Прадзюсар Ірыны Дарафеевай: "Я ведаю, хто выйграе!"

06.12.2011
"Звязда", 6 декабря 2011 г.


Сёння будуць названы імёны 15 паўфіналістаў нацыянальнага беларускага адбору на песенны конкурс "Еўрабачанне-2012" (пройдзе ён налета ў Баку). Журналісты "Звязды" пабывалі на папярэднім праслухоўванні прэтэндэнтаў і зрабілі папярэднія высновы, каго мы з вамі ўбачым і пачуем у паўфінальным канцэрце 21 снежня.
На праслухоўванне, што ішло цягам некалькіх дзён у Маладзёжным тэатры эстрады, прыбылі амаль усе са 114 артыстаў, хто выказаў жаданне прадставіць на "Еўрабачанні" Беларусь. Не даехалі да адбору, спаслаўшыся на розныя важныя прычыны, лічаныя адзінкі. І дарэмна! Адкрытае праслухоўванне было цудоўнай магчымасцю калі не сябе паказаць, то паглядзець на іншых і рэальна ацаніць як канкурэнтаў, так і ўвогуле ўзровень сучаснай айчыннай поп-сцэны. Прынамсі мы з калегамі не раз лавілі сябе на адчуванні, што прысутнічаем на зборным канцэрце з навічкоў і "зорак" беларускай эстрады. Здаецца, у невялічкім холе сабраліся ўсе яны па алфавіце - ад Іскуі Абалян да гурта "Эківокі", ад Lіtеsоund да Vеnеr'ы.
Але найперш увагу назіральнікаў прыцягвалі, так бы мовіць, "ветэраны" - напрыклад, спявачка Гюнеш амаль штогод удзельнічае ў адборы і кожны раз чымсьці здзіўляе. Сюрпрызам для публікі стане (мы практычна ўпэўнены, што ўбачым Гюнеш у паўфінале) і сёлетні нумар. Ён без феерычнага шоу, без экстравагантных касцюмаў, без энергічнай падтанцоўкі, затое з бездакорным вакалам і стопрацэнтным хітом - лірычнай баладай.
- Перад выхадам на сцэну я ўзгадала свой першы конкурс, які выйграла ў Ялце, прадстаўляючы нашу краіну, - расказала "Звяздзе" Гюнеш, - адчула знаёмае хваляванне, але ўсё ж сабралася і выканала песню. І зразумела:"О, Гюнеш, з табой усё ў парадку!". Бо калі ёсць шчырае хваляванне, то потым ловіш кураж, і слухачы гэта адчуваюць. Песню я выбірала цягам года, праслухоўваючы прапановы замежных аўтараў. Спынілася на баладзе "І раніца прыйдзе" - мне здаецца, яна вельмі светлая, правільная ў сэнсе эмацыянальнага пасылу.
Пасля даволі працяглага перапынку зноў штурмуе "Еўрафэст" спявак Георгій Калдун. Перапынак артыст патлумачыў проста: "Ёсць дзве версіі. Адна - жартоўная: я паспрачаўся з бабуляй на яе пенсію, што не падам заяўку на адбор, а паколькі пенсія ў яе зусім невялікая, з майго боку было б свінствам выйграць гэту спрэчку. А калі сур'ёзна - раней я проста не трапляў у фармат, не бачыў сябе на адборы з тым музычным матэрыялам, што ў мяне быў. Потым на чарнавік адной песні знайшоўся замежны англамоўны аўтар, пачалі працаваць - гляджу, кампазіцыя гучыць каля 3 хвілін. Тут у мяне штосьці шчоўкнула ў галаве: 3 хвіліны, англійскі тэкст, меладычная песня - так, а калі ў нас адбор на "Еўрабачанне" завяршаецца? У мяне няма настрою "перамога або смерць", паколькі ўскочыў у апошні вагон, то проста цікава паўдзельнічаць у адборы для далейшага развіцця".
Здавалася, з падобнай мэтай заявілася на праслухоўванне і яшчэ добрая пара дзясяткаў выканаўцаў. Многія відавочна змагаліся не за нейкую там міфічную пуцёўку на "Еўрабачанне", а за канкрэтны эфір на адным з цэнтральных тэлеканалаў. Адны прадстаўлялі відавочна нефарматныя, да таго ж рускамоўныя песні, другія паказвалі "шоу" як быццам з 90-х гадоў. Здараліся прыемныя адкрыцці - так, людзі-андрагіны з гурта Nurtеkі гучалі і выглядалі нашмат цікавей за некаторыя "зорныя" імёны. Але хапала і ўдзельнікаў, нумар ці песня якіх былі ніжэйшыя за ўсякую крытыку, аднак журы цярпліва слухала абсалютна ўсіх. "Мы вырашылі - калі паабяцалі роўныя ўмовы для ўсіх, трэба гэта выконваць, таму не спынялі нікога з удзельнікаў, незалежна ад узроўню выканання", - падкрэсліў кіраўнік праекта "Еўрафэст" Аляксандр Ціхановіч. Хоць некаторыя ацэнкі члены журы ўскосна ўсё ж давалі зразумець - камусьці нагадвалі, што песня не ўкладваецца ў межы 3 хвілін, камусьці гучна апладзіравалі або нават прытанцоўвалі, а пад іншыя песні, наадварот, адкрыта пазяхалі.
Здзівіў прысутных гурт "Дразды", які "нарабіў шораху" яшчэ да праслухоўвання - з-за намеру прадставіць песню пра... аднаполыя рамантычныя пачуцці. А непасрэдна на адборы на сцэну выйшаў толькі адзін чалавек - лідар гурта Віталь Карпанаў, які патлумачыў, што астатнія ўдзельнікі занятыя дзесьці на здымках. Што ў выніку пераважыць - харызма і тэлевізійна-сцэнічны вопыт артыста або папярэдні скандал і "нетрадыцыйная арыентацыя" адной з заяўленых песень, сказаць цяжка.
Таксама адкрытым застаецца пытанне, ці трапіць у запаветную паўфінальную 15-ку імя заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай - вельмі ўжо "нееўравізійную" песню выканала спявачка.
- А ў нас і не стаіць задача абавязкова трапіць у фінал і перамагчы, - агаломшыў прадзюсар артысткі Юрый Саваш. - Па шчырасці, проста заявілі добрую песню, якую хацелася б шырока прадставіць слухачам. А больш яркага, маляўнічага і спрыяльнага для раскруткі музычнага праекта, чым "Еўрафэст", сёлета можа ўжо не адбыцца... Затое я ведаю, хто выйграе.

