Праспяваем у эфіры?!

08.07.2011
"Народная газета", 8 июля 2011 г.

 
На мэце конкурсу, арганізаванага Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё, - выявіць і падтрымаць маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва, павысіць творчае майстэрства і выканальніцкую культуру маладых музыкаў. Прыём заявак на ўдзел у конкурсе ўжо завяршыўся. Паспрабаваць свае музычныя сілы вырашылі 137 маладых людзей з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Найбольш жорсткая канкурэнцыя чакаецца ў намінацыі "Эстрадны вакал" - аж 105 заявак! Узрост удзельнікаў тут вагаецца ад 10 да 25 гадоў. Сур'ёзнае творчае саперніцтва будзе таксама ў намінацыях "Інструментальная музыка" (21 заяўка) і "Акадэмічны вакал" (11 заявак), дзе свае працы прадаставілі больш старэйшыя выканаўцы - ад 20 да 30 гадоў.
- Зараз праходзіць першы тур конкурсу, - расказвае дырэктар дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч. - Мы праглядаем заяўкі, слухаем, правяраем, ці адпавядаюць яны тэхнічным патрабаванням нашага конкурсу.
Праца, як прызнаецца Антон Барысавіч, складаная і не аднаго дня. Яшчэ не ўсе заяўкі праслуханыя. Аднак ужо можна пазнаёміцца з тымі канкурсантамі, якія, па меркаванні журы, дакладна прайшлі папярэдні адбор. "Дзённікі конкурсу" штодзень гучаць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў 16.05.
- А па нядзелях у 13.00 у спецыяльнай перадачы "Маладыя таленты Беларусі" мы расказваем апошнія навіны нашага праекта, запрашаем у эфір нашых канкурсантаў, якія расказваюць пра сябе і свае школы, - гаворыць Антон Васюкевіч.
Пасля таго як будуць вызначаны ўсе канкурсанты, пачнецца другі тур праекта. Маладых выканаўцаў будзе ацэньваць ужо прафесійнае журы. Вынікі конкурсу стануць вядомыя ў верасні 2011 года.
Творы выканаўцаў, якія перамогуць у радыёконкурсе, увойдуць у зборны кампакт-дыск "Маладыя таленты Беларусі - 2011" і будуць гучаць у эфіры Беларускага радыё.
У мінулым годзе лаўрэатам у намінацыі "Эстрадны вакал" у старэйшай узроставай катэгорыі стала Алена Ланская, якая сёлета прадстаўляе нашу краіну на конкурсе "Віцебск-2011".

Людміла МІНКЕВІЧ, "НГ".