта. Мы рабілі разам сюжэт пра гомельскую вежу для агляду наваколля. Безумоўна, крыху хвалявалася і часам забывала тэкст, але ўрэшце ўсё атрымалася добра.
У старэйшай групе міс і містарам тэлеканала “Беларусь-4. Гомель” сталі Ганна Гаўрылавец з вёскі Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна і жыхар Рэчыцы Раман Святцаў. 15-гадовы хлопчык да гэтага часу схіляўся да прафесіі медыка, але конкурс, магчыма, можа паўплываць на будучы выбар. Дарэчы, юнак вельмі крытычны да таго, што робіць:
- Вынік нечаканы. Здаецца, у мяне было шмат памылак, і я дагэтуль не магу паверыць, што перамог. Цяпер буду марыць стаць сапраўдным тэлевядучым.
Маці Рамана Ганна Анатолеўна чакала, што сын выйдзе ў лідары:
- Калі чалавек робіць нешта з задавальненнем, гэта адразу відаць. Для мяне галоўнае не тое, каб ён стаў тэлезоркай, а каб сын атрымліваў задавальненне ад усяго, чым займаецца.
Больш, чым іншыя, сваёй перамозе была здзіўлена сціплая Ганна Гаўрылавец з самага аддаленага раёна Гомельшчыны - Лельчыцкага. Вясковая дзяўчынка са шматдзетнай сям'і тым не менш з'яўляецца алімпіядніцай па беларускай мове, і для яе не былі складанымі пытанні, зададзеныя па-беларуску:
- Прызнацца, ніколі не думала, што змагу перамагчы. Я пра сябе ўвогуле гаварыць не ўмею. Я хацела быць то журналістам, то эканамістам... Пакуль нават не ведаю, да чаго больш душа імкнецца. Калі мы працавалі на студыі, я больш за ўсё перажывала за свайго партнёра Дзіму Капузу, а за сябе не перажывала ўвогуле. Але пакуль для мяне складана “трымаць твар”, усміхацца заўсёды...
Дэманструем вопыт у кадры
Дарэчы, на працягу ўсяго часу правядзення конкурсу Тэлерадыёкампанія “Гомель” кожны тыдзень у праграме “Добры вечар, Гомель” змяшчала сюжэты з інфармацыяй пра кастынг у раёнах, інтэрв'ю з удзельнікамі, падрыхтоўку фіналістаў на тэлебачанні, майстар-класы для фіналістаў. Хутка ў эфір выйдзе і тэлеверсія фіналу на канале “Беларусь-4. Гомель”. Не за гарамі і падвядзенне вынікаў галасавання ў інтэрнэце на сайце http://tvrgomel.by/, якое вызначыць найбольш папулярных удзельнікаў сярод гледачоў. А потым пачнецца галоўнае: карпатлівае стварэнне дзіцячай праграмы, вядучымі якой стануць хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх заўважылі прафесіяналы тэлебачання. Дырэктар ТРК “Гомель” Святлана Яўрасава адзначае, што для патэнцыяльнага тэлевядучага важна мець шчырую інтанацыю, якая прымусіць гледача яму паверыць:
- Ва ўсіх тэлеперадачах галоўныя не вядучыя, а людзі, якія прыходзяць у госці. Тыя, пра каго мы здымаем свае праграмы. Пры гэтым ад вядучага насамрэч вельмі многае залежыць. Таму важна абаянне, натуральнасць, а для дзяцей - яшчэ і непасрэднасць. Наш конкурс паказаў, якія цудоўныя ў нас дзеці, якія яны творчыя і мэтанакіраваныя. Упэўнена, што кожны з іх знойдзе сваю нішу ў гэтым жыцці і зможа рэалізаваць усе свае таленты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.