"Плошча Перамогi": частка трэцяя, радасная

06.05.2006
"Звязда", 6 мая 2006 г.


Да Дня Перамогi Белтэлерадыёкампанiя пры падтрымцы Мiнскага гарвыканкама падрыхтавала чарговы маштабны праект "Плошча Перамогi-2006". Паводле задумкi аўтара i рэжысёра-пастаноўшчыка праекта Надзеi Гаркуновай, цяперашняя акцыя стане працягам i лагiчным завяршэннем двух папярэднiх аднайменных праектаў - "Плошча Перамогi-2004" да 60-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i "Плошча Перамогi-2005" да 60-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне. Апошняя частка трылогii прысвечана гераiчнай барацьбе беларускага народа з фашызмам i будаўнiцтву новага, мiрнага жыцця.
9 мая на Плошчы Перамогi ў Мiнску расцвiце вясновы яблыневы сад як сiмвал пачатку мiрнага жыцця i радаснага ўздыму пасляваенных гадоў. Для "вырошчвання" саду ў бетонна-асфальтавых гарадскiх умовах творчая група тэлевiзiйнiкаў выкарыстае арыгiнальныя дэкаратыўныя элементы: квiтнеючыя яблыневыя галiнкi, якiя самi свецяцца.
Сам праект пройдзе ў форме тэатралiзаванага кiнаканцэрта, аб’яднанага агульным слоганам "Наша памяць, наша кiно, нашы песнi". Пасля прагляду каля 100 кiнакарцiн пасляваеннай тэматыкi стваральнiкi праекта адабралi 30 лепшых песень. Музычны кiраўнiк праекта, дырыжор Прэзiдэнцкага аркестра Беларусi Вiктар Бабарыкiн i галоўны гукарэжысёр Валерый Грабенка пастаралiся максiмальна захаваць музычны матэрыял такiм, якiм яго памятаюць нашы бацькi i дзяды, без рэмiксаў i сучасных аранжыровак.
У канцэрце, дарэчы, возьмуць удзел не толькi Прэзiдэнцкi аркестр РБ, але таксама папулярныя беларускiя выканаўцы: Анатоль Ярмоленка, Iна Афанасьева, Палiна Смолава, Аляксандр Саладуха, Уладзiмiр Правалiнскi, вакальны гурт "Чысты голас", ансамблi "Бяседа", "Явар" i г.д.
У драматургiю пастаноўкi будуць арганiчна ўплецены сапраўдныя лiсты франтавiкоў, напiсаныя ў апошнiя днi вайны, а на вялiкiх экранах, якiя традыцыйна ўсталююць паабапал плошчы, гледачы ўбачаць урыўкi знакамiтых i любiмых савецкiх фiльмаў пасляваенных гадоў.
- Усе гады мы аддавалi i працягваем аддаваць данiну памяцi паўшым. Але сёлета хацелася б выклiкаць у гледачоў толькi станоўчыя эмоцыi, перадаць атмасферу таго няхай i цяжкага, але радаснага пасляваеннага часу. Калi ў кагосьцi на вачах з’явяцца слёзы, няхай гэта будуць слёзы радасцi. Я спадзяюся, што гэты праект стане годным завяршэннем трылогii "Плошча Перамогi", - адзначае Надзея Гаркунова.
Калi вы не зможаце асабiста трапiць на Плошчу Перамогi падчас свята, не засмучайцеся. Прамая трансляцыя праекта "Плошча Перамогi-2006" пачнецца на Першым нацыянальным тэлеканале 9 мая а 21-й гадзiне.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.