"Поля цудаў" не будзе. Будзе "Простая гульня"

17.10.2006
"Звязда", 17 кастрычніка 2006 г.


Сёння ў вячэрнiм эфiры канала "ЛАД" пачынаецца новае гульнявое шоу "Простая гульня". Каб удзельнiчаць у ёй, дастаткова ўсяго толькi мець стацыянарны тэлефон i крыху памятаць школьную праграму, а вынiкi магчымыя самыя прыемныя.
Алгарытм дзеяння, як i сведчыць назва, просты. Жадаючыя згуляць з фартунай набiраюць нумар шматканальнага кругласутачнага тэлефона 8-902-101-11-22 (улiчыце, што званок платны: 1600 рублёў). Усе тэлефоны - а на дадзены момант iх набралася некалькi соцень тысяч - аўтаматычна заносяцца ў базу даных. На гэтым этапе нi ад вас, нi ад вядучага - вядомага гумарыста Яўгена Крыжаноўскага - нiчога не залежыць, бо нумары для кожнай гульнi вызначае камп’ютар.
Набраўшы выпадкова выбраны нумар, вядучы задае iграку тры простыя пытаннi са школьнай праграмы - дапусцiм, па лiтаратуры, цi бiялогii, цi матэматыцы... Адказаўшы правiльна, удзельнiк атрымлiвае першы прыз. За другую i трэцюю, больш складаныя тройкi пытанняў, i прызы прадугледжаны больш важкiя. Што можна выйграць? Электрачайнiк, прас, СВЧ-печ, тэлевiзар, мабiльнiк... Напрыканцы гульнi ўдзельнiку прапануецца адказаць на "Пытанне на засыпку" i выйграць галоўны прыз. Калi адказ няправiльны, iгрок губляе ўвесь выйгрыш.
"Простая гульня" будзе iсцi тройчы на тыдзень: па аўторках, серадах i чацвяргах. Дарэчы, заўважыць яе ў эфiры будзе таксама проста: спецыяльна для праграмы Леанiд Шырын i Андрэй Касцюгаў напiсалi песню, якую выканае сам вядучы. Такiм чынам у абодвух "Лато", здаецца, з’явiўся сур’ёзны канкурэнт...

Яўген Крыжаноўскі: "Адчуваю сябе Дзедам Марозам!"

Каб даведацца, што да чаго, мы звярнулiся непасрэдна да вядучага:
- Яўген Анатольевiч, усе прызвычаiлiся ад "хрыстафораўцаў" чакаць падколак. "Простая гульня" - гэта ўсё ж сур’ёзная праграма цi розыгрыш?
- Спачатку я думаў, што розыгрыш, калi мяне запрасiлi на кастынг. А зараз магу сказаць, што тыя, хто возьме ўдзел у "Простай гульнi", нiколькi не пашкадуюць, а наадварот. Бо за простыя адказы на простыя пытаннi атрымаюць такiя прызы... Мяне проста жаба душыць на гэты конт, бо сам я не маю права ўдзелу ў гульнi. Хачу сказаць, што ў адрозненне ад iнтэлектуальных праграм кшталту "Што? Дзе? Калi?" i "Сваёй гульнi", гэта насамрэч вiктарына для простых, звычайных людзей.
- Раздаваць налева i направа прызы за простыя адказы... Цi не адчуваеце вы сябе гэткiм беларускiм Леанiдам Якубовiчам?
- Я адчуваю сябе Дзедам Марозам, i зараз дакладна ведаю, што ён перажывае, калi разносiць падарункi. Гэта вельмi прыемна - дарыць людзям радасць. I хоць выбар тэлефонаў i пытанняў залежыць не ад мяне, затое я магу выбiраць, якi менавiта прыз уручыць чалавеку, скажам, чайнiк або прас.
- А як вас занесла ў лiк спяваючых персанажаў? Можа, ужо i ўласны альбом на падыходзе?
- У мяне ж музычная адукацыя па класу вакала, тым больш, сучасныя тэхналогii дазваляюць зрабiць спевака з каго заўгодна. Запiсаная для праграмы песня ўжо ляжыць на радыёстанцыях, i прафесiяналы мяркуюць, што яна можа стаць хiтом. Альбома пакуль няма, але - чым чорт не жартуе? - можа, на старасцi гадоў я i стану Шарлем Азнавурам...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.