Песня ў спадчыну

14.11.2014
"Звязда", 14 лістапада 2014 г.

 
Разам з творчай камандай праекта "Наперад у мінулае" тэлеканала "Беларусь 3" мы пабывалі ў новых вандроўках у пошуках народнай песні ў беларускіх гарадах і вёсках. Кожная сустрэча на такім шляху ўзмацняе спадзяванні, што нас чакаюць новыя адкрыцці - і не толькі прыгожых галасоў і жыццёвых гісторый у песнях, але і людзей. Так і адбылося, калі мы завіталі ў горад Крупкі, каб паслухаць узорны дзіцячы фальклорны калектыў "Крупчаняты".
...Заўважыўшы выстаўку народных строяў, зацікавілася, чыімі ж рукамі створана гэтая прыгажосць. І пакуль па традыцыі ўсе рыхтуюцца да сустрэчы з песняй, правяла невялікае даследаванне. Аказваецца, так свае таленты дэманструюць работнікі раённага Дома рамёстваў, які ў Крупках існуе ўжо больш за дзесяць гадоў. Паколькі калектыў у большасці жаночы, то займаюцца яны ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з саломы. А вось Яніна Мікульчык з'яўляецца прыкладам таго, што любоў да ткацтва можна ператварыць у добрую традыцыю ў сям'і.
- У мяне бабуля і мама ткалі. Маці наогул працавала за станком да апошніх дзён. І мне любоў да гэтае справы перадалася. Я пачала займацца ткацтвам класа з чацвёртага. Спачатку стаяла за спінай у мамы, каб спасцігнуць майстэрства, а потым паціху і сама навучылася,?- расказвае Яніна Паўлаўна.?- Мая бабуля пражыла больш за 100 гадоў і нават тады працавала за станком, у грыбы магла пайсці і песні спявала. Яна прала і спявала, а ў нас жылі практыканты з бібліятэкі, дык яны заўсёды вельмі ўважліва слухалі яе. З мамай маглі вышываць адзін абрус на дваіх, нібы спаборнічалі паміж сабой.
Мае жанчына і свае ўзнагароды, сярод якіх адзнака на абласным фестывалі "Матчыны кросны" ў Старых Дарогах, на конкурсе "Беларускі пояс", што летам праходзіў ва Уздзе,?- за крэатыўнасць у народных традыцыях, бо гэта была спроба саткаць пояс на кроснах.
Сведка сямейнай любові да ткацтва не толькі сама Яніна Мікульчык, а яшчэ і ткацкі станок, які яе маці перадала ў гісторыка-краязнаўчы музей, а потым яго аддалі ў дом рамёстваў. Сёння ён мадэрнізаваны: можа служыць і наглядным дапаможнікам на выставах, бо разбіраецца і збіраецца, што зручна пры перавозцы.
- Пры доме рамёстваў у нас працуе клуб народных майстроў "Таленты Крупшчыны", куды ўваходзіць 28 майстроў, 6 з якіх - з Саюза майстроў Беларусі. Там прадстаўлены таксама розныя напрамкі творчасці - вышыўка, ірландскія карункі, разьба па дрэве. Вось вы бачыце экспазіцыю адрэстаўраваных касцюмаў, прадметы побыту ў натуральным асяродку,?- адгукаецца на маю цікаўнасць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крупскага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Мельнік.
Рэканструкцыяй народных строяў тут займаліся ў 2009-2010 гадах па тэхніцы і тэхналогіі, якая была ўласціва гэтай мясцовасці ў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Тут усё адпаведна часу і тканіны, і пашыў, і ўзоры - як было ў нашых продкаў. Яшчэ вас могуць навучыць рабіць неверагодных лялек, карціны са скуры альбо з воўны.
Прыцягваюць увагу і вянкі, якія тут прадстаўлены. Яны таксама рэканструяваны па ўспамінах, аповедах, фотаздымках свайго часу. Гэта галаўныя ўборы, якія дзяўчаты рабілі сабе на вяселле. Цяпер у калекцыі восем вянкоў. Лічылася, чым больш разнастайны па аздабленні вянок, тым багацейшая дзяўчына. Асобна вылучаецца адзін - ён чыста белы. Такія рабілі дзяўчаты-сіроты. Рыхтавалі перад вяселлем не толькі вянкі, але і прыданае: вышывалі ручнікі, пасцельную бялізну і многае іншае.
Дарэчы, на вяселле сёння звычайна замаўляюць торт, аднак быў час, калі падавалі кашу. А яшчэ ў Крупках захавалася адна цікавая традыцыя таксама звязаная з гэтай стравай. Бабіну кашу варыла спавівальная бабка, а пасля хрышчэння дзіцяці госці збіраліся дзяліць яе і адорваць малое. Каб весялей было, часам страву выкупляў хросны бацька, а грошы пераходзілі да хрэсніка...
Школьнікі па-рознаму ставяцца да народнай творчасці: адны прыходзяць паглядзець, іншыя спрабуюць і самі пераняць майстэрства. Напрыклад, унук Яніны Паўлаўны часта звяртаецца да яе з пытаннем, як зрабіць нешта. Акрамя таго, ён займаецца бісерапляценнем. Бабуля плануе, што калі ўнук падрасце (хлопчык вучыцца ў другім класе), яна навучыць яго ткаць пояс...
Вось чуецца дзіцячы гоман - значыць, юныя артысты ўжо гатовы паказаць сябе. Большасць тут таксама дзяўчаткі, але ёсць і некалькі хлопцаў. Спяваюць пераважна акапэльна, толькі ў некаторых песнях выкарыстоўваючы музычнае суправаджэнне. Калі зазірнуць у гісторыю ўзнікнення калектыву "Крупчаняты", то зноў будзе чакаць прыемнае адкрыццё: стварыла яго ў свой час бабуля цяперашняй салісткі Дар'і Сманцар.
- Я спяваю з чатырох гадоў, і любоў да музыкі ў мяне ад бабулі. Яна імкнулася пакінуць нешта пасля сябе. Заснавала не толькі наш калектыў, а яшчэ і ансамбль народнай песні "Крупчанка". Я ўдзельнічаю ў абодвух,?- расказала пасля выступлення дзяўчына.?- Нават калі дома нешта раблю, то таксама спяваю, і паступаць хачу ва Універсітэт культуры на народнае аддзяленне. І, ведаеце, мой талісман на сцэне - гэта бабуліна блаславенне.
Гэта ўжо другі склад дзіцячага калектыву, бо першыя ўдзельнікі ўжо выраслі, а другіх набрала цяперашняя кіраўніца Ганна Клімковіч. Яна займаецца і падборам песень для рэпертуару, некаторыя дапрацоўваючы, а іншыя перарабляючы. А як заўважыла салістка Дар'я, спяваюць "Крупчаняты" не толькі старажытныя песні, але і больш сучасныя. Аснова ўсё ж такі складаецца з традыцыйнай творчасці, у чым можна было пераканацца, паслухаўшы песні пра Каляду, пра жніво, пра гасціннасць і долю жаночую.

