"Помнi iмя сваё..."

04.11.2005
"Народная газета", 4 лістапада 2005 г.


Самае дарагое наша багацце - дзецi. Бацькi, а найперш матулi, разам са сваiмi дачушкамi i сыночкамi пакутуюць у час iх хваробы i радуюцца спартыўным поспехам, грызуць гранiт школьнай навукi i паглыбляюцца ў безагляднасць першага кахання, плачуць на вяселлях i гушкаюць унукаў. І ў 20, i ў 30, i ў 50 гадоў дзецi для бацькоў ўсё роўна дзецi, дзеля якiх бацькi гатовы на ўсё. Яны дзесяцiгоддзямi шукалi i шукаюць сыноў i дачок, прапаўшых без вестак у ваенныя i мiрныя часы, не губляючы надзеi на спагадлiвы лёс i добрых людзей, у якiх таксама ёсць цi будуць дзецi. У сям'i Анiшчанкаў з Краснадарскага краю, якiя ўжо два гады шукаюць свайго сына, таксама не згасае вера ў шчаслiвы зыход пошукаў. Межы гэтых пошукаў штораз пашыраюцца, да iх падключаюцца новыя людзi. І ўжо знаёмая Анiшчанкаў мiнчанка Ірына Паўлаўна Машэнка спадзяецца, што хуткай сустрэчы родных людзей можа дапамагчы сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i "Народнай газеты" "Помнi iмя сваё..."

"3 лiпеня 2003 года ў горадзе Вялiкi Ноўгарад Расiйскай Федэрацыi прапаў сын маёй знаёмай - Максiм Анатольевiч Анiшчанка 1976 года нараджэння, - паведамляе падрабязнасцi Ірына Паўлаўна. - Пасля здачы сесii за трэцi курс у Наўгародскiм унiверсiтэце ён не вярнуўся дамоў, у Краснадарскi край, хаця на руках у яго быў бiлет на цягнiк.
Пасля ўсiх запытаў, што праводзiлiся i мiлiцыяй, i роднымi, стала вядома, што падобнага на яго маладога чалавека бачылi ў многiх месцах Ноўгарада. Але называўся ён не сваiм, а iншымi iмёнамi.
"Цяжка сказаць, - пiша далей Iрына Паўлаўна, - быў гэта ён або проста падобны на яго хлопец, але родныя мяркуюць, што ён страцiў памяць. Летам гэтага года бацькi зноў шукалi Максiма па ўсёй Наўгародскай вобласцi, распытвалi людзей, хадзiлi па бальнiцах i моргах. У горадзе Бацецкi (недалёка ад Ноўгарада) у бальнiцы некаторы час знаходзiўся падобны хлопец, якi нiчога не памятаў пра сябе. Яго нiбы перадалi ў мiлiцыю, але там нiякiх звестак пра гэта знайсцi не ўдалося, падобна, што яго адпусцiлi. Улiчваючы, што праз горад праходзiць чыгунка, бацькi Максiма пачалi шукаць яго ў Пскоўскай i Ленiнградскай абласцях, але пакуль што безвынiкова. Не выключаюць яны i варыянт, што сыну ўдалося дабрацца да Беларусi.
Прыкметы Максiма Анатольевiча Анiшчанкi: знешнасць славянская, рост 185 см, валасы густыя русыя, вочы шэра-зялёныя, ляўша, на задняй паверхнi правай галёнкi ёсць шрам 30 см".
Калi хтосьцi сустракаў хлопца з такiмi прыкметамi або вам вядома, дзе ён зараз знаходзiцца, абавязкова паведамiце ў рэдакцыю "Народнай газеты".