- Хто выйграе адбор?! - не паверылі мы.
- Не, хто прадставіць Беларусь, вызначыцца толькі ў студзені наступнага года, і пакуль што ніхто не ведае адказу на гэта пытанне. Але я практычна ўпэўнены, якая краіна ўвогуле выйграе "Еўрабачанне-2012"! Тыя артысты, якімі займаецца гэта краіна, заўжды паспяхова выступаюць на конкурсе, тэхналогіі падрыхтоўкі адшліфаваныя, і сёлета шансы як ніколі высокія. Калі заяўлены будзе менавіта той выканаўца, пра якога я ведаю, то ён пераможа.
Стаўку на пераможцу "Еўрабачання-2012" у прадзюсара Ірыны Дарафеевай мы прынялі, але загадзя вырашылі яе ўсё ж не агучваць. Інакш нецікава будзе глядзець. А ў еўравізійным песенным спаборніцтве інтрыга - ці не палова справы.
Пакуль жа, шаноўная публіка, робім свае прагнозы, для каго запаліцца зялёнае святло ў беларускім нацыянальным адборы, і чакаем афіцыйнага абвяшчэння паўфіналістаў.

Да ведама:
Са 114 кампазіцый у сёлетнім адборы было заяўлена менш за 10 беларускамоўных песень.
"Еўрафэст" сабраў даволі шмат вядомых артыстаў: свае сілы паспрабавалі Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, Герман, Іван Буслай, парадыст Георгій Волчак, Ніна Багданава, Вера Карэтнікава і гурт "Тяни-Толкай", гурт "Эківокі", Альберт Скараход, Ганна Благава, гурт "Аўра", Аляксандра Гайдук, праект Thе Сhаmріоns, леташняя ўдзельніца "Еўрабачання" Насця Віннікава і іншыя.
З вопытнымі байцамі эстраднага фронту спаборнічала шмат маладых артыстаў, сярод якіх і "выпускнікі" дзіцячага "Еўрабачання" - Міхаіл Ліла і Дзіяна Громава.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.