Праграма "Здароўе" абнавіла фармат

05.02.2016

"Звязда"

6 лютага папулярны праект "Здароўе" з'явіцца ў эфіры ў абноўленым фармаце. Непасрэдна на здымачнай пляцоўцы будзе створана сапраўдная "тэрыторыя здароўя". Удзельнікамі самога ток-шоу стануць гледачы і самыя дасведчаныя ўрачы нашай краіны. Дапамагаць двум бакам знаходзіць паразуменне запрошаны новы вядучы - сямейны доктар Мікалай Грамянок.

- Лячыць у эфіры мы нікога не будзем, але прааналізаваць пэўную гісторыю хваробы, знайсці яе карані, абмеркаваць метады лячэння і параіць пацыенту, што рабіць далей, нашы медыцынскія эксперты бяруцца, - адзначыла кіраўнік праекта "Здароўе" Наталля Шаруба.

Не застануцца без увагі і такія, як некаторыя лічаць, простыя немачы, як галаўны боль, стомленасць, дрэнны сон, цяжар у нагах, болі ў паясніцы. У студыі ўсе ахвотныя змогуць асвоіць комплекс аздараўленчых практыкаванняў на расцяжку, каб абудзіць свой арганізм ці супакоіць яго, таксама будзе магчымасць прайсці сеанс іголкарэфлексатэрапіі, масажу, зарадзіцца энергіяй гарачых камянёў, засвоіць парады па аказанні самадапамогі.

Асаблівае месца на "тэрыторыі здароўя" стваральнікі праграмы адводзяць харчаванню, таму на здымачнай пляцоўцы будзе абсталяваная кухня. Эксперты дапамогуць адшукаць у звыклых прадуктах тое, што дае арганізму энергію і з'яўляецца карысным. А мы даведаемся, ці можа быць смачнай і разнастайнай карысная ежа.

Галоўная задача праекта - паказаць кожнаму, што толькі ад нас саміх залежыць шчасце быць здаровымі.

Алена ДРАПКО.