Жыве надзея i ў сэрцы Таццяны Вiктараўны Казакевiч з горада Паставы Вiцебскай вобласцi, хоць быццам бы, як кажуць, "спалены ўсе масты". Вось якую гiсторыю расказала жанчына.
"28 мая 1971 года ў вiцебскiм радзiльным доме №1 на вулiцы Чарняхоўскага ў грамадзянкi Наталлi Маркаўны Сiдарэнкi (не ўпэўнена, што прозвiшча сапраўднае) нарадзiлася дачка - Ірына Пятроўна Сiдарэнка. Мацi адмовiлася ад дзiцяцi i пакiнула яго ў раддоме. 23 чэрвеня таго ж года мы з мужам (на той час маё прозвiшча было Жулiдава) удачарылi дзяўчынку. Рашэнне аб гэтым вынес Кастрычнiцкi райвыканкам Вiцебска. Усе неабходныя дакументы афармляла юрыст раддома. З таго часу, як дачка даведалася аб тым, што яна прыёмная, яе не пакiдае думка адшукаць сваю родную мацi, а найбольш братоў цi сясцёр. i гэтыя пошукi мы пачалi даўно. Найперш праз пашпартна-вiзавую службу разаслалi адрасныя лiсткi ва ўсе абласныя адрасныя бюро, але ўсе яны вярнулiся з адзнакай "не значыцца". Потым у Вiцебску я звярнулася ў архiў, дзе знаходзяцца матэрыялы на ўсынаўленне. Мне нават паказалi папку з дакументамi. Пагартаўшы iх, я адначасова здзiвiлася i засмуцiлася: акрамя прозвiшча, iмя i iмя па бацьку больш нiякiх звестак пра мацi няма - нi месца жыхарства, нi месца работы або вучобы. Тады, зноў жа знаходзячыся ў абласным цэнтры, я звярнулася ў Цэнтральны ЗАГС г.Вiцебска, дзе была зарэгiстравана дачка. У актавым запiсе аб нараджэннi быў вiцебскi адрас мацi: вулiца Фрунзе, дом 56, кватэра 23. Бацькам дзяўчынкi быў запiсаны Пётр iванавiч Сiдарэнка, iншых звестак пра яго не было. Звярнулiся ў газету "Вiцебскi рабочы". Яе супрацоўнiкi адказалi, што такога дома на вулiцы Фрунзе няма".
Дарэчы, у адраснай даведачнай службе Вiцебска, куды накiравалi запыт нашы калегi з радыё, пацвердзiлi, што на гэтай вулiцы сапраўды няма такога дома.
Таццяна Вiктараўна яшчэ раз звярнулася ў раддом. Адтуль прыйшоў адказ, што архiў за 1970-1971 гады знiшчаны падчас пажару. Пошукi зайшлi ў тупiк. Сям'я Казакевiчаў звярталася ў Маскву на тэлевiзiйную перадачу "Жди меня", але безвынiкова.
"Апошняя надзея - на "Помнi iмя сваё...", - заканчвае Таццяна Вiктараўна. - Нам не патрэбна матэрыяльная дапамога нi ад мацi, нi ад братоў i сясцёр. Маёй дачцэ неабходна толькi ведаць, што яна не адна i што ў яе ёсць родныя".

Не мае звестак пра свайго роднага брата жыхарка вёскi Бародзiчы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласцi Таццяна Мiкалаеўна Ланавенка-Гадаваная.
"Я iнвалiд другой групы па апорна-рухальным апараце. Хаджу толькi пры дапамозе мылiц. У мяне нiкога няма. Жыву адна. А вось дзесьцi ў Паўночна-Казахстанскай вобласцi, недалёка ад горада Петрапаўлаўска, жыве мой родны брат Уладзiмiр Мiкалаевiч Гадаваны, 1940 года нараджэння. Яго жонка - Лiдiя Фёдараўна Гадаваная, 1941 года нараджэння, ураджэнка горада Петрапаўлаўска. Дапамажыце, калi ласка, знайсцi iх", - просiць жанчына.

Усё часцей на адрас нашага выдання i радыёпраграмы прыходзяць лiсты ад тых, хто жадае даведацца пра лёс сваiх аднакласнiкаў, сяброў. Напрыклад, Сяргей Казлоў, якi ў 1981 годзе закончыў сярэднюю школу №70 г.Мiнска, хоча знайсцi былых настаўнiкаў.
"Некалькi гадоў таму адбылася сустрэча выпускнiкоў нашага 10 "А" класа, - пiша С.Казлоў. - На жаль, мы не змаглi знайсцi сваiх настаўнiкаў. Я разумею, калi ўжо нам, выпускнiкам, па 41-42 гады, то нашым настаўнiкам ужо за 65 i больш. Але тым не менш не губляю надзеi, што хто-небудзь з iх адгукнецца".

Наталля Мiкалаеўна Фiлiпенка (Коўтун), 1958 года нараджэння, даслала электроннае пiсьмо з Германii. У iм яна просiць дапамагчы адшукаць сяброўку дзяцiнства Валянцiну Аркадзьеўну Гардзееву. Яны вучылiся разам у мар'iнагорскай школе №3 з 1965-га па 1968 год. Потым з 1969-га па 1974-ы - у школе №74 паўднёвых груп войскаў у Венгрыi. Апошнi раз, паводле слоў Наталлi Мiкалаеўны, выпадкова бачылiся ў 1975 годзе ў Мiнску. Тады Валянцiна паступала ва унiверсiтэт. "З таго часу сувязь абарвалася, i я нiчога пра сваю сяброўку не ведаю", - пiша ў сваiм лiсце Наталля Мiкалаеўна. Праўда, яна паведамiла, што мацi Валянцiны родам з Асiповiчаў i завуць яе Марыя Пятроўна Гардзеева. i даслала здымак сяброўкi, якi быў зроблены 31 год таму.


