Пра лінзу і газету без паперы

27.10.2003
"Культура", 25 -31 кастрычніка 2003 г.


Новае - усяго толькі добра забытае старое. Гэта старая, як свет, ісціна чарговы раз узгадваецца, калі трапляеш у музей Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
Эфір заўсёды быў найгалоўным "стратэгічным аб'ектам", таму праўдзівых, дакументальна пацверджаных звестак пра яго першыя і найбольш паваротныя крокі захавалася няшмат. Але дырэктар музея Валерый Жыгалка і галоўны захавальнік Віктар Калашнік зрабілі і робяць усё магчымае, каб музей нарадзіўся і жыў - хаця б у выглядзе дзвюх залаў. У першай прадстаўлена ўласна "гісторыя стварэння і развіцця", якую вянчае стэнд, прысвечаны абласному тэлебачанню (пачынаючы з Гомеля ў 1957 г. і заканчваючы Магілёвам у 1989 г.). У другой - шматлікія ўзнагароды, кубкі, прызы, а таксама эскізы Міхаіла Карпука, які з першых дзён Беларускага тэлебачання на працягу 14 гадоў працаваў там галоўным мастаком. Разглядаючы ўсё гэта, разумееш, якія высокія мастацкія дасягненні былі звязаны з жанрамі, што сёння сышлі ў нябыт.
- Галоўнае ў нашай справе, - расказваў Міхаіл Андрэевіч пра паплечнікаў, з якімі даводзілася працаваць, - гэта мастацтва ансамбля. Во як няма яго, дык усё пераходзіць на "крык". Я ж, перш чым узяцца за праект, падрабязна вывучаў гістарычныя дакументы, каб кожная дробязь адпавядала эпосе. Шмат чаго даводзілася выдумляць, спрабуючы "абысці" недасканаласці тагачаснай тэхнікі.
Сярод той "тэхнікі" (якая, між іншым, дасюль знаходзіцца ў дзейным стане) у музеі ёсць і першыя савецкія камеры, і першыя тэлевізары - нават са спецыяльнай лінзай перад экранам, каб павялічыць "карцінку".
Шмат цікавага можна даведацца і пра радыё. Чаго варты хаця б ліст адной з першых вядучых Ніны Кабалінай да сваёй сяброўкі! Аказваецца, "сігналы дакладнага часу" перадавалі напачатку з дапамогай "пінькання" па клавішы піяніна. Прычым выконваў гэты пачэсны абавязак тагачасны прыдворны (г.зн. "прырадыйны") піяніст Мікалай Клаус, які пазней узначаліць аркестр радыё. 3 праграм радыёвяшчання 1934-36 гг. можна, да прыкладу, даведацца, як шмат у той час гучала камернай музыкі, а літаратурныя праграмы вяліся яшчэ і на яўрэйскай мове. Дарэчы, у 1936 г. былі ліквідаваны так званыя "радыёгазеты", ці "газеты без паперы" - зачытванне ў эфіры газет з "сінхронным" перакладам, калі дыктар, гледзячы ў рускамоўны тэкст, чытаў яго па-беларуску (сёння, падобна, тая традыцыя вяртаецца, толькі зачытваюць, у адпаведнасці з тэхнічным прагрэсам, ужо з Інтэрнета).
Расказваць пра музей можна бясконца. Ды ўсё ж правільна кажуць: лепей адзін раз убачьщь, чым дзесяць - пачуць. Але... убачыць вам, шаноўныя чытачы, хутчэй за ўсё, не давядзецца: музей знаходзіцца ў самім будынку тэлебачання на Макаёнка, 9, дзе існуе строгі прапускны кантроль і куды прэсу, з нагоды новага сезона, запрашалі на "дзень адчыненых дзвярэй". Але ўсё ж музей ёсць, таму, як кажуць, і на гэтым дзякуй! Тым больш, што арганізатары мараць, каб з'явілася магчымасць дэманстраваць не толькі фотаздымкі пра тое, "як гэта было", але і самі "рэчавыя доказы" ў выглядзе фондавых стужак, што яшчэ захаваліся.

Святлана МЯРЗЛІКІНА.