Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачынае новы сезон!

31.08.2011
"Звязда", 31 августа 2011 г.


1 верасня 2011 года на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё стартуе новы вяшчальны сезон 2011 - 2012 гг. Сваіх слухачоў чакаюць больш як 100 арыгінальных радыёперадач рознай тэматыкі і жанраў.
Галоўныя асаблівасці сезона - пашырэнне інфармацыйна-аналітычнага вяшчання, павелічэнне хронаметражу і перыядычнасці выхаду шэрагу тэматычных перадач.
Штодня па буднях у 9:30 будзе выходзіць новая інфармацыйна-аналітычная праграма па актуальных сацыяльна-эканамічных пытаннях "Дзелавы радыёпартал". Дыскусійная перадача "Давайце абмяркуем" з'явіцца ў суботнім эфіры ў 16:15. Праграма па лістах радыёслухачоў "Звычайныя гісторыі" будзе распавядаць аб цікавых лёсах і жыццёвых перыпетыях па суботах у 13:30.
Сярод новых праектаў таксама - публіцыстычная праграма аб заслужаных людзях краіны "Героі нашага часу" (нядзеля, 10:00), інфармацыйна-пазнавальная юрыдычная перадача "Права - веды" (чацвер, 16:15), навукова-папулярная праграма "Нязведаныя гарызонты" (серада, 22:30), перадача аб творчых праектах, аўтарах і вядучых тэлеканалаў і радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Па-за эфірам" (субота, 8:15), праграма аб развіцці беларускага кінематографа "Кінаклуб" (нядзеля, 6:45), музычная перадача аб беларускіх народных інструментах "Іграй, душа!" (субота, 6:25) і іншыя.
У 9:00 па выхадных будзе выходзіць "Сямейная зарадка" - гульнявая перадача для ўсёй сям'і, якая ў вясёлай форме дапаможа настроіцца на актыўны і карысны адпачынак. У стварэнні праграмы змогуць узяць удзел усе ахвотныя. Для гэтага трэба будзе даслаць свае варыянты сямейных размінак, якія пасля адбору інструктарамі, магчыма, прагучаць у эфіры.
Праграмы, якія мелі высокі рэйтынг і шырокую аўдыторыю слухачоў у мінулым сезоне, захаваюцца. У перадачах "Акцэнты", "Актуальны мікрафон", "Падзеі дня", "Пазіцыя", "Улада народа", "Палітычны вектар", "Беларусь - Расія", "Раніца з Беларускім радыё", "Здароўе", "Беларускі альбом", "Дачны сезон", "Роднае слова", "Клас і К", "Рэтра", "Сустрэчы з песняй" і іншых абноўлены склад творчых груп, зменены хронаметраж і месца ў сетцы вяшчання.
Драматургічны праект "Тэатр Беларускага радыё" пашыраны за кошт увядзення дадатковага выпуску ў нядзелю (21:00-22:00). У сезоне 2011 - 2012 гг. работа па стварэнні новых арыгінальных радыёпастановак у праекце будзе працягнута.
Асаблівая ўвага нададзена музычнаму вяшчанню. З верасня радыёслухачоў чакаюць новыя тэматычныя музычныя лінейкі (9:10-9:30, 16:30-17:00, 21:30-22:00). Музычная палітыка канала па-ранейшаму будзе грунтавацца на папулярызацыі творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў.
Як сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання аўдыторыі слухачоў Беларусі, праведзенага прыватным унітарным прадпрыемствам "ГЕЎС" у першым паўгоддзі 2011 года, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё займае лідзіруючыя пазіцыі сярод беларускіх радыёстанцый. Доля канала ў краіне складае 32,1 %, у г. Мінску - 25,4 %.
Слухайце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё па правадной сетцы, у рэжыме рэальнага часу на www.tvr.bу і ў FM па ўсёй краіне на 106,2 - у Мінску, 105,9 - у Магілёве, 105,1 - у Гомелі, 103,0 - у Гродне, 100,5 - у Віцебску, 100,0 - у Брэсце.