Як заўжды, сярод пiсьмаў i зваротаў абавязкова сустракаюцца лiсты, звязаныя з падзеямi Вялiкай Айчыннай вайны, часцей за ўсё пра лёс людзей, якiя прапалi без вестак. З Ізраiля з дапамогай электроннай пошты звязалася з намi Ганна Васiльева. Яна просiць дапамагчы адшукаць свайго дзядулю, Мiкалая iванавiча Кулясава. Нарадзiўся Мiкалай iванавiч у 1926 годзе ва Уладзiвастоку. У 1942-1943 гадах пайшоў на вайну, быў танкiстам i прапаў без вестак пры фарсiраваннi Вiслы. Ганна даслала фотаздымак дзеда i спадзяецца на выпадак, што хто-небудзь з ветэранаў, якiя жывуць у Беларусi, пазнае ў юнацкай постацi свайго франтавога таварыша i паведамiць пра яго лёс.

Аляксандр Аляксандравiч Карсакоў з Магiлёва шукае месца, дзе знаходзiцца магiла яго брата, малодшага лейтэнанта Вiктара Аляксандравiча Карсакова. Згодна з паведамленнем, ён загiнуў 28 кастрычнiка 1943 года i пахаваны за 2 км на паўднёвы ўсход ад пасёлка Чанец Лоеўскага раёна Гомельскай вобласцi.
"Ведаючы дакладны адрас пахавання, я накiраваўся наведаць яго магiлу, - пiша малодшы брат. - Але на аўтастанцыi Гомеля перад адпраўленнем аўтобуса ў Лоеў даведаўся, што такога пасёлка няма".
У аблвыканкаме i Лоеўскiм райвыканкаме пацвердзiлi, што пасёлка Чанец няма i не было. Тады Аляксандр Аляксандравiч напiсаў у суседнюю, Чарнiгаўскую вобласць Украiны. Адтуль прыйшоў адказ, што i ў iх такi пасёлак не значыцца.
Зварот у Мiнiстэрства абароны СССР таксама не апраўдаў надзеi. Адтуль прыслалi аналагiчны адрас: "Гомельская вобласць, Лоеўскi раён, за 2 км на паўднёвы ўсход ад пасёлка Чанец".
"Мая мацi, Ксенiя Васiльеўна Карсакова, звярнулася ў архiў Мiнiстэрства абароны, што ў Падольску, - працягвае аўтар допiсу. - Адтуль паведамiлi, што ў кнiзе пахавання 479-га стралковага палку за 1943 год, а таксама ў спiсах загiнуўшых асабовага складу 149-й стралковай дывiзii з верасня па снежань 1943 года прозвiшча яе сына, а майго брата не ўпамiнаецца. Так мая мацi i памерла, не пабываўшы на магiле свайго старэйшага сына.
Мне ўжо 79 гадоў. Перад смерцю хочацца знайсцi i наведаць месца пахавання брата, папрасiць прабачэння i развiтацца".

А гэты лiст мы атрымалi з Брэста ад Надзеi Мiкiтаўны Кандрацюк. Яна пiша, што падчас Вялiкай Айчыннай вайны тры гады знаходзiлася ў атрадзе партызанскага руху iмя Сталiна злучэння Каржа Пiнскага раёна. Надзея Мiкiтаўна хоча даведацца прозвiшча камандзiра i камiсара партызанскага атрада, у якiм яна знаходзiлася, а таксама пра тое, як склаўся iх далейшы лёс. Дапамагчы выканаць гэту просьбу ўжо паабяцалi супрацоўнiкi Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

Мы верым, што знойдуцца людзi, якiя раскажуць бацькам пра лёс iх сына, унучцы - пра дзядулю-франтавiка, брату - як знайсцi магiлку старэйшага, падкажуць адрас сяброўкi, а разлучаныя браты i сёстры раскрыюць абдымкi. I рады паведамiць, што з моманту прэм'еры нашага сумеснага праекта ўдалося знайсцi пяцёра чалавек. На жаль, не ўсе яны дажылi да сённяшняга дня, але мы паведамiлi адрасы iх родных i блiзкiх, з якiмi можна звязацца. I працягваем пошукавую работу.
Калi вы пазналi каго-небудзь на фотаздымках, ведаеце, дзе адшукаць тых, пра каго мы расказваем, не вагайцеся i не сумнявайцеся. Пiшыце, тэлефануйце, шлiце электронныя пiсьмы. Людзям дарагая кожная вестачка.
Калi вы згубiлi родных, блiзкiх i знаёмых, хочаце даведацца пра лёс армейскага таварыша, першай каханай, сябра дзяцiнства, звяртайцеся:
у рэдакцыю "Народнай газеты": 220013, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай "Помнi iмя сваё..."; e-mail: regina@ng-daily.com;
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача "Помнi iмя сваё..."; e-mail: poisk@radio.tvr.by.

Рэгiна НОВІК, "НГ".