Полька пад "Бяседу"

25.09.2015

"Звязда"

У Магілёве заслужаны калектыў закідалі кветкамі.

Народных любімцаў, удзельнікаў акцыі тэлеканала "Беларусь 3" Белтэлерадыёкампаніі і грамадскага аб’яднання "Белая Русь", якая праходзіць па Беларусі пры падтрымцы Выдавецкага дома "Звязда", у Магілёве сустракалі па сямейнаму цёпла. Сярод таленавітых выканаўцаў праслаўленага калектыву Беларусі шмат ураджэнцаў Магілёўскай вобласці. У тым ліку і яго яскравая салістка Таццяна Лазоўская.

За паўгадзіны да пачатку канцэрта яна размаўляла са сваімі прыхільнікамі ў фае Палацакультуры вобласці і раздавала аўтографы. "Заўсёды вельмі прыемна выступаць перад землякамі, - шчыра прызналася яна. - Гэта самыя адданыя слухачы, вельмі шчодрыя на эмоцыі. Наогул, прыемна адчуваць, што народная песня сёння карыстаецца такім попытам, што людзі адгукаюцца на яе ўсім сваім сэрцам".

Яркія самабытныя касцюмы, добрыя галасы, папулярны рэпертуар - гэтыя складнікі вабілі найбольш за ўсё. Тое, што на канцэрт гэтага калектыву прыйшлі яго адданыя слухачы, было відаць адразу. Артыстаў называлі па імёнах, нават ведалі, адкуль яны родам. З задавальненнем прымалі ад актывістаў арганізацыі "Белая Русь" сцяжкі з лагатыпамі арганізатараў праекта. І ўсім сваім выглядам дэманстравалі дачыненне да акцыі, якая займаецца папулярызацыяй каштоўнасцей нацыянальнай культуры, беларускай мовы, песеннай творчасці.

- Я вельмі рада, што трапіла на гэты канцэрт, - прызналася магіляўчанка Святлана Прылужная. - Сама я з вёскі, і ўсё тое, пра што спявае гэты калектыў, вельмі блізкае майму сэрцу. Калі чуеш іх, пачуцці б’юць цераз край. І як бы гэта пафасна ні гучала, адчуваеш сваю прыналежнасць да народа, да нашых агульных каранёў.

"Бяседа" - калектыў, які не мае патрэбы ў прадстаўленні. Ён, лаўрэат і ўдзельнік шматлікіх міжнародных фальклорных фестываляў, з поспехам прадстаўляе нашу культуру і песенныя традыцыі за мяжой, без яго не абыходзяцца значныя беларускія святы.

- Мы рады завітаць у Магілёўскую вобласць, спяваць для яе жыхароў беларускія, славянскія песні і дарыць добры настрой. Мы ганарымся тым, што жывём у квітнеючай Беларусі, - мастацкі кіраўнік, кампазітар, лаўрэат дзяржаўнай прэміі, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны не скупіўся на добрыя словы ў адрас прыхільнікаў ансамбля "Бяседа". - Пасля кожнага канцэрта да нас падыходзяць людзі і дзякуюць. Бабулькі кажуць: "Вы нам жыццё прадоўжылі на 10 гадоў, я нават памаладзела". Наша праграма светлая, святочная, з бадзёрасцю і, што самае галоўнае, на беларускай мове. Іншых адчуванняў і быць не можа. Мы жадаем, каб ва ўсіх пасля нашых сустрэч свяціліся сэрцы і твары. Каб людзі прыйшлі, адпачылі і сказалі, што гэта дапамагае і ў жыцці.

Наколькі калектыў запатрабаваны, сведчыць тое, што ў студзені ён будзе адзначаць 25-годдзе. "У нас беларуская народная песня жывая, мы нічога ў ёй не мяняем, проста апранаем у прыгожае музычнае афармленне, каб людзі разумелі, што гэта жамчужына нашай беларускай творчасці, - дзяліўся сакрэтам даўгалецця ансамбля Леанід Захлеўны. - У Мінску штогод адбываецца каля 8 нашых канцэртаў. Прычым касавых, на якія чалавек прыходзіць і плаціць за талент нашых артыстаў рублём. І на іх вельмі шмат моладзі. Яны з задавальненнем спяваюць пад нашу музыку і танцуюць. Маладыя людзі разумеюць, што беларуская мова і беларуская песня з’яўляюцца адным з асноўных складнікаў нашага менталітэту".

У Магілёўскай вобласці "Бяседа" праехала з турам па трох гарадах - Шклове, Магілёве і Бабруйску. Леанід Захлеўны ўзгадаў, як цёпла некалькі гадоў таму жыхары Шклова прымалі ансамбль, канцэрт тады адбыўся пад адкрытым небам. Людзі падпявалі, дарылі кветкі, дзякавалі за тое, што ім зрабілі свята. На гэты раз артыстаў сустракалі тут як даўніх добрых сяброў. "Адзін малады чалавек на працягу канцэрта Таццяне Лазоўскай тройчы дарыў кветкі, - адзначыў маэстра. - Гэта не толькі самая вялікая адзнака для артыста, але і прыклад таго, што яго справа патрэбна людзям. Мы вельмі ўдзячны нашым слухачам, усюды, куды мы прыязджаем, сустракаем нашых сяброў, сваіх прыхільнікаў. А ўсіх нас аб’ядноўвае любоў да беларускай песні, да беларускай зямлі".

