Петр Елфімаў ставіць на рок

10.02.2009
"Звязда", 10 лютага 2009 г.


А беларусы цiхай сапай удзельнiчаюць у адборах iншых краiн 
Беларускi прадстаўнiк на сёлетнiм конкурсе даўно абвясцiў, што вопыт папярэднiкаў улiчвае, але першасным лiчыць усё ж не шоу ў пастаноўцы нумара, а саму песню. I хоць яе - кампазiцыю "Еуеs, thаt nеvеr liе" - Пётр Елфiмаў мяняць не збiраецца, аднак аздабляць i дапрацоўваць будзе, i вельмi значна.
Напрыклад, 8 лютага спявак разам з невялiкай творчай групай вылецеў у Фiнляндыю для запiсу канчатковай, "вычышчанай" версii конкурснай песнi. Прычым аранжыроўкай песнi, як расказаў "Звяздзе" кiраўнiк праекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч, зоймецца знакамiты гурт "Nightwish", добра вядомы прыхiльнiкам рок-музыкi ва ўсiм свеце. Акрамя таго, у запiсе кампазiцыi возьме ўдзел сiмфанiчны аркестр! Дакладней, не цэлы аркестр, а яго струнная частка - скрыпачы, альтысты, вiяланчэлiсты.
Пасля запiсу англа- i рускамоўнай версiй песнi плануюцца здымкi клiпа i музычны штурм некалькiх краiн - прома-тур. Паводле слоў дырэктара дырэкцыi музычных i забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампанii Дзянiса Шпiтальнiкава, ужо складзены папярэднi графiк прома-туру, куды ўваходзяць Малдова, Грэцыя, Македонiя, Сербiя, верагодна таксама Украiна, Расiя, Балгарыя i Турцыя.
- Цi ўлiчвалася пры планаваннi гэтых выступленняў разбiўка краiн на "Еўрабачаннi-2009" на паўфiналы? Сярод пералiчаных краiн некаторыя не змогуць галасаваць за Беларусь 12 мая, у першым паўфiнале...
Такой "фiшкай" стала iдэя, якую прапанавалi Пётр Елфiмаў i яго прадзюсар Таццяна Касмачова - выконваць падчас прома-туру не толькi конкурсную песню i частку ўласнага рэпертуару, але рыхтаваць для кожнай краiны свой "пакет". Пётр плануе развучыць песнi, вядомыя ў кожнай з названых краiн, i выконваць iх на мове арыгiнала. Напрыклад, у Польшчы нашага выканаўцу ведаюць пасля выканання песнi Чэслава Немена "Дзiўны свет", у Фiнляндыi трэба рабiць стаўку на любоў Пятра да рок-музыкi - бо гэта краiна славутая якраз сваiмi рок-гуртамi, i г.д.

- Прома-прадукцыя, якую канкурсанты прывозяць на "Еўрабачанне", не ўплывае прама на вынiкi галасавання, але тым не менш пакiдае пэўнае ўражанне пра выканаўца. Цi вядома ўжо, якую прадукцыю павязе ў Маскву Елфiмаў?
- Пакуль што не, бо ёсць вельмi многа прапаноў i распрацовак. Прыкладна праз тыдзень будзем бачыць узоры гэтай прадукцыi i выбiраць. Прычым будзем улiчваць усе акалiчнасцi - напрыклад, калi гаворка iдзе пра алкагольныя вырабы, ёсць пэўныя мытныя правiлы, якiя трэба выконваць...

- Усё ж, што канкрэтна прапаноўваюць беларускiя вытворцы?
- (Смяецца.) Паверце, не нiжнюю бялiзну - з ёй Пётр сябе не асацыюе.

Раней прадзюсар выканаўцы Таццяна Касмачова таксама катэгарычна выказвалася супраць шакаладных вырабаў, i прапаноўвала звярнуць увагу на штосьцi "больш мужнае" - напрыклад, беларускае пiва.

