Праект "Усе дзеці таленавітыя" на канале "Культура" Беларускага радыё

11.03.2016

"Звязда"

У сакавіку ў эфіры канала "Культура" Беларускага радыё стартаваў праект "Усе дзеці таленавітыя", арганізаваны праграмай для дзяцей "Мэры Попінс" і грамадскім аб'яднаннем "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам".

Кожны аўторак у 16.05 у межах радыёпраграмы журналісты распавядаюць пра творчых дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Яны займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, музыкай, спяваюць, чытаюць вершы, малююць. Фінал праекта "Усе дзеці таленавітыя" адбудзецца 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме радыё. Творчыя работы для экспазіцыі і выступленні прадставяць як дзеці - падапечныя грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам", так і юныя артысты - аматары папулярнай радыёпраграмы. Эфірная версія выйдзе 9 чэрвеня, у Міжнародны дзень сяброў, бо дэвіз "Мэры Попінс" - "Давайце сябраваць!".

Праект "Усе дзеці таленавітыя" праводзіцца другі раз. Упершыню ў 2014 годзе праграма "Мэры Попінс" пазнаёміла слухачоў з падапечнымі грамадскай арганізацыі "Беларускі фонд SOS - Дзіцячая вёска". Аўтарам праекта "Усе дзеці таленавітыя" з'яўляецца кіраўнік творчай групы радыёпраграмы "Мэры Попінс" Таццяна Гулевіч.

Алена ДРАПКО.