Першыя прыгажунi на Першым

30.09.2006
"Звязда", 30 верасня 2006 г.


Не спаць, не спаць, не спаць! Гэтая ўстаноўка будзе працаваць сёння не толькi для родных i сяброў "Мiс Беларусь-2006" Кацi Лiтвiнавай, але i для ўсiх аматараў жаночай прыгажосцi. За паўгадзiны да поўначы ў прамым эфiры Першага стартуе адно з самых вiдовiшчных шоу - фiнал 56-га конкурсу "Мiс свету-2006".
29 верасня быў паказаны падрыхтаваны беларускiмi тэлевiзiйнiкамi 26-хвiлiнны фiльм "Мiс cвету-2006. За дзень да фiналу", якi крыху прыадчынiў таямнiцы падрыхтоўкi канкурсантак. Сёння ж 23-гадовая магiляўчанка Кацярына Лiтвiнава ў лiку 104 прыгажунь з розных краiн свету будзе змагацца за тытул першай дзяўчыны планеты. Трансляцыю з Варшавы ў студыi будзе каментаваць вядучы Яўген Юранаў. Ну, а мы - натуральна, будзем "хварэць" ля тэлеэкранаў цi манiтораў камп’ютараў (уладальнiкi апошнiх могуць галасаваць у Iнтэрнэце на афiцыйным сайце конкурсу за нашу канкурсантку). "Я асабiста вельмi спадзяюся i ўпэўнены, што мяне падтрымае большасць беларускiх мужчын, што наша Каця трапiць у лiк самых прыгожых дзяўчат i дойдзе да фiналу", - адзначыў намеснiк генеральнага прадзюсара Першага канала Аляксандр Капёнкiн. Ён запэўнiў, што 2-гадзiннае шоу "Мiс свету-2006" беларусы ўбачаць у поўным аб’ёме.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.