Пра Беларусь - па-беларуску

23.10.2008
"Звязда", 23 октября 2008 г.


25 кастрычнiка Першы канал прадставiць гледачам новы праект Агенцтва тэлевiзiйных навiнаў, якi можна было б назваць дакументальнай сагай у 118 частках. 118 - бо менавiта на столькi раёнаў падзяляецца Беларусь. І ўсе iх трэба аб'ехаць, разгледзець непаўторнасць i адметнасць кожнага, а потым распавесцi пра ўбачанае - на беларускай мове - аўтарам дакументальнага цыкла "Зямля беларуская".
Адкрые гэты вялiкi цыкл гiсторыя Браслава (i, натуральна, знакамiтых азёраў), потым на чарзе - Бялынiчы, Ветка, Нясвiж, Мсцiслаў, Лiда, Карэлiчы... Здымачныя групы ўжо былi ў 30 раёнах. Рэдактары выязджалi туды загадзя, каб пракансультавацца з супрацоўнiкамi музеяў i культурна-гiстарычных арганiзацый, наладзiць супрацоўнiцтва з уладамi, адшукаць герояў кожнага фiльма - мясцовых жыхароў. Зрэшты, пра свой край расказваюць не самi жыхары - закадравы тэкст, якi iдзе ад першай асобы, чытаюць прафесiйныя акцёры на лiтаратурнай беларускай мове. А вось у арганiзацыi самiх здымак, у тым лiку складаных i нятанных - напрыклад, некаторыя панарамы знятыя з верталёта, - дапамога "тутэйшых" была неацэннай. 
- Большасць гэтых рэчаў рабiлася проста за "дзякуй", - расказвае намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка. - Мясцовыя жыхары i ўлады з задавальненнем iшлi нам насустрач, бо ўсе разумелi - праектам мы хацелi не зарабiць грошай, а пакiнуць след у гiсторыi, зрабiць своеасаблiвую вiзiтоўку Беларусi, у тым лiку i для замежжа. Асабiста ў мяне падчас прагляду першых серый было адчуванне гонару за тое, дзе я жыву, i пачуццё сораму за тое, як многа я не ведаю пра сваю краiну.
Архiтэктура малых гарадоў i мястэчак, маляўнiчыя краявiды, амаль забытыя рамёствы i памятныя легенды i гiстарычныя факты - усё гэта паказана знутры такiм чынам, каб кожнаму гледачу захацелася самому з'ездзiць у гэтыя мясцiны. Карцiнка падобная да стылю Discovery, часам нават цяжка паверыць, што гаворка iдзе ўсё ж пра Беларусь. Тым больш, i ў музычным суправаджэннi не чутна трафарэтных фальклорных напеваў... Гэта, паводле слоў намеснiка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыi Першага канала Аляксандра Капёнкiна, было зроблена наўмысна: адысцi ад варыяцый адных i тых жа вядомых беларускiх песень i танцаў, каб паглядзець на знаёмыя беларускiя краявiды крыху пад iншым вуглом.
Перамовы наконт пракату цыклу фiльмаў "Зямля беларуская" пачалiся яшчэ летась, цяпер, калi ўжо ёсць што паказаць, яны працягнуцца. Акрамя таго, праект будзе паказваць спадарожнiкавы тэлеканал "Беларусь-ТБ". А на Першым канале, калi захаваецца перыядычнасць выхаду фiльмаў раз на тыдзень, па суботах, дакументальнай беларускамоўнай сагi хопiць на два тэлесезоны. Дарэчы, кiраўнiцтва канала плануе павялiчыць долю беларускамоўнага вяшчання - у першую чаргу гэта датычыцца iнфармацыйных выпускаў i iншых праектаў АТН. 

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.