Пра лапы і хвасты

26.02.2016

"Звязда"

27 лютага на тэлеканале "Беларусь 2" - прэм'ера новай праграмы пра жывёл: "Занадта шмат хвастоў". Праект будзе выходзіць у фармаце відэаблогу. Вядучая Седа Каспарава і яе сувядучы - джэк-расел-тэр'ер Маўклівы Джон будуць вандраваць па Беларусі, знаёміцца з самымі незвычайнымі гадаванцамі і драпежнымі жывёламі, а таксама з тымі, хто клапоціцца пра іх.

Журналістка і яе чатырохногі сябар будуць сустракацца з экспертамі жывёльнага свету і ў кожным выпуску абмяркоўваць адну з актуальных тэм. У ролі экспертаў выступяць ветэрынары, заолагі, псіхолагі, грумеры, спецыялісты па дрэсіроўцы і доглядзе жывёл, а таксама тыя, хто заводзіць экзатычных гадаванцаў. Стваральнікі новага праекта плануюць зрабіць яго інтэрактыўным за кошт конкурсаў фотаздымкаў і відэа. Дарэчы, і самі гаспадары "братоў нашых меншых" могуць стаць героямі праграмы. Для гэтага трэба толькі ўступіць у адну з суполак праекта ў сацыяльных сетках. Ну а месца сустрэчы тых, хто мае свойскіх жывёл альбо проста цікавіцца імі - па суботах на тэлеканале "Беларусь 2".

Алена ДРАПКО.