Песня для Еўрабачання

11.01.2008
"Звязда", 11 студзеня 2008 г.


9 студзеня стартаваў прыём заявак на ўдзел у рэспублiканскiм дзiцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання". Ён адначасова з’яўляецца нацыянальным адборачным этапам мiжнароднага дзiцячага конкурсу "Еўрабачанне-2008".
Да ўдзелу дапускаюцца канкурсанты, якiм на дату правядзення конкурсу споўнiлася не менш як 10 i не больш як 15 гадоў. Аўтарамi песнi гэтаксама павiнны з’яўляцца дзецi.
Дарэчы, сёлета ў палажэннi конкурсу асобна ўказана, што ў мiжнародным конкурсе бярэ ўдзел не толькi той самы выканаўца i тая самая песня, якiя перамаглi на рэспублiканскiм адборы, але таксама i тая група падтанцоўкi, якая выступала на адборы. Разам з тым юным артыстам не забараняецца паралельна з конкурсам запiсваць прафесiйныя кампакт-дыскi i заключаць кантракты з гуказапiсвальнымi кампанiямi, але пры ўмове, што гэта не паўплывае на перадачу аўтарскiх i iншых правоў арганiзатарам конкурсу. Больш падрабязна з правiламi можна пазнаёмiцца на афiцыйным сайце Белтэлерадыёкампанii www.tvr.by. Заяўкi i ўсе неабходныя дакументы ад верагодных удзельнiкаў прымаюцца да 29 лютага 2008 года на адрас: 220807, г. Мiнск, вул. Макаёнка, 9 - з паметкай "На конкурс "Песня для Еўрабачання".
Сам конкурс, як паведамляе прэс-служба БТРК, будзе складацца з трох этапаў: адборачнага туру, паўфiналу i фiналу. Вынiкi першага туру падводзяцца ў тэрмiн з 1 па 10 сакавiка 2008 года, з лiку дасланых заявак журы адбiрае 20 песень. Менавiта яны ў маi 2008 года бяруць удзел у паўфiнале рэспублiканскага конкурсу, адкуль 10 лiдараў трапяць у фiнал. Фiнал прызначаны на верасень.
Чарговае песеннае спаборнiцтва сярод юных артыстаў пройдзе на Кiпры. Для Беларусi ўдзел у мiжнародным дзiцячым конкурсе "Еўрабачанне" будзе пятым па лiку, прычым на рахунку нашых канкурсантаў ужо ёсць дзве перамогi. Нагадаем, гэтаксама наша краiна падала ў Еўрапейскi вяшчальны саюз заяўку на правядзенне конкурсу 2009 года.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.