Песні, шоу і крыху шанцавання

24.05.2012
"Звязда", 24 мая 2012 г.


Сёння ў Баку адбудзецца другі паўфінал міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2012", дзе прадстаўнікі Беларусі (гурт Lіtesound) выйдуць на сцэну пад нумарам 5.
Па выніках першага конкурснага дня, нагадаем, у фінал трапілі 10 краін з 18 - Албанія, Венгрыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Грэцыя, Кіпр, Малдова, Расія і Румынія. Дарэчы, на гэтым этапе выбыў з далейшай барацьбы швейцарскі гурт Sіnplus, які многія назіральнікі параўноўваюць з беларускімі ўдзельнікамі - той жа стыль поп-рок, той жа імідж "добрых дрэнных хлопцаў", прыблізна тая ж аўдыторыя і нават у складзе - таксама два браты, Айван і Габрыэль. З аднаго боку, гэта дадатковая нагода для хвалявання салістам Lіtesound Дзмітрыю і Уладзіміру Каракіным, з другога ж - іх песні "Мы - героі" букмекеры і акрэдытаваная прэса прагназуюць больш удалы лёс: прыкладна 8-е месца ў паўфінале і, адпаведна, выхад у фінал "Еўрабачання-2012". Месцы ў запаветнай дзясятцы лідараў таксама прадракаюць фаварытцы сёлетняга конкурсу спявачцы Лорын са Швецыі, загартаванаму байцу з Сербіі Жэлька Ёксімавічу, прадстаўніцы Украіны Гайтане, а таксама ўдзельнікам з Турцыі, Нарвегіі, Мальты (наконт астатніх у букмекераў, прэсы і фанаў конкурсу - істотныя рознагалоссі).
Між іншым, самі беларускія ўдзельнікі, якія сачылі за першым паўфіналам з пазіцыі звычайных гледачоў, досыць удала прадказалі яго вынікі. "Думаю, што Еўропа прагаласуе за Расію - і нават магчыма, што "Еўрабачанне-2013" пройдзе ў Расіі", - дзяліўся думкай Дзмітрый Каракін, а Уладзімір дадаў: "У фінал, думаю, трапяць Грэцыя, Ірландыя, Данія і Кіпр. У іх самыя моцныя выступленні сярод удзельнікаў, да таго ж, паводле статыстыкі, гэтыя краіны выходзяць пастаянна. Хоць і не варта забывацца, што "Еўрабачанне - гэта фартуна, і тут многае залежыць ад шанцавання".
Ці пашанцуе самім прадстаўнікам Беларусі - даведаемся ўжо сёння ўвечары. Беларускае тэлебачанне пачне прамую трансляцыю конкурсу а 22-й гадзіне. Каментаваць падзеі на сцэне і ў грын-рум будуць спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавін Дзяніс Кур'ян і кіраўнік праекта "ЕўраФэст", народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. А гледачам, якія хочуць прагаласаваць (прафесійнае журы зрабіла гэта крыху раней, падчас генеральнай рэпетыцыі), варта запомніць або запісаць нумар тэлефона 8 810 101 03 ХХ, дзе ХХ - нумар упадабанага выканаўцы. СМС-галасаванне прымаецца на кароткі нумар 9009 (улічваюцца не больш 20 СМС-паведамленняў ад аднаго абанента). Нагадваем, па правілах "Еўрабачання", галасаваць за свайго ўдзельніка нельга, а за іншых - найлепшых, на ваш погляд, - на здароўе!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.