..."А я, маладзенькая, не спала,
Госцейкаў чакала звечара.
Дарагія госцейкі вы мае,
Захадзіце ў госці да мяне.
Буду я вячэрачку гатаваць,
Сваіх госцейкаў частаваць.
Сваіх госцейкаў частаваць,
Шчэй дабра і здаровейка жадаць.
А я, маладзенькая, не спала,
Госцейкаў чакала звечара".

Не толькі прыгожыя песні "Крупчаняты" спяваюць, але і на выступленні ездзяць на раённыя і рэспубіканскія святы. Нядаўна на абласным фестывалі "Напевы зямлі" яны ўзялі другое месца. Падумалі і пра наступную змену - гэта малодшая група "Крупчанят", дзеці з якой цяпер вучацца ў чацвёртым класе. Любяць юныя таленты і спяваць для сваіх, калі, напрыклад, калядуюць: прыбіраюцца ў касцюмы, хто казой, хто цыганкай, зайцам - і ходзяць па хатах віншаваць людзей са святам.

Сімвалічнай здалася адна з іх песень:

"А мы грушу пасадзілі,
А я, маладзенька, топ, топ, топ.
А ўжо груша прынялася,
А я, маладзенька, топ, топ, топ.
А ўжо груша зелянее,
А я, маладзенька, топ, топ, топ.
А ўжо груша зацвітае,
А я, маладзенька, топ, топ, топ.
А ўжо грушу пара трэсці,
А я, маладзенька, топ-топ-топ".

Яна хоць і народная, але ў выкананні "Крупчанят" адлюстроўвае жыццё і час у сваім развіцці: змяняюцца поры года, пакаленні, прыхільнасці... Але песня застаецца нязменна вечным спадарожнікам чалавека.

Алена ДРАПКО.