Дарэчы

На "Еўрабачаннi-2008" у прома-пакет Руслана Аляхно ўваходзiлi бабруйскi зефiр, мiнскiя цукеркi i алкаголь, сувенiрныя далонькi - араматызатары для аўтамабiляў. I, акрамя таго, злашчасная нiжняя бялiзна, за якую потым выканаўцу не раз упiкнулi языкатыя крытыкi.
Дзiма Калдун запомнiўся на "Еўрабачаннi-2007" не толькi вiдовiшчным нумарам i моцным вакалам, але таксама сувенiрным алкагольным наборам з уласным партрэтам, i салодкiм дадаткам - двух'ярусным наборам цукерак "Куфэрак Калдуна" вытворчасцi "Камунаркi".
Традыцыйная частка прома-прадукцыi практычна ўсiх канкурсантаў - дыскi з песнямi, паштоўкi, календары, мiнiяцюрныя сцяжкi, майкi i/цi кепкi з партрэтамi выканаўцаў. Але, як паказвае практыка, здзiвiць публiку можна чым захочаш, была б фантазiя i сродкi на яе ажыццяўленне. Напрыклад, адным з лепшых памятных сувенiраў летась прыхiльнiкi конкурсу "Еўрабачанне" назвалi фiрмовыя духi ад Дыяны Гурцкая, сярод лiдараў глядацкiх сiмпатый таксама лялькi - копii Анi Лорак у сукенках ад Кавалi, люстэркавы запрашальнiк на вечарынку, выраблены Расiяй у 2006 годзе, i дэкаратыўныя падушкi з выявай Дзiмы Бiлана.

Тым часам

На "Еўрабачаннi-2009" беларускiх канкурсантаў можа аказацца некалькi - праўда, ад розных краiн. Так, гурт "Dаli" з песняй "Еvеrуdау"спрабуе свае сiлы ў адборы Польшчы - i на дадзены момант беларусы ў лiку 10 канкурсантаў прайшлi ў фiнал, а паводле iнтэрнэт-галасавання ўвогуле трымаюцца на першым месцы. Цi ўсмiхнецца гурту ўдача насамрэч, стане вядома 14 лютага - на гэты дзень прызначана трансляцыя польскага фiналу i выбар пераможцы (галасуюць сумесна гледачы i журы).
Паводле папярэдняй iнфармацыi, вырашыла зноў штурмаваць расiйскi адбор спявачка Палiна Смолава - але афiцыйна гэта пакуль што не пацвярджаецца i не абвяргаецца.
Дакладна адной з самых прадстаўнiчых заявак на сёлетнiм "Еўрабачаннi" можна назваць французскую. Гэту краiну на конкурсе прадставiць знакамiтая "мадмуазэль блюз" Патрысiя Каас. Сярод iншых вядомых iмёнаў - Сакiс Рувас, якi ў другi раз будзе абараняць у музычным спаборнiцтве гонар Грэцыi.
Са сваiмi прадстаўнiкамi ўжо вызначылiся таксама Азербайджан, Турцыя, Данiя, Румынiя, Фiнляндыя, Вялiкабрытанiя, Андора, Чэхiя, Венгрыя, Славенiя, Албанiя, Боснiя i Герцагавiна, Iзраiль, Нiдэрланды, Чарнагорыя i Швейцарыя.
Сам конкурс, нагадаем, пройдзе ў Маскве 12-14-16 мая. Паводле папярэдняй жараб'ёўкi, Беларусь трапiла ў першы паўфiнал разам з Боснiяй, Швецыяй, Iзраiлем, Бельгiяй, Андорай, Чэхiяй, Чарнагорыяй, Iсландыяй, Грузiяй, Балгарыяй, Партугалiяй, Швейцарыяй, Македонiяй, Фiнляндыяй, Турцыяй, Румынiяй, Мальтай i Арменiяй. Транслiраваць першы паўфiнал i галасаваць у iм будуць Вялiкабрытанiя, Германiя i Iспанiя.
У другiм паўфiнале апынулiся Славенiя, Данiя, Азербайджан, Лiтва, Польшча, Харватыя, Эстонiя, Нiдэрланды, Венгрыя, Сербiя, Малдова, Кiпр, Iрландыя, Грэцыя, Нарвегiя, Славакiя, Украiна, Албанiя i Латвiя, якая ўсё ж падала заяўку на конкурс. Трансляваць i галасаваць у гэтым паўфiнале будуць Расiя i Францыя.
Але ўсё гэта наперадзе, пакуль што да 54-га тэлевiзiйнага конкурсу песнi "Еўрабачанне" засталося яшчэ больш як 3 месяцы, i напэўна не адзiн дзясятак iнтрыг, прагнозаў, скандалаў i падрабязнасцяў...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.