"Песню для Еўрабачання" спяюць 20 чалавек

27.03.2008
"Звязда", 27 сакавіка 2008 г.


Менавiта столькi, паводле правiлаў адборачнага этапу, прайшлi ў паўфiнал Рэспублiканскага дзiцячага конкурсу. Імёны шчаслiўчыкаў, адабраных з 84 прэтэндэнтаў, сталi вядомыя напрыканцы мiнулага тыдня, а днямі паўфiналiсты сустрэлiся з членамi прафесiйнага журы для праслухоўвання i кансультацый. На тое, каб выправiць пэўныя хiбы i наблiзiць песню да iдэалу, канкурсантам адведзена амаль 2 месяцы.
Паўфiнал конкурсу адбудзецца напрыканцы мая ў эфiры Першага канала - у фармаце канцэрта, па вынiках якога журы вызначыць 10 фiналiстаў. А ўжо фiнал, нагадаем, прызначаны на верасень гэтага года - i пераможцу тады вызначаць сумесна журы i тэлегледачы.
Старшыня прафесiйнага журы, народны артыст Беларусi Васiль Раiнчык адзначыў прыемную тэндэнцыю - сёлета на рэспублiканскi конкурс "Песня для Еўрабачання" пададзена ўдвая больш заявак, чым у 2007 годзе. Але да наступнага этапу ўсё адно дапушчаны толькi 2 дзесяткi юных выканаўцаў (усiм iм на момант падвядзення вынiкаў адборачнага этапу павiнна быць не менш як 10 гадоў, а на момант правядзення мiжнароднага конкурсу - не больш як 15). Цалкам спiс у алфавiтным парадку выглядае так:

1. Валазнёў Раман, г. Мiнск - "Матуленька".
2. Ганчарова Кацярына, Карчэўскi Дзмiтрый, г.п. Бераставiца, Гродзенская вобл. - "А там, за горизонтом".
3. Громава Дыяна, г. Гомель - "Та-ру-рам".
4. Гузiно Дыяна, г. Гродна - "Numbеr Оnе".
5. Дубоўская Марыя, г. Мiнск - "Ромашки".
6. Дутчык Палiна, Сасуноў Мiхаiл, г. Брэст - "Одноклассница".
7. Ермакоў Кiрыл, г. Мiнск - "Я пою для вас".
8. Ермузевiч Дзмiтрый, г. Гомель - "Все мы дети земли".
9. Журовiч Мiкiта, г.п. Лельчыцы, Гомельская вобл. - "Мечтать".
10. Конарава Алiна, г. Вiцебск - "Волшебные сны".
11. Кузняцова Серафiма, г. Вiцебск - "Не унывай!".
12. Кулагiна Iрына, г. Лепель, Вiцебская вобл. - "Купальская".
13. Лемяшэўская Марыя, г. Кобрын, Брэсцкая вобл. - "SMS MMS".
14. Мяжэнная Кацярына, г. Мiнск - "Пины-коды".
15. Мiхайлава Дар'я, г. Вiцебск - "Ода джазу".
16. Машчэнка Алiна, г. Магiлёў - "Время".
17. Надзiна Дар'я, Жуковiч Карына, Молаш Алiна, г. Мiнск; г. Баранавiчы i г. Iвацэвiчы, Брэсцкая вобл. - "Сердце Беларуси".
18. Сарока Дар'я, г. Мiнск - "Со-Да-Супер Стар".
19. Стэльмах Аляксандра, г. Гродна - "Молодое RNB'".
20. Шульгiна Дар'я, г. Гродна - "Танцуем-танцуем".

Амаль палова сёлетнiх паўфiналiстаў спрабуе свае сiлы ў нацыянальным адборы не першы раз. Зрэшты, i леташняму пераможцу - як рэспублiканскага, так i мiжнароднага дзiцячага конкурсу "Еўрабачанне-2007" Аляксею Жыгалковiчу - фартуна ўсмiхнулася не з першага разу. Так што пажадаем удачы ўсiм без выключэння, а пераможа няхай, як заведзена, наймацнейшы.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.