Арганізатары паклапаціліся, каб ніводны канцэрт не быў падобны да іншага. У Магілёўскай вобласці, напрыклад, саліравалі ўраджэнцы шчодрага на таленты краю - Таццяна Лазоўская, Юлія Саўчанка, гарманіст з Горацкага раёна Ігар Міхалькоў. У свой час у Магілёўскім вучылішчы культуры вучылася і салістка ансамбля Святлана Суседчык. "Мы ўсюды падкрэсліваем, што гэта вашы салісты, вашы землякі, і мы імі ганарымся, - кажа Леанід Захлеўны.

- Нашы артысты - практычна ўсе выхадцы з вёскі. Яны прыходзяць у калектыў і прыносяць песні з той мясцовасці, дзе нарадзіліся. З малаком маці яны ўвабралі гэты дух, пах збажыны і кветак".

Гледачоў доўга не трэба было разаграваць. Амаль усе песні вядомы кожнаму з дзяцінства, бо ніводнае хатняе свята не абыходзіцца без усенародна любімых "Чаркі на пасашок", "Марусі", "Хлеб ды соль". А ад віртуозных перабораў на гармоніку Міколы Алешкі ногі самі прасіліся ў скокі. Пасля кожнай песні артыстам неслі на сцэну ахапкі кветак. І не трэба было доўга запрашаць патанцаваць пад гукі знакамітай полькі. Самыя смелыя нават падымаліся на сцэну. Ну, а падпявалі артыстам, напэўна, амаль усе ў зале.

- Я некалькі разоў слухала гэты ансамбль - мне ён вельмі падабаецца, - падзялілася эмоцыямі намеснік старшыні Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Зінаіда Пянькова. - Па-першае, яны шмат пяюць на нашай роднай мове. Па-другое, калектыў мае неверагодную здольнасць з паўабароту "заводзіць" залу. Артысты вельмі тэмпераментныя, энергічныя. Гледзячы на іх, немагчыма не прытанцоўваць. Гэты калектыў, як ніякі іншы, адлюстроўвае нашу сутнасць. Таму, напэўна, і месцаў у зале не хапае. Я сама назірала, як людзі падыходзілі і прасіліся прапусціць іх на канцэрт. Казалі, што квіткоў не хапіла, а ўбачыць вельмі хочацца.

- Білеты на канцэрт раскупілі яшчэ за тры тыдні да яго, - прызнаецца дырэктар Палаца культуры вобласці Вольга Уласава. - Нам званілі да апошняга дня, прасілі знайсці лішні квіток. Яно і не дзіўна, напрамак, у якім працуе калектыў, вельмі блізкі народу. Таму такая цікавасць і жывы водгук.

- Гэты калектыў раскрывае нашу беларускую душу, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. - Артысты падкупляюць сваёй шчырасцю і самааддачай. І асабліва прыемна, што касцяк калектыву - нашы землякі з Быхаўскага, Асіповіцкага раёнаў. Як мы можам не ганарыцца такім прыгожым суквеццем? Людзі ішлі на канцэрт з задавальненнем. І аншлагі ў Шклове, Магілёве і Бабруйску не вынік нейкіх там адміністрацыйных намаганняў, а менавіта народнай любові. Леанід Захлеўны наогул пастаянны госць на ўсіх нашых фестывалях. І, што самае прыемнае і ганаровае для нас, не перастае знаходзіць на Магілёўшчыне ўсё новыя і новыя таленты.

Не падвялі магіляўчане і з веданнем беларускай мовы. На пачатку канцэрта вядучая праграмы "Размаўляем па-беларуску" на тэлеканале "Беларусь 3" Алена Трацэнка правяла невялічкую віктарыну. З усімі трыма заданнямі запрошаныя на сцэну слухачкі справіліся на выдатна, нават не памыліліся ні разу. І трэба было бачыць, наколькі актыўна дапамагала ім зала. Абедзве каманды атрымалі ў падарунак кнігі беларускіх аўтараў на роднай мове.

Завадная музыка, шчырыя тэксты, прыгожае беларускае слова - канцэрт праляцеў як адно імгненне. Сваю любоў да народнай песні, да роднага краю гледачы дэманстравалі праз апладзіраванне стоячы.

- Акцыя для нас незвычайная, мы ўдзячны Белтэлерадыёкампаніі і грамадскай арганізацыі "Белая Русь", што абралі для гэтага нас, - прызнаваўся Леанід Захлеўны. - У нас амаль уся праграма складзена на беларускай мове, шмат песень адлюстроўвае пачуцці народа да Беларусі. Мы імкнёмся далучыць нашых слухачоў да вытокаў народных песень, каб усе разумелі, што мы значная, прыгожая, таленавітая нацыя".

Нэлі ЗІГУЛЯ.