Песенныя гонкi пачалiся

14.05.2008
"Звязда", 14 мая 2008 г.


Дэлегацыя Белтэлерадыёкампанii накiравалася ў Бялград, дзе з 20 па 24 мая пройдзе мiжнародны конкурс песнi "Еўрабачанне-2008".
Учора ў сербскай сталiцы адбылася першая рэпетыцыя прадстаўнiка Беларусi Руслана Аляхно з песняй "Наsta la Vista". Таксама апрабавалі сцэну прадстаўнiкi Iсландыi, Швецыi, Турцыi, Украiны, Лiтвы, Албанii, Швейцарыi i Чэхii. Пасля рэпетыцыi кожны з артыстаў дае 30-хвiлiнную прэс-канферэнцыю для СМI, акрэдытаваных на конкурсе. Другая прэс-канферэнцыя, на 10 хвiлiн карацейшая, прадугледжана пасля другой рэпетыцыi - у Руслана Аляхно яна запланаваная 17 мая.
Увогуле "Еўратыдзень" - актыўная падрыхтоўка ўдзельнiкаў да конкурсу - пачаўся з гэтай нядзелi, а ўжо ўвечары 18 мая адбудзецца афiцыйная вечарынка адкрыцця конкурсу. Сёлета ён, нагадаем, самы маштабны - за перамогу будуць змагацца прадстаўнiкi 43 краiн, з iх, напрыклад, Азербайджан i Сан-Марына ўдзельнiчаюць у "Еўрабачаннi" ўпершыню. Беларускi выканаўца выступiць пад нумарам 9 у другiм паўфiнале, 22 мая. Яго, а таксама першы паўфiнал i фiнал конкурсу, незалежна ад вынiкаў гэтага выступлення, пакажа Першы канал. Дарэчы, беларусы адны з нямногiх убачаць абодва паўфiналы, бо "цана пытання" - кошт трансляцыi - аказалася прымальнай. Праўда, галасаваць мы зможам толькi за выканаўцаў з таго паўфiналу, у якiм выступае Руслан Аляхно.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.