Прадстаўнік Беларусі ІVAN сёння выйдзе на конкурсную сцэну

12.05.2016

"Звязда"

Увечары 12 мая на сцэне Globe Arena ў Стакгольме пройдзе другі паўфінальны канцэрт 61-га конкурсу песні "Еўрабачанне". У ліку іншых удзельнікаў прадставіць сваю кампазіцыю "Help You Fly" і беларускі спявак ІVAN, ён жа Аляксандр Іваноў, які выступіць пад нумарам 5.

Нагадаем, каманда артыста стрымала папярэдняе абяцанне вывесці на сцэну ваўкоў - але не жывых драпежнікаў (што забаронена правіламі конкурсу), а вельмі рэалістычныя галаграмы. Выкарыстаны ў нумары і кадры са скандальнай "аголенай" фотасесіі ІVAN'а, а таксама рэалізавана яшчэ некалькі цікавых задумак. Зрэшты, пераказваць змест нумара загадзя - справа няўдзячная, таму лепш уключыце ўвечары тэлевізар і вырашыце самі, даспадобы вам такое шоу альбо не вельмі.

Цалкам спіс удзельнікаў другога паўфіналу "Еўрабачання-2016" выглядае наступным чынам: Латвія, Польшча, Швейцарыя, Ізраіль, Беларусь, Сербія, Ірландыя, Македонія, Літва, Аўстралія, Славенія, Балгарыя, Данія, Украіна, Нарвегія, Грузія, Албанія і Бельгія. Варта адзначыць, што 10 з 18 удзельнікаў - прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, таму вельмі верагодна, што працягнецца не толькі песеннае спаборніцтва, але і заўважаны ў першым паўфінале "конкурс доўгіх ног".

Па выніках першага конкурснага дня месца ў фінале забяспечылі сабе 10 краін: Азербайджан, Арменія, Аўстрыя, Венгрыя, Кіпр, Мальта, Нідэрланды, Расія, Харватыя і Чэхія. На жаль, не пашчасціла трапіць у іх лік прадстаўніку Эстоніі Юрыю Потсману, у голасе і вобразе якога многія заўважылі падабенства са змрочнай харызмай Ніка Кейва; не спрацавала таксама востраактуальная тэма бежанцаў, якую выбралі для выступленняў артысты з Грэцыі і Босніі і Герцагавіны, затое атрымалі пуцёўкі ў фінал некалькі "проста песень", напрыклад ад Нідэрландаў і Чэхіі.

Пасля цяперашняга канцэрта да іх далучацца яшчэ 10 шчасліўчыкаў, паўдзельнічаць у вызначэнні якіх змогуць і беларусы - учора зрабіла свой выбар нацыянальнае журы, сёння паставяць ацэнкі тэлегледачы. Акрамя таго, другі паўфінал транслююць і галасуюць у ім Вялікабрытанія, Германія і Італія, але як канкрэтна размяркуюцца іх сімпатыі і балы, мы даведаемся толькі пасля фінальнага шоу.

Дарэчы, паводле прагнозаў букмекераў, лідзіруе ў спісе найбольш верагодных пераможцаў па-ранейшаму Сяргей Лазараў з Расіі, а ў якасці яго галоўных канкурэнтаў разглядаюцца ўдзельніца з Украіны спявачка Джамала і спявак Амір, які прадстаўляе Францыю.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.