Песні ў падарунак

31.05.2008
"Звязда", 31 мая 2008 г.


Іх прывезлi выхаванцам сталiчнай школы-iнтэрната №3 удзельнiкi тэлевiзiйнага музычна-забаўляльнага праекта "Наша пяцёрачка". Перш чым адправiць праграму на канiкулы, яе стваральнiкi наладзiлi дабрачынны канцэрт для дзяцей-сiрот i дзяцей, што засталiся без апекi бацькоў. Узначальвалi дабрачынны дэсант зоркi дзiцячага "Еўрабачання", вядучыя праекта Ксенiя Сiтнiк i Андрэй Кунец.
Не змог скласцi iм кампанiю толькi трэцi сувядучы, Лёша Жыгалковiч, якi знаходзiўся на той час у Бялградзе, падтрымлiваючы Руслана Аляхно. Затое выступiлi лепшыя ўдзельнiкi i пераможцы хiт-параду дзiцячых клiпаў - Кiрыл Ермакоў, Даша Надзiна, Аня Зайцава, Рома Валазнёў, Насця Асмалоўская...
Невытлумачальна, але ў дзень правядзення канцэрта ва ўсiм будынку школы-iнтэрната знiкла электрычнасць, i мерапрыемства аказалася пад пагрозай зрыву. Але арганiзатары вырашылi, што гэта не падстава для пераносу i тым больш адмены акцыi, якой дзецi так чакалi, i з Белтэлерадыёкампанii спецыяльна прывезлi перасоўную электрастанцыю. Таму канцэрт, хоць i са спазненнем, усё ж адбыўся. Канцэрт "Дзецi - дзецям" быў прысвечаны адразу дзвюм датам, аднолькава важным для дзяцей - пачатку летнiх канiкулаў i Дню абароны дзяцей. Якраз 1 чэрвеня, дарэчы, у эфiры "Нашай пяцёрачкi" на канале "ЛАД" з'явiцца рэпартаж з гэтай акцыi. А сама праграма ўжо ў лiпенi таксама пойдзе на канiкулы да восенi.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.